Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.49 |
Погода 7 °C

На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 13.10.2017

купала и колас1

Кожная нацыянальная літаратура мае славутыя постаці, якія сталі прызнанымі песнярамі свайго народа,  яго гістарычнага лёсу. У беларусаў — гэта Янка Купала і Якуб Колас. Праз іх творы свет пазнаў жыццё беларускага народа,  звычаі,  гісторыю, прыгажосць прыроды роднага краю. 2017 год адзначаны 135-годдзем з дня нараджэння народных песняроў. Менавіта гэтаму юбілею былі прысвечаны літаратурныя вячоркі “На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…”, якія прайшлі ў Рудаўскай сель-скай бібліятэцы. У зале была падрыхтавана юбілейная выстава твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы “Год вялікіх юбіляраў”. Памяшканне ўпрыгожана букетамі палявых кветак. Падчас мерапрыемства чытанне вершаў суправаджалася дэманстрацыяй слайдаў з беларускімі пейзажамі. З багатай літаратурнай спадчыны народных песняроў былі адабраны толькі некалькі старонак — лірычныя вершы пра самыя блізкія сэрцу мясціны, вершы-летуценні, вершы, навеяныя вобразамі любых. Чытачы бібліятэкі — Д.М. Сямак, А.І. Мельнік, У.А. Валеева — чыталі знаёмыя вершы Янкі Купалы — “У лесе”, “Лясное возера”, “Адцвітанне”, Якуба Коласа — “Лясам Беларусі”, “На лузе”, “На полі вясною”.



З паэзіяй Янкі Купалы і Якуба Коласа цесна звязана творчасць беларускага музычнага ансамбля “Песняры”, песні ў іх выкананні сталі сапраўднымі шлягерамі. У песнях вершы набылі новае жыццё і разляцеліся далёка за межы Беларусі. Вядомыя беларускія творы ў выкананні ансамбля “Песняры” — “Спадчына”, “Явар і каліна”, “Не глядзі” на словы Янкі Купалы, “Мой родны кут…” на словы Якуба Коласа былі лейтматывам мерапрыемства. На развітанне лірычнага падарожжа прагучала некалькі радкоў Петруся Броўкі:

Зямля Беларусі, зялёныя долы!

З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой

Зачэрпнулі думы Купала і Колас,

З тваёю журбой і ўцехай тваёй;

На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…

Іна ЕМЕЛЬЯНЧЫК,

бібліятэкар I катэгорыі  Рудаўскай сельскай бібліятэкі

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!