Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 11 °C

Дзякуй за працу, ветэраны!

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

решетко

Ордэн — з рук Геаргадзе

З прыўзнятым настроем вярнуўся з абласнога ўшанавання  ветэранаў АПК работнік закрытага акцыянернага  таварыства “1 Мая” Васіль  Дзмітрыевіч Рашатко (на фота — справа).

— Цікава прайшло мерапрыемства, — расказвае ён. — Гэта — сустрэчы з ветэранамі партыйных і гаспадарчых органаў, у тым ліку і з Марыяй Мікалаеўнай Худой, якая ўзначальвала калгас  “1 Мая” ў 1977—1979 гадах. Таксама быў добры канцэрт. Мы, як кажуць, і на лю-дзей паглядзелі, і сябе паказалі.



На Нясвіжчыну  ўраджэнец Стаўбцоўскага раёна Васіль Рашатко трапіў у 1974 годзе, па размеркаванні пасля заканчэння Навагрудскага сельгастэхнікума. Накіравалі яго брыгадзірам паляводчай брыгады калгаса “1 Мая” ў вёску Смалічы.

Малады спецыяліст шмат чаму вучыўся ў тадышняга галоўнага  агранома гаспадаркі Міхаіла Аляксеевіча Крупскага. Справы ў  брыгадзе ладзіліся. Вырошч-валі высокія  ўраджаі збожжавых культур, цукровых буракоў. Напрыклад, салодкага кораня накопвалі  па 500 цэнтнераў з гектара, а на той час гэта быў вельмі  добры паказчык — другі ў рэспубліцы. І Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27.12. 1976 года Васіль  Дзмітрыевіч Рашатко быў узнагароджаны  ордэнам “Знак Пашаны”. Узнагароду ў Мінску ўручыў сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаіл Парфіравіч Геаргадзе. Быў мой суразмоўца і пераможцам сацыя-лістычнага  спаборніцтва, і ўдарнікам камуністычнай працы, і ўдарнікам 9-й пяцігодкі, аб чым сведчаць адпаведныя знакі.

У 1975 годзе Васіля Рашатко прынялі ў кандыдаты, а ў 1976-м — у члены Камуністычнай партыі. Рэкамендацыі брыгадзіру давалі старшыня калгаса Мікалай Мікалаевіч Шулякоўскі і сакратар парткама Вячаслаў Уладзіміравіч Шынгель. Маладога камуніста выбралі сакратаром цэхавай партыйнай пярвічнай арганізацыі.

Калі калгас узначаліла М.М. Худая, у ім аб’ядналі ў адну брыгады № 2 і 3, у Цякалаўшчыне і Лазавічах, а брыгадзірам прызначылі В.Д. Рашатко. Аб’ёмы работ значна павялічыліся.

— На працу ў брыгадзе выхо-дзіла да ста чалавек, — успамінае мой суразмоўца. — Праўда, тады ж не было такой тэхнікі, як цяпер, і вялізны ўпор рабіўся на чалавечыя рукі. Адных буракоў колькі трэба было апалоць — тры разы за сезон, з матыкай у руках. Але людзі з усім спраўляліся.

Шмат у калгасе было моладзі. Васіль Рашатко з’яўляўся па сумяшчальніцтве сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса, а яна налічвала 80 чалавек. Сёння ён успамінае імёны самых актыўных: гэта вадзіцель Леанід Аксак, механізатары Леанід Галабурда і Георгій Дылеўскі, брыгадзір  паляводчай брыгады Іван Калейнік.

Брыгадзірам В.Д. Рашатко працаваў да 1980 года. Затым перайшоў у механізатары. На трактарах маркі  МТЗ апрацоўваў бурачныя плантацыі, камбайнам КС-6 убіраў ураджай салодкага  кораня. Яму былі падуладны МТЗ-80, МТЗ-82, даверылі таксама выпрабоўваць новенькі МТЗ-100. 22 гады ўбіраў збожжавыя. Спачатку — на “Ніве”. Потым з’явіліся першыя “Доны-1500” са здрабняльнікамі саломы, у калгасе “1 Мая” іх даручылі Васілю Дзмітрыевічу Рашатко і Івану Іванавічу Камлачу.

— Зразумела, “Дон” — не “Ніва”, кабіна намнога камфортней, — ацэньвае мой суразмоўца тэхніку мінулага стагоддзя. — У ім ужо ўстанавілі кандыцыянер. І пылу столькі не было, як у “Ніве”.

Цяпер Васіль Дзмітрыевіч на пенсіі. Але, каб не сумаваць без працы, пайшоў у начныя вартаўнікі.

 

Шчыраваў на полі калгасным

Ветэран працы адкрытага акцыянернага таварыства “Нясвіжскія Астроўкі” Васіль Аляксеевіч Ліхінька (на фота — злева) — былы механізатар. Працоўную дзейнасць у гаспадарцы (а тады гэта быў  калгас імя Дзяржынскага) пачаў у 1972 годзе — пасля прафтэхвучылішча, працы на Гарадзейскім цукровым  заводзе, службы на Паўночным флоце.

Маладому механізатару даверылі спачатку трактар ДТ-20, пасля — МТЗ-50, МТЗ-52… Давялося папрацаваць і на гусенічных — ДТ-54, ДТ-75. Людзі старэйшага  пакалення, хто ведае тую тэхніку, памятаюць, як цяжка выпадала часам у полі на ворыве ці культывацыі глебы, калі пыл стаяў слупам і асядаў на твары, руках, вопратцы трактарыста.

Васіль Ліхінька працаваў звеннявым па бульбе, па цукровых бураках. На бульбяных палетках у той час якраз з’явіўся сорт “тэмп” — клубні буйныя,  разварыстыя, ураджайнасць пры добрым доглядзе пасеваў высокая. А Васіль Аляксеевіч ужо добра навучыўся вырошчваць “другі хлеб”. І іменна за дасягненні ў бульбаводстве яго ўзнагародзілі  ордэнам Працоўнай  Славы 3-й ступені.

Шмат намаганняў патрабавала і вырошчванне  цукровых буракоў. Механізатар і сеяў іх, і апрацоўваў, і ўбіраў.

— Самай складанай была першая шароўка, — расказвае мой суразмоўца. — Усходы ў фазе вілачкі днём амаль не бачны, таму рыхленне  міжрадкоўяў вёў раніцамі, паставіўшы на культыватар брытвы. І ўвесь час трэба было глядзець назад, адследжваць, каб не выразаць расліны. Другое і трэцяе рыхленне рабіў ужо  долатамі. А жанчыны ўручную праполвалі радкі. Цяпер тэхналогія памянялася поўнасцю, і ручной працы ў полі няма.

Расказаў Васіль Аляксеевіч і аб тым, як мянялася, удасканальвалася з часам  тэхналогія ўборкі салодкага  кораня. Спачатку радкі падворвалі прыстасаванай  бульбакапалкай. Адзін раз паспрабавалі нават бульба-ўборачны  камбайн запусціць, але рабочыя органы забівала зямлёй, і давялося адмовіцца ад гэтай задумкі. Потым з’явіўся ў гаспадарцы буракаўборачны  комплекс, і Васіль Ліхінька капаў карэнне 6-радковым камбайнам КС-6. Шчыраваў не толькі на плантацыях сваёй гаспадаркі, а і дапамагаў у суседніх — Стаўбцоўскім і Карэліцкім — раёнах. У 1987 годзе за высокія паказчыкі ў працы В.А. Ліхіньку ўзнагародзілі бронзавым медалём ВДНГ СССР. Неаднаразова ён атрымліваў Ганаровыя граматы, пуцёўкі на адпачынак, у турпаездкі.

Даручалі Васілю Аляксеевічу і розныя іншыя сельгасработы: цюкаваў сена і салому, спецыяльным саламарэзам здрабняў салому са сціртаў для фермаў.

— Сцірты тады ставілі далёка на палях, або нават і на ўскрайку палёў, але зімы былі  снежныя, і пакуль бульдозер не праб’е да іх дарогі праз сумёты — не даедзеш, — успамінае Васіль Аляксеевіч.

Пайшоўшы на льготную пенсію, В.А. Ліхінька застаўся ў сваім сельгаспрадпрыемстве аператарам па прыгатаванні камбікармоў. І яшчэ амаль дзесяць гадоў прыносіў  карысць грамадству.

— Чакаю надыход вясны, — прызнаўся ён пад канец нашай размовы. — Люблю ў агародзе  працаваць. Вырошчваем з жонкай усё, што патрэбна да стала. Бульбу ў полі саджаем. Акцыянернае таварыства дапамагае яе вырошчваць. Свойскую жыўнасць трымаем. Унучкі з Мінска  прыязджаюць, дапамагаюць…

 

Вось і закончылі мы аповед пра дэлегатаў Нясвіжскага раёна, якія былі  запрошаны на абласное мерапрыемства ўшанавання ветэранаў АПК Міншчыны.

Але добрых, сумленных працаўнікоў у нас шмат. І крыху старэйшых, і маладзейшых. Газета будзе і далей расказваць пра іх лёсы, працоўныя дасягненні, пра іх чулыя, светлыя душы.

Калі сённяшняя публікацыя рыхтавалася да друку, у рэдакцыю патэлефанавала адна з нашых гераінь, дэлегатка абласнога  мерапрыемства — Тамара Уладзіміраўна  Распатнюк з Ужанкі, ветэран працы ДП “ЭБ “Свеклавічная”. Яна  адрасавала цёплыя словы ўдзячнасці ў адрас старшыні райвыканкама І.І. Крупко, яго першага намесніка, начальніка райсельгасхарчу А.М. Драгаўца і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М.М. Мацэля за выдатную арганізацыю паездкі на абласное свята, за ўвагу да людзей старэйшага пакалення і павагу да іх.

 

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Дзмітрыя ЯШЧАНКІ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!