Пакуль жыве памяць…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прысвячаецца Рыгору Рэпіну

Спі, салдат, у нас спакойна.

Я спакой твой берагу.

У марозы і у сцюжу

Я к табе сюды іду.

Сцежкай той, што пратаптала

І слязою палівала.

Не тужы, што тут чужына,

Мы знаёмы ўсе табе:

Хтоб не йшоў тут часам міма,

Кветкі ўсе кладуць табе.

Калі цэркву навяшчаю,

Спіс жалобны там кладу.

Кожны раз у гэтым спісе

Я імя тваё пішу.

У Расію пісьмы слала,

Тваіх родных я шукала,

Але быў адзін адказ:

«Многа Рэпіных у нас.

Без імя яго па бацьку

Родных нам не адшукаць».

Што ж, далёка твая хата.

Вінавата ў тым вайна.

Хай жа будзе табе пухам

Беларуская зямля.

9 Мая для нас — гэта дзень свята і дзень смутку, бо з нашай вёскі не вярнулася з вайны многа людзей — як моладзі, так і сямейных жыхароў, дзеці якіх засталіся сіротамі. Не пра ўсіх вядома, дзе яны пахаваны.

Кранула вайна сваім чорным крылом і нашу сям»ю. Старэйшы брат Алёша (Аляксандр Усовіч) пахаваны ў Германіі на брацкіх могілках — так было напісана ў пахаванцы. Загінуў 18 красавіка 1945 года. Не дажыў пару тыдняў да Вялікай Перамогі. Яго малодшы брат Сяргей вярнуўся пасля вайны, меў цяжкае раненне, але выжыў. Брат мамы — Аляксандр Аляксандравіч Гаціла, — як паведамілі ў ваенкамаце, прапаў без вестак.

Але часамі бывала і такое, калі салдаты маглі адлучыцца і пахаваць свайго баявога таварыша на могілках (хоць і чужых). Так было і ў нас, калі праходзіў фронт. На нашых могілках у вёсцы Малева, якая размешчана бліз шашы Нясвіж — Баранавічы, салдаты змаглі пахаваць свайго загінуўшага сябра. Сведкай таго, як яго даставілі на могілкі і пахавалі, была жанчына, як яе ў нас называлі, Грышкава Стэпка (Гаціла), бо яе хата пабудавана пры самых могілках. Гэтая хата і цяпер там стаіць. У ёй жыве яе ўнук Саша. Цётка Стэпка расказала маёй маме, што недалёка ад царквы, як праходзіў фронт, пахавалі салдата, і паказала ёй гэтую ма-гілку. Гэта было вельмі балюча для маёй мамы, бо ў нас такая ж бяда — мой брат Алёша пахаваны таксама на чужой зямлі. Мама папрасіла мяне да-глядаць гэтую магілку. Я пагадзілася. Але думала, што гэтага мала. Вырашыла знайсці яго родных. На жаль, не знайшла, бо не было ўказана імя яго бацькі. У сувязі з гэтым мне адмовілі ў пошуках.

Я падумала, як жа зрабіць, каб магілка не зарасла, не зруйнавалася. Звярнулася па дапамогу ў Карцэвіцкі сельскі Савет: зрабіце, калі ласка, агароджу. Зрабілі. Але ж трэба было яе ўсталяваць. Далей звярнулася да кіраўніцтва свайго калгаса (тады яшчэ «Радзіма»), каб зрабілі металічны крыж, зацэментавалі магілку, усталявалі агароджу. Дала і шыльдачку з нержавейкі з надпісам прозвішча і імя салдата. Усё было зроблена. Усім дзякую за дапамогу ў той час. Шчыра дзякую і цяперашнім уладам, якія пастараліся ачысціць нашы старыя могілкі ад высокіх дрэў і хмызняку.

Яны заўсёды дапамагаюць нам, пажылым людзям, калі звяртаемся.

Жадаю ўсім, хто робіць добрыя справы, моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у жыцці і працы. І няхай ніколі больш не будзе  вайны.

Валянціна УСОВІЧ, вёска Малева


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.