Меню

Галоўнае — не страціць надзею

Пост опубликован: 19.10.2026

Не так даўно ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў чарговы раз у рамках сумеснага праекта “Узыходжанне” бібліятэкі і Слуцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы адбылася канферэнцыя, прысвечаная праблеме аўтызму. Упершыню як навуковае паняцце аўтызм быў апісаны ў 1943 годзе амерыканскім псіхіятрам Леа Канэрам. На дадзены момант, па статыстыцы міжнароднай арганізацыі Autist Speaks, у аднаго з 88 чалавек на планеце — аўтызм.

Галоўнае — не страціць надзею

На Беларусі, па дадзеных спецыялістаў UNICEF, з гэтым дыягназам пад назіраннем урачоў-псіхіятраў знаходзіцца 2 770 хлопчыкаў і дзяўчынак. За апошнія пяць гадоў колькасць зарэгістраваных дзяцей з дыягназам “аўтызм” павялічылася ў 3,5 разы.

Канферэнцыя ў бібліятэцы мела вельмі сімвалічную назву — “Не страціць надзею”. На прапанаваную тэму разважалі кіраўнік сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Троіцы аг. Салтанаўшчына, протаіерэй Алег Абрамовіч, дырэктар сацыяльна-дабрачыннай установы “Прастора інклюзіі”, кіраўнік і рэжысёр тэатральнай інклюзіўнай студыі “і” Ірына Кісялёва, прадзюсар тэатральнай інклюзіўнай студыі “і” Леанід Дзінерштэйн, псіхолаг студыі Ганна Новік і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Надзея Юдзіна.

Галоўнае — не страціць надзею

Протаіерэй Алег Абрамовіч адзначыў, што гэта тэма для любога практыкуючага святара актуальная:

— Я захапляюся людзьмі, якія займаюцца з гэтымі дзецьмі. Мы павінны разумець, што ў кожнага чалавека свае асаблівасці. Я бачу, што ёсць добрыя зрухі з боку дзяржавы — яны прадыктаваныя часам. Але трэба памятаць, што нічога не будзе працаваць, ні ў якой дзяржаве, калі не будзе актыўных зацікаўленых людзей.

Галоўнае — не страціць надзею

Менавіта такімі зацікаўленымі людзьмі з’яўляюцца дырэктар Ірына Кісялёва і супрацоўнікі сацыяльна-дабрачыннай установы “Прастора інклюзіі”. Ірына Міхайлаўна, звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, адзначыла:

— Праблема аўтызму сёння ідзе сямімільнымі крокамі. І трэба не проста пра гэта гаварыць, а і дапамагаць: як гэта прыняць сям’і, грамадству, як з гэтым жыць? Кожны на сваім месцы можа зрабіць многае.

Ірына Міхайлаўна займаецца дадзенай праблемай з 2014 года. Сярод наведвальнікаў “Прасторы інклюзіі” ёсць розныя дзеці. Але дырэктар і яе калегі ў кожным бачаць чалавека, а не дыягназ. Пры ўстанове з 2016 года працуе дзіцячая тэатральная студыя “і”, заняткі ў якой вядуць прафесіянальныя рэжысёры. Прэм’еры і паказы спектакляў заўсёды збіраюць вялікія залы.

Ірына Кісялёва лічыць, што тэтральнае майстэрства вельмі добра рэалізоўвае ўсе магчымасці сучасных дзяцей, у тым ліку і з асаблівасцямі ў развіцці:

— Гэта ўраўнівае шансы. У студыі агульнай творчай дзейнасцю адначасова займаюцца дзеці ад трох гадоў, падлеткі і дарослыя. Кожны з іх — акцёр. Кожны з іх — асоба. Мы паказваем спектаклі і на малых сцэнах. Але ў асноўным гэта ад пяцісот да тысячы гледачоў. Мы ставім відовішчныя спектаклі, у якіх заняты дзеці з аўтызмам і другімі асаблівасцямі сярод іншых акцёраў. Мы робім спектаклі на высокім узроўні. Гэта прыгожа і цікава.

На летніх канікулах падапечныя “Прасторы інклюзіі” маюць магчымасць наведваць летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем, бываюць у музеях, займаюцца творчасцю і нават агародніцкай справай.

Галоўнае — не страціць надзею

Для такіх дзяцей стварылі і клас музычнай тэрапіі, таму што музыка дапамагае развіваць дыяпазон гукавай прымальнасці.

Педагогі клапоцяцца і аб тым, каб іх выхаванцы мелі магчымасць пасля школы набываць прафесіі і працаваць. Для гэтага быў створаны праект “Інкубатар па працаўладкаванні”, у рамках якога ідзе падрыхтоўка да паступлення ў каледжы і ВНУ.

Некаторыя выхаванцы сталі супрацоўнікамі арганізацыі. Адзін з іх — мастак, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Максім Лагун. Падчас канферэнцыі Максім прадстаўляў сваю выставу “Другі погляд”. Дзіцем будычы мастак прыйшоў у тэатральную студыю “і”. Дзякуючы прафесійным педагогам “Прасторы інклюзіі”, маладому чалавеку ўдалося знайсці сваё прызначэнне ў жыцці, адшукаць магчымасць упрыгожыць гэты свет для сябе і іншых.

Арганізацыя “Прастора інклюзіі” налічвае пятнаццаць супрацоўнікаў — псіхолагаў, лагапедаў, цьютараў, дэфектолагаў. Ёсць майстэрні, створана рэкламнае агенцтва, дзе дзеці з аўтызмам навучаюцца, а пасля і працуюць.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Надзея Юдзіна расказала аб “Школе інклюзіўнага валанцёрства”, якая дзейнічае ў каледжы. Многія выхаванцы школы сталі цьютарамі.

— Асаблівыя дзеці зараз — гэта не іх выбар і не выбар іх бацькоў. А ў нас, педагогаў, гэты выбар усё ж такі ёсць. І ўзнікае ён ужо на тым этапе, калі мы выбіраем сваю прафесію, — адзначыла Надзея Уладзіміраўна.

Валянціна ШЧАРБАКОВА, бібліятэкар, кіраўнік праекта “Узыходжанне” пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика