Ланская батлейка

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Exif_JPEG_420

Многія з нас сёння, пабачыўшы скрыню з двума балконамі, не адразу зразумеюць, што гэта. А гэта — батлейка — народны лялечны тэатр. Слова пайшло ад польскай назвы горада Вiфлеема (Betleem), дзе нарадзiўся Iсус Хрыстос. Магчыма, таму ёсць у гэтай з’яве штосьці чароўнае, магічнае, яно прываблівае кожнага, захапляе.

Звычайна батлейку ладзілі на Нараджэнне Хрыстова і працягвалі “сезон” да заканчэння Святых вечароў. Батлейшчыкі разам з музыкантамі хадзілі ад хаты да хаты альбо паказвалі сцэны на гандлёвых плошчах. А вось у гарадах батлейку маглі паказваць у любы час года, адно мяняўся сюжэт у залежнасці ад календара ці мястэчка. Для батлейшчыкаў гэта быў любімы занятак і сродак дадатковага заробку.

Бытаванне народнага лялечнага тэатра, па сутнасцi, спынiлася ў 2-й палове ХIХ ст.

Адраджэнне батлейкi супадае з перыядамi нацыянальнага адраджэння. У 20-я гады ХХ ст. батлейкавыя спектаклi наладжвалiся ў Мiнску. У часы перабудовы традыцыi старадаўняга тэатральнага мастацтва былi адноўлены ў Смаргонскім раёне. Сёння батлеечным тэатрам займаюцца прафесійна ў         г. Мінску, Лідзе, Міры, Докшыцах. Існуюць лялечныя тэатры пры некаторых манастырах, ня-дзельных школах, ва ўніверсітэтах і цэнтрах творчасці. Усяго па рэспубліцы існуе каля 20 калектываў.

Хто хоць аднойчы пабывае на прадстаўленні, не забудзе тых прыемных хвілін чароўнага дзейства. Перад гледачамі прахо-дзяць старонкі мінулага, пра якое мы ведаем так многа і так мала. Як хочацца, каб не страцілася з часам беларуская гісторыя і культура.

Батлейка прыцягвае, захапляе, яе любяць дзеці і дарослыя. Таму і пачалі работу па стварэнні народнага лялечнага тэатра “Батлейка” ў Ланскай сельскай бібліятэцы. Першапачаткова яна задумвалася як выхаваўчы сродак для дзетах нядзельнай школы, якая існуе пры храме Пакрава Прасвятой Багародзіцы. Але прыемна адзначыць, што тэатр спадабаўся і дарослым. Наша “Батлейка” яшчэ зусім маладая. Першы свой паказ мы правялі ў Ланскай царкве на Нараджэнне Хрыстова 7 студзеня 2016 г., а затым калядную  драму “Смерць цара Ірада” з цікавасцю глядзелі пражываючыя ДУ “Нясвіжскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”.

Exif_JPEG_420

Я працую ў Ланскай сельскай бібліятэцы амаль дваццаць гадоў, і ўвесь гэты час цікаўлюся яркімі  момантамі з гісторыі вёскі. “Такога ў нас не было, і па акрузе не прыпомнім. Божая справа”, — распавядаюць пра “Батлейку” старэйшыя людзі. Справа гэтая прыемная, цікавая, захапляльная, але разам з тым і складаная. Шмат намаганняў прыклаў для пабудовы батлейкавай скрыні майстар-сталяр Віктар Станіслававіч Гардзіевіч. Кожныя сценкі, балконы, прарэзіны, нішы і акенцы — усё да міліметра прадумана, вытачана і зроблена так, як трэба. Вельмі прыгожа выразаны з дрэва царкоўныя вежы з купаламі, званічкі, аркі.

У мастацкім афармленні нам аказала вялікую дапамогу мастачка Наталля Бордак. Выкананыя ёю малюнкі — сапраўдныя шэдэўры, задуманыя паводле ланскіх пейзажаў. На ўсю вышыню тэатра выкананы малюнак анёлаў, якія абвяшчаюць усяму люду добрую навіну. Дапаўняе аздабленне беларускі народны арнамент, просты, сціплы і сімва-лічны.

Вялікая ўвага надавалася вырабу лялек.  Над стварэннем сілуэтаў і формы працаваў Сяргей Еўтух. Кожная лялька, згодна з сюжэтам, мае свой характар, знешні выгляд і памер, што адлюстроўваецца на іх тварах, позах рук, адзенні. Гэтая справа для нас аказалася самай творчай. Як у дзяцінстве, падбіралі тканіну, шылі адзенне. Займальнай была праца па ўпрыгожванні палаца цара Ірада. Высокія калоны, трон, блішчастыя шторкі. А яшчэ мы выкарыстоўваем сапраўдныя маленькія падсвечнікі са свечкамі і іх, згодна  з сюжэтам, перад пачаткам дзеяння запальвае лялька “панамар”. Гучыць прыгожая музыка… і пачынаецца містэрыя пад назвай “Смерць цара Ірада”.

Тэкст пастаноўкі вельмі старадаўні (XVI ст.). Гэта традыцыйны беларускі твор, ім карыстаюцца праваслаўныя лялечнікі. У ім многа прыгожых старажытных слоў, беларускага фальклору і вельмі тонкага гумару. Агучвалі тэкст Аляксандр Купрэвіч і Алена Жук. Калядныя песні выконвалі пеўчыя і прыхаджане храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы в. Лань.

Шчыра дзякую тым, хто прымаў удзел у стварэнні “Батлейкі”: настаяцелю храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы в. Лань іерэю Васілію Кісялю, а таксама старшыні прафсаюзнага камітэта ААТ “Лань-Нясвіж” Галіне Станіславаўне Салавей за маральную і матэрыяльную дапамогу.

Беларуская батлейка праходзiць новы этап адраджэння: яна ўпэўнена ступае ў дзiцячы садок i школу. Павучальныя, смешныя, шчырыя і ўзнёслыя гісторыі “Батлейкі” расказваюць дзеткам і дарослым аб дзіўных падзеях, што чаруюць душу. Аб жыцці і смерці, аб каханні і нянавісці, аб сяброўстве і здрадзе. Мова “Батлейкі” простая і глыбокая. Яна не чытае маралі, не прапаведуе законы, яна жыве. І вучыць гледачоў бачыць свет такім, які ён ёсць.

Алена ЖУК,

бібліятэкар Ланскай

 сельскай бібліятэкі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.