Меню

За аб’яднанне інтарэсаў і дзелавую абстаноўку

Пост опубликован: 19.09.2026

Тады, у 1996-м, мы з вялікай журналісцкай цікаўнасцю распытвалі дэлегатаў ад Нясвіжчыны пра Усебеларускі народны сход, пра іх уражанні ад вялікага форуму, ад прапаноў Прэзідэнта, якія ён вынес на суд усяго народа. Нашы землякі з задавальненнем дзяліліся тым, што пачулі, убачылі, якія думкі і меркаванні нарадзіліся ў кожнага.

На жаль, некаторых з удзельнікаў I Усебеларускага народнага сходу ўжо няма сярод нас. Але ў гісторыі раёна засталіся іх думкі, пажаданні, ініцыятывы. Сёння мы звернемся да раённай газеты за 1996 год і пачытаем іх меркаванні. Адразу заўважу: нашы людзі вельмі перажывалі з-за процістаяння паміж Вярхоўным Саветам і прэзідэнцкай уладай, адмоўна ацэньвалі той факт, што кіраўніцтва дэпутацкага корпусу “ставіць палкі ў колы” дзейнасці Прэзідэнта, мудра раілі спікерам утаймаваць свае амбіцыі дзеля міру і спакою, дзеля агульнай мэты — вывесці Беларусь з крызісу, заклікалі да дыялогу.

Давайце звернемся да першакрыніц 1996 года.

Георгій ХАЛЕЦКІ , удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

“Суверэнітэт выклікаў пытанне аб уладзе. Канстытуцыя 1994 года аб’явіла Рэспубліку Беларусь прэзідэнцкай, і народ Беларусі ўспрыняў гэта з разуменнем і падтрымкай. Аб гэтым яскрава засведчылі выбары Прэзідэнта. Народ выбраў А.Р. Лукашэнку, як прадстаўніка свайго працоўнага асяроддзя, карэннага жыхара Беларусі. 80 працэнтаў выбаршчыкаў яго падтрымалі. Адкрытасць, шчырасць, энергічнасць, жаданне пераадолець разруху — вось характэрныя рысы першага ў Беларусі Прэзідэнта. Здавалася б, што яшчэ трэба? Набярэмся цярплівасці, вытрымкі, зробім працоўныя намаганні ў адным накірунку ды ўсёй славянскай талакой вырашым усе свае праблемы і цяжкасці. Але знайшліся дзеячы розных колераў і адценняў, якія не могуць супакоіцца. Маўляў, як гэта так: каб дырэктар саўгаса ды стаў прэзідэнтам, а мы, гэткія вучоныя, ды не прайшлі. Амбіцыі, амбіцыі, амбіцыі…

Але ж народная дэмакратыя грунтуецца на меркаваннях большасці грамадзян дзяржавы. Трэба толькі добра папрацаваць — і забяспечым сабе дабрабыт”.

Галіна ПАРХОМЧЫК, намеснік старшыні райвыканкама:

“Слухала я Кіраўніка дзяржавы, і цяжка было знайсці словы, сказ ці абзац, з якім нельга не згадзіцца. Мне, як кіраўніку раённага звяна, было цікава яшчэ раз пачуць ад Прэзідэнта, што чакае народную адукацыю і культуру, ахову здароўя ў бліжэйшы час, на што разлічваць пенсіянерам і маладым сем’ям. І хачу адзначыць: калі нам удасца выканаць намечанае, жыццё стане намнога лягчэй, цікавей і змястоўней. Аднак выйсці на больш высокі ўзровень жыцця мы зможам толькі дзякуючы зладжанай і добрасумленнай працы кожнага з нас. Разлічваць на чыю-небудзь знешнюю дапамогу проста несур’ёзна.

Для творчай і эфектыўнай работы неабходна, у першую чаргу, спакойная, дзелавая абстаноўка ўнутры краіны, а таксама дысцыпліна і парадак усюды і ва ўсім”.

Аляксандр АШЫХМІН, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК:

“Хацелася б пачуць на сходзе важкае слова і ад старшыні Вярхоўнага Савета С. Шарэцкага, але ён чамусьці праігнараваў прысутнасць амаль 5000 чалавек. Тым самым, лічу, зрабіў сабе горш, бо ачкі яго, вобразна кажучы, зменшыліся.

На сходзе я чакаў дзелавога выступлення нашага лідара, старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі У. Ганчарыка. Ён галасаваў супраць рэзалюцыі сходу, але прамаўчаў.

… У цэлым сёння цяжка прагназаваць сітуацыю. Пры ўсім пры тым у мяне жыве пробліск надзеі на лепшую будучыню. Галоўнае — каб знікла канфрантацыя, а ўсталявалася згода, аб’яднанне інтарэсаў па вываду краіны з цяжкага становішча і мірным вырашэнні ўсіх праблем. Вось чаго мы чакаем ад улады”.

Іван КУЗЬМІЧ, старшыня калектыўна-долевага прадпрыемства “Беларусь”:

“Першы Усебеларускі народны сход пакінуў незабыўнае ўражанне. Ён паказаў, што ёсць у нас усе ўмовы, каб вывесці краіну з крызісу.

Мяне, як аграрніка, у першую чаргу хвалюе пытанне продажу і куплі зямлі. Наша шчасце, што не развалілі мы калектыўныя гаспадаркі. Як бы цяжка ні было, а разам усё ж лягчэй зямлю засеяць, ураджай сабраць, гаруча-змазачныя матэрыялы, тэхніку набыць.

І ў той жа час калгасы на даным этапе зжылі сябе. Патрэбна змена формы ўласнасці. Гэтыя думкі дакладна акрэслены і ў выступленні Прэзідэнта нашай краіны А.Р. Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе”.

Мікалай КРАСЮК, намеснік дырэктара — галоўны аграном Гарадзейскага цукровага камбіната:

“На такога ўзроўню сходзе мне пашчасціла быць упершыню. За гэта я шчыра ўдзячны рабочым Гарадзейскага цукровага камбіната. З першай хвіліны адчуў, наколькі праўдзіва гаварыў Прэзідэнт пра сённяшняе нялёгкае жыццё радавых грамадзян рэспублікі. Уражваў глыбокі аналітычны матэрыял па выхаду ўсіх галін эканомікі з крызісу. Паверце, у мяне было адно жаданне пасля двухгадзіннага дакладу: устаць і ісці працаваць, працаваць, працаваць…

Падтрымліваю Прэзідэнта, які заклікае да дысцыпліны, адказнасці, сумленнасці. Ці ж гэта па закону, калі невялікіх пенсій ледзьве хапае людзям састарэлага ўзросту на малако, хлеб, цукар, камунальныя паслугі. Павінна быць сорамна тым, хто затрымліваў пенсіі на 10 — 15 дзён. Добра, што па загадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь усялякія адтэрміноўкі ўдалося ліквідаваць за, можна сказаць, лічаныя месяцы.

Ніколі не буду сумнявацца, што наш Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка крок за крокам выведзе рэспубліку з крызіснага стану. Мне здаецца, дзеля таго і збіраліся ўсе мы ў Мінску 19 кастрычніка; дзеля таго згадзіўся Прэзідэнт на познія тэрміны правядзення рэферэндуму, каб будучыя пакаленні беларусаў не асудзілі нас у паспешнасці, аднабокасці прынятых рашэнняў. Сёння бацькі ўсіх рангаў і ўзроўняў, калі яны сапраўды жадаюць лепшай долі сваім дзецям, сумленна робяць свой выбар на карысць будучыні, на карысць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён, і ніхто іншы, нясе надзею на лепшае.

Мне да гэтага часу не зразумела пазіцыя Шушкевіча, Багданкевіча, Карпенкі. У памяць надоўга запалі словы спікера парламента 12 склікання Шушкевіча, што “муцяць воду тыя людзі, якія не хочуць працаваць на сваім рабочым месцы і праціраюць штаны”. Дык я хацеў бы гэтымі словамі звярнуцца да яго ж. Вы, спадар Шушкевіч, доктар навук. Чаго ж Вы ходзіце з белым флагам па вуліцах? Сядзелі б у лабараторыі, займаліся сур’ёзнай навукай, тады б карысць большая была.

Лічу, што апазіцыі не па сілах збіць народ з намечанага курсу. Яны ўжо наламалі дроў у Белавежскай пушчы. Паверце, гісторыя яшчэ спытае за неразумныя рашэнні”.

Віктар АЗАРКА, намеснік старшыні калгаса “Слава”:

“Восень 1996 года аказалася для мяне асабліва напружанай у грамадска-палітычным плане. Працоўны калектыў гаспадаркі вылучыў у склад раённай камісіі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму. 24 верасня на яе арганізацыйным пасяджэнні мяне выбралі старшынёй камісіі. А ў пачатку кастрычніка быў сфарміраваны склад дэлегацыі ад Нясвіжчыны на Усебеларускі народны сход, у якую я меў гонар быць уключаным, дзякуючы маім землякам.

Форум зрабіў вялікае ўражанне. Сваім размахам, сваёй важнасцю, значнасцю, сваімі рашэннямі. З задавальненнем адзначу: развіццё сельскай гаспадаркі стала ў прынятай праграме адным з прыярытэтных накірункаў побач з экспартам і жыллём. Мы павінны былі забяспечыць харчовую бяспеку дзяржавы.

Працаваць нам у сваім калгасе “Слава” было над чым. Вытворчасць прадукцыі патрабавала карэнных змен. Напрыклад, валавы надой малака за 6 месяцаў 1996 года склаў толькі 82% ад узроўню 1995 года. Надой на адну фуражную карову — 950 кілаграмаў пры сярэднім раённым паказчыку 1400. Гэта трэці знізу паказчык у зводцы з 15-і гаспадарак. Сярэднясутачная прывага адной галавы буйной рагатай жывёлы склала 282 грамы пры 350 грамах па раёне. Адной галавы свіней — 156 грамаў пры 360 па раёне. Продаж за паўгода дасягнуў толькі 81% па малаку і 59% па мясу ад узроўню 1995-га.

Трэба было на больш высокі ўзровень падымаць работу заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў. Лепш даглядаць пашу, своечасова падкошваць яе, падкормліваць. Нарыхтоўваць больш якасныя кармы на зімоўку.

Аграрыі ўбачылі на сходзе, што іх не кінулі, яны не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. У дзяржавы з’явіўся цвёрды акрэслены шлях, канкрэтныя мэты”.

Якія шчырыя, жыццёвыя і справядлівыя меркаванні. Людзі верылі ў цвёрдае слова і волю Прэзідэнта. Беларусы не сышлі з намечанага курсу. Мы цяпер жывём, працуем, выхоўваем дзяцей і ўнукаў, адпачываем. Радуемся дастойнаму, мірнаму жыццю ў квітнеючай Беларусі.

Раённую газету за 1996 год чытала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика