Дзякуй, Цётка-Крапіўка!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

ciotka-s

Сёлета споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння знакамітай аўтаркі, паэткі і публіцысткі Алаізы Пашкевіч. Яе псеўданім Цётка знаёмы кожнаму з нас яшчэ са школьнай пары. Пісьменніца, дарэчы,  выступала  і   пад іншымі псеўданімамі: Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь Асака. Яе малая радзіма — фальварак Пешчын пад Лідай (цяпер Шчучынскі раён).

Сёлета споўнілася і 110 гадоў выхаду ў свет яе першых кніг. У 1906 г. каля Львова Цётка  выдала зборнікі вершаў  “Хрэст на свабоду” i “Скрыпка беларуская”, у перакладзе з украінскай мовы кнігу “Гасцінец для малых дзяцей”, падрыхтавала падручнік-хрэстаматыю “Першае чытанне для дзетак беларусаў”. Гэтую кнігу потым працягне Якуб Колас, стварыўшы “Другое чытанне для дзетак беларусаў”.

Яна не пражыла і чатырох дзесяцігоддзяў, напісала не надта багата, але ў гісторыі айчыннай літаратуры, беларускім нацыянальным руху пачатку XX ст. здолела заняць адметнае месца. Літаратурная дзейнасць Цёткі працягвалася ўсяго толькі пятнаццаць гадоў. Асноўнай крыніцай, якая жывіла яе творчасць, было жыццё, народ, фальклор, здабыткі прагрэсіўнай беларускай літаратуры — творы К. Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, першага класічнага паэта Беларусі.  Вучылася яна і на ўзорах рускай, польскай літаратур. Цётка добра ведала і  ўкраінскую мову, захаплялася творамі суседзяў. Асабліва блізкай па духу ёй была творчасць Лесі Украінкі.

У 1902 — 1904 гг. Цётка вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу. Прафесар Пётр  Лесгафт быў не толькі вядомым вучоным, але і дэмакратам, гуманістам. Атрыманыя на курсах глыбокія веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля  вельмі спатрэбіліся Цётцы ў жыцці. У час вучобы ў Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў студэнцкі “Круг беларускай народнай прасветы і культуры”, паэтэса была адной з яго актыўных удзельніц. А ў нелегальных выданнях гуртка — “Каляднай пісанцы” і “Велікоднай пісанцы” — былі надрукаваны яе вершы “Мужык не змяніўся”, “Музыкант беларускі”, “Няма ж, але будзе”.

У 1904 г. А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую дзейнасць, адначасова працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. У 1904 — 1905 гг. яна брала ўдзел у Беларускай сацыя-лістычнай грамадзе. Яе хвалявала доля жанчыны ў грамадстве, яна прымала ўдзел у з’ездзе жанчын у 1905 г.  ў Маскве.

Пад пагрозай арышту была вымушана ў 1905 г. пакінуць Вільню, але хутка вярнулася, каб прыняць удзел у выпуску першай беларускай газеты “Наша доля”. Цётка ўвогуле шмат рабіла для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагала ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядала хворых у тыфозным бараку.

Некаторы час жыла ў Львове, дзе паступіла вольнаслухачом на філасофскі факультэт універсітэта, рыхтавала даследаванне “Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай”, марыла атрымаць ступень доктара філасофіі. Ва Украіне  Цётка шмат працавала ў бібліятэках, вывучала матэрыялы па гісторыі Беларусі, беларускі фальклор, чытала кнігі на ўкраінскай, чэшскай, нямецкай мовах.

У эміграцыі выйшла замуж за інжынера С. Кайрыса, прозвішча якога дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 г.  яна пачала выдаваць у Менску часопіс для моладзі “Лучынка”.

У 1916 г. памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. Яна засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахавана паэтэса ў в. Стары Двор пад Лідай. “Стану песняй у народзе”, — так выказвала яна некалі на-дзею ў адным з вершаў. Надзея спраўдзілася, яе імя стала бессмяротным.

Брат Цёткі Войцех Пашкевіч ў біяграфіі паэтэсы адзначыў: “Усе яе вельмі любілі — за яе бескарысную таварыскую помач: яна дзялілася апошнім кавалкам хлеба з тым, каму была патрэба. Яе альтруізм даходзіў да самазабыцця, і трэба было пільнаваць, каб сама з’ела абед, што мела —  усё раздавала…”

Самымі раннімі з яе  вядомых вершаў  лічацца “Лета” і “Восень”, апублікаваныя ў зборніку “Скрыпка беларуская”.  А вершы са зборніка “Хрэст на свабоду” —  “Хрэст на свабоду”, “Мора”, “Пад штандарам” —  выдатныя ўзоры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі.   У сваіх   творах паэтка здолела  выявіць характар i псіхіку беларускага народа. у іх на ўвесь голас прагучалі ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. У вершы “Вера беларуса” паэтэса выказвае ўпэўненасць у пераменах у гістарычным лёсе беларусаў:

Веру, братцы: людзьмі станем,

Хутка скончым мы свой сон:

На свет божы шырэй глянем,

Век напіша нам закон.

Вобразы любай сэрцу  Беларусі праходзяць праз усю лірыку Цёткі, яна з вялікай любасцю і замілаванасцю гаворыць пра Бацькаўшчыну, маляўнічую беларускую прыроду, працавітых лю-дзей, якія нясуць свой нялёгкі крыж (“Родная вёска”, “На чужой старонцы”, “Сірацінка”).

Цётка — адна з пачынальніц айчыннай  прозы. Яе апавяданні — розныя па тэматыцы — адлюстроўваюць характар і інтэлектуальны свет хворай дзяўчыны (“Зялёнка”), цяжкі вясковы побыт (“Навагодні ліст”), гаротны лёс дзяцей (“Міхаська”). Апавяданне “Прысяга над крывавымі разорамі” —  сапраўдная пракламацыя таго бурнага  рэвалюцыйнага часу.

Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей, якія яна пачала пісаць адной з першых у айчыннай літаратуры,публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

У яе спадчыне значнае месца займаюць падарожныя і навукова-папулярныя нарысы, публіцыстычныя артыкулы. Падарожныя нарысы “3 дарогі”, “Успаміны з паездкі ў Фінляндыю” сведчаць пра майстэрства Цёткі-празаіка. Аўтарка разважае аб гістарычным шляху пяцімільённага фінскага народа, які дабіўся незалежнасці і свабоды, трывала абапіраючыся на сваю працу, культуру, мову.

Публіцыстычныя артыкулы Цётка найперш адрасавала моладзі і прысвяціла развіццю беларускай асветы і культуры. У артыкулах “Як нам вучыцца”, “Аб душы маладзёжы”, “Папараць кветка”, “Шануйце роднае слова!” яна разважала аб праблемах беларускай школы, аб роднай мове, з удзячнасцю да Мацея Бурачка (Ф. Багушэвіча) прыводзіла яго выказванні аб значэнні мовы для нацыі. “Майце сілу i адвагу дзяржацца роднага слова. Майце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. I, гле-дзячы на вас, асмеляцца i іншыя…” — заклікала Цётка. Актуальным з’яўляецца гэты запавет-урок і  ў ХХІ ст.

Творы Цёткі актыўна перавыдаваліся ў савецкі час. У 1992 г. убачыла свет факсімільнае ўзнаўленне  выдання 1906 г. “Першае чытанне для дзетак беларусаў”. У 2001 г. у серыі “Беларускі кніга-збор” выйшла выданне Цёткі “Выбраныя творы (паэзія, проза, чытанкі для дзяцей, лісты, дадатак). У 2003 г. убачыў свет зборнік Цёткі “Вершы і апавяданні”.

Паэтэса Валянціна Коўтун называла Цётку сваім духоўным настаўнікам, шмат зрабіла для ўвекавечвання імя знакамітай папярэдніцы. І, наогул, постаць А. Пашкевіч — цэнтральны вобраз усёй творчасці В. Коўтун. Да поў-нага разумення і ўвасаблення гэтага вобраза пісьменніца ішла паступова: напачатку былі вершы, потым паэмы “На зломе маланкі” (1979) і “Суд Алаізы” (1985). І як вынік — раман.   Дарэчы, у 1989-1990 гг. на экраны выйшаў мастацкі фільм “Крыж міласэрнасці”.

У гонар Цёткі названы вуліцы ў Мінску, Маладзечне і Гродне. Паэтэса засталася не толькі ў нашай памяці. Скажу больш: як ні ў адной з краін Захаду, беларуская жаночая рэальнасць мінулага была настолькі выяўнай і пазначанай меткамі паскоранага развіцця цывілізацыі, што ўжо сама першапрысутнасць у айчыннай  гісторыі — спачатку свабодалюбівай Рагнеды, а потым  вялікай полацкай асветніцы Еўфрасінні — не толькі дала магутны імпульс развіццю цэлых эпох кніжнасці і асветніцтва, але таксама заклала фундаментальныя падмуркі стварэння  першых культурна-асветніцкіх цэнтраў, дзе ўласна і пачалося фарміраванне асноў незалежнасці, яе філасофіі і этыкі. І як пачэсна, што ў  спісе вялікіх жанчын нацыі шаноўнае месца займае таленавітая дачка Прынямоння Алаіза Пашкевіч.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.