Вялікі гонар і адказнасць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

на

19 і 20 студзеня ў Мінску ў фармаце адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” адбыўся 42 з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. У рамках з’езда былі падведзены вынікі дзейнасці грамадскага аб’яднання за апошнія тры гады і вызначана стратэгія на бліжэйшае развіццё. У маштабным форуме прынялі ўдзел амаль тры тысячы чалавек. Нясвіжчыну прадставілі пяць дэлегатаў, сярод іх — першы сакратар РК ГА “БРСМ” Ксенія Харашылава.

— Удзел у з’ездзе — вялікі гонар і адказнасць, — гаворыць Ксенія Генадзьеўна. — Для нас гэта было хвалюючай падзеяй, бо мы ўпершыню прымалі ўдзел у форуме. Праграма з’езда атрымалася вельмі насычанай. Перад паездкай на форум моладзь сталічнага рэгіёну сустрэлася са старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам і абмеркавала праекты і ініцыятывы, якія плануе рэалізаваць у бліжэйшы час, пытанні будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў у Мінскай вобласці.

Старт мерапрыемствам дала грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Падчас мітынгу 19 студзеня дэлегаты з’езда ўсклалі вянкі і кветкі да манумента Перамогі, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Акцыя працягнецца па ўсёй Беларусі вахтамі памяці, мітынгамі, фестывалямі і форумамі, сустрэчамі з ветэранамі. На жаль, ветэранаў з кожным годам становіцца ўсё менш, таму наша задача — у тым, каб ні адзін абеліск, ні адзін помнік, ні адна магіла невядомага салдата не засталіся без увагі.

20 студзеня ў Палацы Рэспублікі адкрылася выстава патрыятычнай фатаграфіі “Разам дом пабудуем”, на якой былі прадстаўлены найбольш яркія моманты з жыцця арганізацыі. Цэнтральным мерапрыемствам з’езда стаў адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”, у фармаце якога прайшлі сустрэчы моладзі з Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўнікамі кіраўніцтва і творчымі дзеячамі рэспублікі.

Прыслухаўшыся да парады Прэзідэнта, які параіў моладзі не распыляцца, а вызначыць для сябе некалькі важных напрамкаў, Нясвіжскі РК БРСМ у бліжэйшыя гады працягне работу па пяці напрамках: грамадзянска-патрыятычным выхаванні, працаўладкаванні моладзі, валанцёрскім руху, дзейнасці мола-дзевых атрадаў аховы правапарадку і культурна-масавай рабоце.

Прэзідэнт падтрымаў на з’ездзе ініцыятыву моладзі па ільготным падаткаабкладанні для работадаўцаў, якія прымаюць студэнцкія атрады. Пытанне наспела даўно, нам даво-дзілася часам угаворваць наймальнікаў узяць студэнтаў і школьнікаў на працу. Калі вызваліць прадпрыемства ад выплаты падатку ў Фонд сацыяльнай абароны, то можна будзе працаўладкаваць яшчэ больш маладых людзей.

Гаварылі на з’ездзе і пра маладых валанцёраў. У прыватнасці, прапаноўвалася распрацаваць канцэпцыю добраахвотніцкага руху. Ва ўсім свеце статус добраахвотніка пацвярджае “Асабістая кніжка валанцёра”, у якой вядзецца ўлік “працоўнага” стажу: удзел у акцыях, заахвочванні і дадатковая падрыхтоўка. Такая кніжка дазволіць улічваць валанцёрскі вопыт пры паступленні ў ССНУ, ВНУ. У нашым раёне валанцёрскія атрады з членаў БРСМ створаны на базе Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, Нясвіжскай гімназіі і нядзельнай школы пры Свята-   Георгіеўскім храме г. Нясвіжа. Рабяты сумесна з супрацоўнікамі гарадскога маладзёжнага цэнтра, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюць дапамогу маладым інвалідам, пражываючым у Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, наведваюць адзінокіх бабуль і дзядуляў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Актуальным для нас, несвіжан, было і пытанне ўмацавання сувязей і далейшага супрацоўніцтва саюза моладзі з Міністэрствамі адукацыі і ўнутраных спраў краіны для актыві-зацыі дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. У Нясвіжы таксама вось ужо некалькі гадоў актыўна працуе МААП, навучэнцы Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа дзяжураць на падлеткавых дыскатэках, дапамагаюць супрацоўнікам РАУС сачыць за парадкам у месцах масавых гулянняў моладзі.

Прагучала на з’ездзе шмат цікавых ідэй, звязаных са святкаваннем сёлета 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. БРСМ прадставіў і новы маштабны праект — “Кветкі Вялікай Перамогі!” Яго сімвал — чырвона-зялёная стужачка з кветкай яблыні. З ёю ў многіх асацыіруецца пераможны май 1945-га. Такую стужачку моладзь уручыла Прэзідэнту. Аляксандр Лукашэнка ацаніў ідэю.

Нясвіжскі раённы камітэт не толькі падключаецца да рэспубліканскіх і абласных акцый БРСМ, але і сам арганізуе мерапрыемствы рознай тэматыкі. Адной з найбольш яркіх падзей гэтага года стане майскі велапрабег, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Магчыма, да нас захочуць далучыцца маладыя людзі з іншых раёнаў, мы будзем толькі рады. Акрамя таго, на працягу года нясвіжскі актыў БРСМ прыме ўдзел у шэрагу патрыятычных акцый, надаючы асаблівую ўвагу ветэранам.

2015-ы аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі. Гэта выдатная магчымасць для маладых людзей заявіць пра сябе, рэалізаваць свае ідэі. У студзені стартуе новы творчы праект “Пражэктар”, у рамках якога мы будзем шукаць і раскрываць таленты маладых жыхароў нашага раёна. Ні ў якім разе іх творчасць не будзе абмяжоўвацца, кожны зможа паказаць свае здольнасці ў тым ці іншым напрамку. Лепшых мы ўзнагародзім у канцы чэрвеня на свяце Дня моладзі. У гэтым годзе вызначым і лепшую “пярвічку” БРСМ Нясвіжскага раёна.

Запісала Аксана ГРОХ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.