Каляды

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

kalyady2

Як іх святкавалі нашы далёкія продкі

Каляды — адно з самых містычных  свят у старажытных славян. Яно  менш звязана з сельскагаспадарчым цыклам, а больш з будовай і рухам сусвету. Першы дзень каляд — дзень, калі даўжыня светлавога часу пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння, лічыўся пачаткам астранамічнага новага года.

На каляды «нараджалася новае сонца», час «паварочваўся на вясну». Новае сонца ўвасаблялася ў вобразе дзіцяці, выкрадзенага лютай вядзьмаркай Зімою, якая ператварыла яго ў ваўка. Але светлыя сілы, вядома, перамагаюць, гарачыя промні маладога сонца спальваюць ваўчыную шкуру, яно вызваляецца з палону цёмных сіл і пакрысе «сталее», з кожным днём набіраючы сіл да вясны.

Само слова «каляды» мае паходжанне ад лацінскага calendae, «календы» — назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і «каляндар»), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыска —  Кола.

Да каляд рыхтаваліся адказна. Прыбіралі хату,  аздаблялі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў. Да каляд стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашы часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які ўносілі ў хату ў першы дзень каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год.

Каляды — свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі — самага цяжкага часу для нашых продкаў — было яшчэ далёка. Нават больш — на каляды нельга было працаваць: ні ткаць, ні прасці, ні рыхтаваць дровы — можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды запалам.

Асаблівае месца ў святкаванні адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб у наступным годзе мець добры ўраджай і здароўе. Пад абрус на стол клалі сена, якае пасля вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце на каляды даставалі са схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы — куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) — узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ладзілася «посная куцця» — на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Варылі яе таксама незвычайна. А другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і ішла ў свіран па зерне, а старэйшы мужчына — па ваду. Ваду і зерне нельга было чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Нарыхтаваная такім чынам куцця мела асаблівае магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя, моцы, удачы. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам. На асобнай талерачцы была і каша дзеля Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго, бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму. Гэты даволі распаўсюджаны звычай — ставіць на новы год за акно талерачкі з зернем —захаваўся ў некаторых краінах і па сённяшні дзень.

Другая куцця — тоўстая, багатая, шчодрая — ладзілася праз тыдзень, па часе супадала з сучасным новым годам. У гэты вечар на стале былі стравы з рознага мяса — варанага, смажанага, печанага, каўбасы, вяндліны, куцця са шкваркамі.

Трэцяя куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня, Велесаў дзень, называлася “вадзяная”. Магчыма, такую назву яна атрымала пазней, ужо ў хрысціянскія часы, таму што супадала з царкоўным святам Вадохрышча. Але ёсць верагоднасць, што за два тыдні святкавання запасы значна памяншаліся, і каша на вадзе — бадай, адзінае, чым можна было частаваць гасцей пад канец каляд.

Немагчыма ўявіць сабе каляды  без містэрыі. Яна пачыналася  ў першы ж дзень і канчалася апошнім. У час зімовага сонцастаяння, для нашых продкаў адчыняліся дзверы паміж светам існасці і мроі, жывых і памерлых, усё было прасякнута чароўным і небяспечным духам таямніцы. Час лічыўся спрыяльным для ведзьмароў ды нячысцікаў, што насылалі на зямлю траскучыя маразы, але ж таксама і дзеля варажбы ды абярэгаў. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята і да сённяшняга дня заўжды застаецца радасным, велічным і аптымістычным.

Нельга не ўзгадаць і пра “калядаванне” — адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася: толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, якія павылазілі з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя — увасабленне Велеса, карову, казу, каня — сімвалы дастатку, багацця, бусла — што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чым часцей узгадваліся розныя магічныя формулы, тым больш дзейснымі яны лічыліся. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней — цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека бажкам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоў-шчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, спявалі ды танчылі вакол іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб са-грэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае.

Ад той пары і да сённяшніх дзён  захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. Пераапрананне ў маскі мела не толькі рэлігійнае значэнне, але і псіхала-гічнае. Чалавек, апрануўшы маску, ужо лічыўся быццам не самім сабою і мог дазволіць сабе шмат больш, чым прыпісвалі строгія парадкі, асабліва ў часы хрысціянства.

А яшчэ на Каляды абавязкова варажылi. З першай куццёй — на ўраджай, а пасля — на жаніцьбу ды прыплод хатняй жывёлы — каго што больш цікавіла. Кідалі на дарогу чаравікі, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню.

У некаторых мясцінах ладзілі адмысловы “конкурс прыгажосці”. “Міс Каляды” звычайна станавілася самая тоўстая маладуха, якая ўвасабляла сабой шчодрасць, багатую колькасць ежы і ўвогуле багацце, здароўе.

Другі дзень каляд традыцыйна лічыўся днём, калі заканчваўся тэрмін службы наёмных работнікаў. У гэты дзень гаспадар разлічваўся з работнікам, яны абменьваліся ўражаннямі адзін пра аднаго, выказвалі, калі тыя былі, сваю незадаволенасць і крыўды. Пасля гэтага вырашалі ўсе свае канфлікты, раіліся, як быць, публічна мірыліся, каб не несці цяжару крыўды ў новы год і дамаўляліся на наступны год альбо разыходзіліся кожны сваім шляхам. І зараз людзі стараюцца вырашыць старыя канфлікты і набліжэнне новага года — лепшы час, каб пакінуць спрэчкі ў мінулым.

На працягу калядных тыдняў сярод больш старэйшага пакалення быў звычай  хадзіць у госці да родных і сяброў. Частавалі гасцей каўбасамі, стравамі з мяса, птушкі, рыбы, гарэлкай.

У апошні вечар каляд, на трэцюю куццю, праводзіўся абрад “запісвання” каляд. Гаспадар крэйдай маляваў крыжы на ўсіх дзвярах, каб нячыстая сіла, што ўцякла падчас вясёлага свята, не змагла прабрацца ў хату ці хлеў. Так заканчвалася самае вясёлае і самае любімае нашымі продкамі свята.

“НН”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.