«Мы — грамадзяне Беларусі»

У сераду ў Мінску ў ліку прадстаўнікоў лепшай моладзі рэспублікі атрымала свой першы і самы важны дакумент — пашпарт — вучаніца 8 «А» класа Нясвіжскай гімназіі Ганна Камлач. Мерапрыемства, якое праходзіла ў рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» ў будынку Канстытуцыйнага суда, было прымеркавана да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пашпарты юным грамадзянам краіны ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Пётр Міклашэвіч і першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Ігар Бузоўскі.

У нашай гутарцы Ганна расказала, што вучыцца ў Нясвіжскай гімназіі з 6 класа, перайшоўшы туды з Аношкаў-скай СШ. Вучыцца ёй падабаецца, а любімымі прадметамі, па словах самой дзяўчынкі, з»яўляюцца руская мова, матэматыка і хімія. Дарэчы, на абласной алімпіядзе па рускай мове Ганна нядаўна стала трэцяй, дастойна абараніўшы гонар сваёй навучальнай установы. Гэта яе першы вопыт удзелу ў такіх сур»ёзных інтэлектуальных спаборніцтвах і, напэўна, не апошні, таму што дзяўчынка вельмі адказна ставіцца да вучобы — жадае мець трывалыя веды і добрыя адзнакі за іх. Жывучы ў гімназічным інтэрнаце, яна сама кантралюе сваю падрыхтоўку да ўрокаў, не чакае напамінаў ад выхавацеляў.

А яшчэ Аня вучыцца ў Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў па класе гітары і вельмі любіць чытаць. Больш за ўсё — фантастыку, але і класіку таксама, асабліва ваенна-гістарычную.

На пытанне аб жыццёвых прынцыпах мая юная суразмоўца, крыху падумаўшы, адказала: «Люблю, калі ўсё сумленна і справядліва. Гэта, напэўна, галоўнае.»

Сапраўды, гэта і ёсць галоўнае. І вельмі абнадзейвае, што і самыя юныя нашы суграмадзяне гэта разумеюць.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.