Згадзіцеся: не кожнаму дадзена бачыць свет у разнастайнасці, падобнай на чароўныя пераўтварэнні прыроды, яскравыя малюнкі. А ўсё гэта трэба паказаць у яркіх фарбах, адлюстраваць так, каб людзі спыняліся і глядзелі на карціны, нібы на цуд. Такой здольнасцю валодае вядомы не толькі ў нашым раёне, але і ў рэспубліцы мастак, разьбяр, паэт Алег Пракарына.
Мы неаднаразова любаваліся яго работамі ў салоне-галерэі “Скарбніца”, незвычайнымі па выкананні і ў такім вымярэнні, што прымушаюць задумацца пра многае. Нядаўна знакаміты снаўчанін запрасіў нас, удзельнікаў літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” на чарговую выставу. Называецца яна “Адлюстраванне, рытм, сімвал”. Як адзначыў аўтар, з гэтых тэрмінаў і складаецца творчасць, якая мае шырокі дыяпазон, бо карціны ўзнаўляюць розныя бакі нашага жыцця. А манера перадачы тых сімвалаў розная: ад шырокіх мазкоў да выразных ліній. У такім ключы і партрэт жонкі аўтара Анюты, дарэчы, таксама мастачкі. Асобным малюнкам прымасцілася невялічкая карціна “Бруева груша”, гэтае дрэва расло ў Снове на цэнтральнай вуліцы. Там стаяў дом, дзе жыла сям’я па прозвішчы Бруй.
Вобразы роднай вёскі, хаця Алег называе яе горад Сноў, ну, гэта бачанне аўтара, няхай так і будзе. Вобразы, блізкія яму, часта знаходзяць адлюстраванне ў палотнах. А яшчэ мастак лічыць, што важна для яго візуалізацыя пачуццяў, сваё бачанне свету, уласны стыль ён называе даследаваннем, ад пейзажа да партрэта. Дарэчы, у свой час ён напісаў галерэю партрэтаў Радзівілаў, былі яркія нацюрморты і пейзажныя замалёўкі.
Расказваючы пра сябе, А.В.Пракарына звярнуў нашу ўвагу на тое, як пісалі вядомыя майстры пэндзля І.Рэпін, В.Сурыкаў, М.Шагал ды іншыя людзі. Штосьці можна ў іх пераняць, аб нечым паспрачацца, бо ў кожнага з іх былі не толькі шэдэўры, але і заказныя палотны, што па жаданні таго ці іншага арыстакрата не заўжды адпавядала густу аўтараў.
Бываюць заказы і ў Алега Вікенцьевіча, але ён стараецца не адыходзіць ад сваёй ідэі і ў работах наблізіцца да праўды і выразнасці. Прыгожа адлюстравана карціна “Месяцавая ноч”( па матывах Куінджы), глядзіш на якую, і, здаецца, што ты стаіш ля цудоўнай ночы і не зварухнешся. А ўсё таму, што дар мастака дае падобнае адчуванне прысутнасці. Дарэчы, адна з прысутных , Святлана Ціхонка, пацікавілася, якія адчуванні прыносяць мукі творчасці?
— Бываюць розныя, — адказаў Алег Пракарына. — Радасць ад рэалізаванай мары, натхненне на іншую. У даным плане важны псіхалагічны стан. Пакуль ёсць ідэя — пішацца. А яшчэ дамінуе такі закон: сядзець перад пустым палатном мастаку нельга. Калі мне цікава, я пішу, і трэба разнастайнасць, тут магчымы сімвалы , своеасаблівы татэм. У прынцыпе, любая карціна мае права на існаванне. Ёсць так званы інтуітыўна-медыятыўны падыход, якім кіруюся. І галоўнае — каб людзі глядзелі мае работы, знаходзілі нешта сваё, цікавіліся і думалі. А ў якім жанры аўтар перадаў мнагапланавае ўласнае бачанне свету і яго шматлікіх праяўленняў, можа не так і важна.
І сапраўды, важна другое: мастак не стаіць на месцы, ён заўжды ў пошуку новых думак і творчых ідэй. А талент, памножаны на працу, прыносіць шчодры плён. І вобразы жыцця паўстаюць перад намі ў маляўнічых палотнах аўтара, дзе бачны палёт думкі і разнастайнасць палітры колераў.
Раіса ХВІР, г. Нясвіж.






