Колькі цёплых слоў было сказана на мінулым тыдні, прысвечаным самаму блізкаму чалавеку.Усюды праходзілі святочныя канцэрты для лепшых на свеце матуль.Далучылася да гэтай акцыі і раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы.
Сюды запрасілі жанчын, якія заслужылі павагу і любоў сваіх блізкіх. Для іх гучалі цёплыя прывітанні дырэктара ўстановы Аксаны Рыжыкавай, якая пажадала ўсім матулям добрага здароўя, цудоўнага настрою і даўгалецця. Вядучая Соф’я Любанец таксама ўшанавала прысутных жанчын-маці, выказала ўдзячнасць за іх штодзённую нялёгкую працу ў сям’і і за тое, што выводзяць у людзі сваіх дзяцей. І нагадала, што ў 1996-м годзе быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб устанаўленні свята Маці, і так цудоўна супала, што яно адзначаецца разам з Пакровамі Прасвятой Багародзіцы. Затым да нас звярнуўся клірык храма Узнясення Гасподня айцец Іаан, які зазначыў, што жанчыны-маці выконваюць Божы запавет — нараджаць на свет новых людзей, і гэта важна і пачэсна. Свае вішаванні мамам выказалі ўдзельнікі праекта “Духоўнае слова” Нясвіжскага благачыння.
Затым на імправізаваную сцэну запрасілі маці пяцярых дзяцей Валянціну Шчарбакову, якая першая ў раёне атрымала з рук Прэзідэнта ордэн Маці ў 2015-м годзе. Яна прачытала ўласны верш “Дзякуй, мама!”. У Валянціны Васільеўны чацвёра дарослых дзяцей, малодшы яшчэ школьнік. Добрую традыцыю пераняла дачка Кацярына, у якой чацвёра дзетак. Для ўсіх прысутных выканалі душэўныя песні ансамбль “Славіца” і саліст Юрый Гапановіч. Віталі і маладую сям’ю Ірыны Малярэнка, дзе растуць пяцёра цудоўных дзяцей. Свае вершы, прысвечаныя матулям, прачыталі ўдзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Марыя Падамацька, Ірына Цвірка, Дзмітрый Лібар і Барыс Вятлугін.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.






