З песняй па жыцці

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Многія жанчыны, ды й мужчыны таксама, з бояззю чакаюць набліжэння пенсіі. У псіхолагаў і медыкаў ёсць нават тэрмін «пенсійны шок». Няўжо гэта горшая пара жыцця чалавека? І ці ва ўсіх гэта так?

Зорка сусветнага кіно францужанка Брыджыт Бардо ў пяцьдзесят гадоў казала: «Толькі зараз я набыла поўную свабоду і шчасце!» Яна прадала ўсе свае каштоўнасці і прысвяціла сябе абароне жывёл, пра што марыла яшчэ з дзяцінства. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што «трэці ўзрост» таксама можа прынесці шмат радасці, варта толькі знайсці занятак па душы.

Над пытаннем «чым заняць вольны час, які раптам з»явіўся з выхадам на пенсію?»               удзельнікі хораў ветэранаў працы «Аптыміст» і «Элегія», што дзейнічаюць зараз пры Нясвіжскім раённым цэнтры культуры і адпачынку, доўга не задумваліся. Таму што для іх песня заўсёды была надзейнай спадарожніцай, якая ідзе з імі побач па жыцці. Як з лепшай сяброўкай і дарадчыцай, яны дзеляцца з ёй сваёй радасцю, у ёй знаходзяць падтрымку ў цяжкія хвіліны. На іх думку, песня акрыляе, закранаючы самыя тонкія струны душы — імкнення да добрага, светлага. Яна стварае настрой, дорыць надзею і веру.

Нясвіжскаму хору ветэранаў працы «Аптыміст» ужо больш за 35 гадоў. Гэты творчы калектыў адрознівае нястомная энергія і шчырая любоў да песні. Свае вытокі ён бярэ ад хору ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, створанага яшчэ ў 1973 годзе пад кіраўніцтвам У.П. Гуля і А.Г. Мельнікавай. Як кажуць, загучаў па-новаму ён у 1988 годзе, калі хор узначаліў В.А. Цыганкоў. Пра што спявалі ветэраны? Пра Беларусь, пра вайну і радасць мірнай працы і, вядома ж, пра каханне, якому пакорлівыя ўсе ўзросты.

 Як расказала цяперашні мастацкі кіраўнік Юлія Валер»еўна Івашка, у рэпертуары калектыву сёння больш за 50 твораў. «Аптыміст» дастойна прадстаўляе наш горад на міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод жыхароў горада і вобласці. Удзельнікі калектыву — Г.І. Ярмалінская, С.У. Лях, М.У. Сарычаў, Б.М. Вятлугін, Я.К. Касмовіч і іншыя — вялікія энтузіясты, аматары песеннай творчасці, энергічныя і маладыя душой людзі.

Не менш любяць гледачы, а таму заўжды горача падтрымліваюць падчас канцэртаў і другі хор ветэранаў працы — «Элегія». Калектыў, кіруе якім Тамара Міхайлаўна Прыгун, часты госць на святочных пляцоўках не толькі раёна, але і вобласці. М.М. Чэркас, Б.І. Юшко, У.Ф. Ходатаў, Л.Ю. Дыкіна і іншыя ўдзельнікі хору — людзі, шчыра любячыя музыку і песні, якія добрасумленна адносяцца да свайго любімага занятку. Рэпертуар калектыву, нягледзячы на тое, што існуе ён толькі трэці год, вельмі вялікі: народныя песні, рамансы, песні нясвіжскіх аўтараў, выкананыя ў суправаджэнні і акапэльна. Кранаюць сваёй сардэчнасцю, лірычнасцю, патрыятызмам. Візітоўка калектыву «А годы летят» яскрава дэманструе аптымізм старэйшага пакалення.

Радасць сустрэчы заўжды чытаецца на тварах ветэранаў падчас кожнага выхаду на святочную пляцоўку. Нягледзячы на самаадчуванне, яны выходзяць на сцэну і адпрацоў-ваюць канцэртную праграму так, што апла-дзіраваць хочацца стоячы. Здаецца, што для іх удзел у фестывалях, канцэртах — гэта не толькі магчымасць паказаць сваю творчасць,  гэта — крыніца сілы духу.

Аб жыватворным уздзеянні любімых заняткаў кажуць і медыкі. Захопленыя людзі больш жыццярадасныя і цікавыя для сяброў і сябровак. Яны забываюць, колькі ім гадоў. Бо нездарма кажуць, што чалавеку не столькі гадоў, колькі ў пашпарце, а на колькі ён сябе адчувае.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.