З Галінай Іванаўнай Нікіцінай я пазнаёмілася на мінулым тыдні, якраз у дзень яе нараджэння. Жанчына адзначыла свой 90-гадовы юбілей. У невялікім пакойчыку вітала святочная атмасфера, гаспадыня сустракала гасцей. Каб павіншаваць з гэтай цудоўнай датай, да прыгожай, бадзёрай і энергічнай спадарыні прыехалі дочкі, унучкі, праўнукі, прыйшлі супрацоўнікі Сноўскага сельскага Савета, працы ў якім Галіна Іванаўна аддала дзевятнаццаць гадоў. Гутарылі, смяяліся, успаміналі жыццё…
Галіна Іванаўна прыгадала сваіх бацькоў. Бацька працаваў землеўпарадчыкам, маці была настаўніцай, добра валодала рускай мовай. У іх сям’і гадаваліся чацвёра дзяцей — дзве дачкі і два сыны. Першы клас Галіна скончыла яшчэ ў польскай школе. Дзесяцігадовай дзяўчынкай спазнала голад і холад, беднасць і нястачу ваеннага ліхалецця. Памятае, як малодшы брат шукаў скарынку хлеба па шуфлядах… Болем у сэрцы адгукаюцца падзеі таго часу і пажылая жанчына абмінае іх у размове. Успамінае зялёную лістоту дрэў і яркія фарбы кветак пад вокнамі хаты на хутары Язавец, дзе сям’я пражывала некаторы час па суседству з беларускім пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. І вучобу ў Ліпскай школе, Смальянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, дзе набыла спецыяльнасць “аграном”. Першае рабочае месца атрымала ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці, была сакратаром камсамольскай арганізацыі. Там выйшла замуж. Муж працаваў ветэрынарным урачом. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі. Пасля Нікіціны некалькі разоў мянялі месца жыхарства, а ў 1964 го-дзе прыехалі на Нясвіжчыну, у Сноў, атрымалі кватэру. Тут, у калгасе імя Калініна, Галіна Іванаўна некаторы час працавала намеснікам брыгадзіра на агародзе, муж — ветурачом.
— Праз некалькі гадоў на працу ў сельскі Савет мяне парэкамендаваў тадышні старшыня калгаса Якаў Васільевіч Аляксанкін, — успамінае юбілярка. — 19 гадоў я была сакратаром, працы і абавязкаў было многа, але было цікава. І рэгістрацыі шлюбаў я праводзіла, бывала, па пяць у дзень, голас пастаўлены быў. Да справы я заўсёды ставілася сур’ёзна і з дабрынёй адносілася да людзей. Усяго хапала ў жыцці, але, ведаеце, з прыгодамі цікавей жыць, — жартуе Галіна Іванаўна і ў чарговы раз падчас гутаркі дадае: — Ой, я так рада, што вы да мяне прыйшлі!
І ў адказ атрымлівае апладысменты і ўсмешкі гасцей.
Пасля выхаду на пенсію Галіна Іванаўна шчыравала ў калгасе рабочай, бо рана пайшоў з жыцця муж, хацелася дачушкам дапамагчы. Пасля былі любімыя ўнучкі, зараз юбілярка радуецца двум праўнукам. Любіць кветкі, прыгожая паляна якіх пад акном патанае ў рознакаляровай вясёлцы ад ранняй вясны да позняй восені. Раней займалася вязаннем. Яшчэ Галіна Іванаўна любіць чытаць (кнігі, часопісы, газеты), цікавіцца гісторыяй (не так даўно яе занатоўкі былі размешчаны на старонках раённай газеты), наведвае бібліятэку, з’яўляецца там актыўным удзельнікам гуртка для пажылых “Отрада”.
— Я там запатрабаваная, — з гонарам і ўсмешкай кажа юбілярка.
Гледзячы на гэту актыўную, пазітыўную жанчыну, узнікае пытанне, дзе яна чэрпае сілы і энергію, якое я ёй і адрасую.
— Ад вас, маладых, прыгожых і энергічных яе прымаю, і сваёй дзялюся, — усміхаецца Галіна Іванаўна. — Але не дай бог каму расплакацца, і я буду ў слязах. Таму давайце лепш радавацца!
І на гэтай узнёслай ноце родныя заносяць у пакой святочны торт са свечкамі ў выглядзе лічбаў дзевяць і нуль, якія пад радасныя віншаванні і апладысменты тушыць Галіна Іванаўна і прамаўляе сваім прыгожым голасам словы да “Паланэзу” Агінскага на польскай мове. Шчымліва і радасна на сэрцы адначасова. Бо не хочацца развітвацца, а застацца яшчэ на некаторы час, але нас клічуць працоўныя абавязкі, а 90-гадовую юбілярку чакае святочны стол у коле родных людзей і яшчэ шмат слоў віншаванняў ад знаёмых, чуецца тэлефонны званок, і мы развітваемся са словамі найлепшых пажаданняў да наступнага юбілею…
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.