Афіцыйна

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

президент

Аб Бюджэце на наступны год

Фінансаванне сацыяльнай сферы застанецца адным з самых важных напрамкаў дзяржаўнага бюджэту ў наступным годзе. У той жа час эканамічны прагноз развіцця краіны бачыць у якасці прыярытэтаў захаванне крэдытнага рэйтынгу дзяржавы, зніжэнне інфляцыі і рост прадукцыйнасці працы. На пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, а таксама Міністэрства па падатках і зборах абмеркавалі законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год».

 

Падаткі — гэта дзяржава

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае неабходнасць захавання ста-більнасці падатковай сістэмы краіны. Такую задачу ён паставіў на нарадзе па ўдасканаленні асобных пытанняў падаткаабкладання і спагнання арэнднай платы за зямельныя ўчасткі.

На разгляд Кіраўніка дзяржавы ўнесены праекты ўказаў, якія датычацца прывядзення ў адпаведнасць з Падатковым кодэксам, што ўступіў у сілу з 1 студзеня, асобных нарматыўна-прававых актаў. Папраўкі закранаюць у асноўным арэндную плату за зямельныя ўчасткі і некаторыя адміністрацыйныя працэдуры, у прыватнасці, спагнанне дзяржпошлін,    патэнтныя пошліны, консульскія зборы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сістэма падаткаабкладання не можа быць застылай. «Вядома, калі гэтая сістэма, аптымізуючыся, падаткі памяншае, усе апладзіруюць, усе рады, — адзначыў Прэзідэнт. — Мала хто сёння думае пра тое, што падаткі — гэта ў першую чаргу дзяржава і стан гэтай дзяржавы, дзяржаўныя служачыя, урачы, настаўнікі, тыя, хто забяспечвае абарону, бяспеку».

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што падатковая сістэма павінна быць максімальна стабільнай. «Мы абяцалі людзям, што, прынамсі, на працягу фінансавага года нам чапаць сістэму падаткаабкладання нельга, а лепш пакінуць на працягу пяці гадоў усё ня-зменным, наколькі гэта магчыма, падчысціў-шы дзесьці», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гаворка павінна ісці, асабліва ў няпросты крызісны перыяд, не пра нейкія маштабныя новаўвядзенні і ўзняцце падаткаў, а пра «падчыстку».

Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы ўхваліў прадстаўленыя яму на разгляд дакументы, даручыўшы ажыццявіць невялікую дапрацоўку з улікам праведзенага абмеркавання і ў найбліжэйшы час унесці яму на падпісанне.

Змены, якія ўносяцца, маюць тэхнічны характар і не будуць закранаць і пагаршаць становішча падаткаплацельшчыкаў.

 

Новае аб укладах

З 12 лістапада ў нашай краіне дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу падраздзяляюцца на безадзыўныя і адзыўныя. Гэта прадугледжана Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 2015 года №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)».

Безадзыўныя ўклады не прадугледжваюць датэрміновага вяртання сродкаў. А пры заключэнні адзыўнага дагавора будзе прадугледжвацца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым канкрэтныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.  Раней усе дэпазіты ў краіне былі адзыўныя — у незалежнасці ад тэрміну дагавора банк быў абавязаны на працягу пяці дзён вярнуць па патрабаванні ўкладчыка яго сродкі (часам — са стратай працэнтаў, часам — без). Цяпер, згодна з дэкрэтам, укладчык не зможа патрабаваць датэрміновага вяртання ўкладу па безадзыўным дэпазіце.

Дагаворы банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), якія былі заключаны да 12 лістапада, і надалей будуць выконвацца на ранейшых умовах на працягу ўсяго тэрміну дзеяння. Аднак пралангацыя такіх укладаў ужо не прадугледжваецца. Пры працягу дагавора на новы тэрмін яго палажэнні павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі Дэкрэта №7.

 

 

Фабрыкі здароўя

Будаўніцтва спартыўных аб’ектаў у краіне павінна быць танным і якасным. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання новага шматфункцыянальнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Мандарын» у Мінску.

Аляксандр Лукашэнка, азнаёміўшыся з дзейнасцю комплексу, асноўнымі напрамкамі работы якога з’яўляюцца паслугі водна-тэрмальнай зоны, навучанне плаванню, фітнес, адзінаборствы, і пагутарыўшы з яго наведвальнікамі, станоўча ацаніў створаныя ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне створана дастаткова спартыўных аб’ектаў дзяржаўнай формы ўласнасці. «Падобныя палацы каштуюць дорага, і, адпаведна, паслугі — дарагія, што людзі павінны дакладна разумець», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, сёння трэба будаваць звычайныя, абсалютна танныя басейны і спартыўныя аб’екты. Ён даручыў у найбліжэйшы час падрыхтаваць тыпавыя праекты недарагіх басейнаў і спартыўных комплексаў. Пры гэтым якасць, несумненна, застаецца самым галоўным фактарам. Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу кіраўніцтва Мінспорту і турызму, Мінгарвыканкама на магчымасць прыстасаваць пустуючыя памяшканні пад спартыўныя аб’екты. Паколькі выкарыстанне незадзейнічаных памяшканняў не запатрабуе істотных выдаткаў, такім чынам, і паслугі тут павінны быць недарагімі. Пры гэтым патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі наступнае: спартыўныя аб’екты павінны быць цалкам загружаны з раніцы да позняга вечара, каб людзі маглі займацца спортам у зручны для іх час. Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным, калі спартыўныя аб’екты, у якія ўкладзены немалыя сродкі, выкарыстоўваюцца не поўнасцю і там няма дастатковай колькасці наведвальнікаў.

Прэзідэнт лічыць, што ў краіне неабходна яшчэ больш папулярызаваць заняткі фізкультурай і спортам, здаровы лад жыцця. «Спартыўныя аб’екты — гэта сапраўдныя фабрыкі здароўя. Чым больш людзей будзе тут, тым менш у бальніцах і аптэках. І дзяржаве гэта абыдзецца танней», — заявіў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, у Мінску і наогул у краіне павінна быць больш спартыўных аб’ектаў крокавай даступнасці. Прычым, гаворка ідзе не толькі аб спартыўных залах, але і аб спартыўных збудаваннях на адкрытых пляцоўках, веладарожках. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу чыноўнікаў на тое, што цэны паслуг у спартыўных аб’ектах не павінны быць завоблачнымі. «Працаваць, вядома, трэба не са стратай, але і задзіраць цэны не трэба», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.