Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Дзякуй за працу, ветэраны!

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 13.01.2017

DSC01909

Як мы паведамлялі, напярэдадні Новага года ў гарналыжным комплексе “Сілічы” адбылося ўшанаване ветэранаў  сельскагаспадарчай вытворчасці Мінскай вобласці. Урачыстасць стала традыцыйнай. Гэтая была ўжо трэцяй. Паважаных людзей, якія шмат зрабілі для роднай  зямлі, цёпла вітаў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы. Міхаіл Іванавіч пад-крэсліў: “Кожны з тых, хто зараз тут, — асобная старонка гісторыі дзяржавы. Іменна яны ў свой час зрабілі краіну. Яны будавалі фундамент, на якім сёння стаім мы, умацоўваючы нацыянальную бяспеку. Гэта ж не толькі ваенная магутнасць, абараназдольнасць, але і харчовая бяспека. Ніякая глыба золата не заменіць чалавеку  кавалачак хлеба”.



Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра, які быў ініцыятарам падобных сустрэч ветэранаў, сказаў: “Большасць ветэранаў АПК родам з 40-50-х гадоў мінулага стагоддзя. Праца на зямлі ніколі не была простай, а яны не па чутках ведаюць, што такое пасляваенная разруха, паўгалоднае дзяцінства. Працаваць даводзілася пры  адсутнасці тэхнікі, насення, угнаенняў…” Сямён Барысавіч падзякаваў вяскоўцам за іх нялёгкую працу, за вернасць прафесіі, роднай зямлі і расказаў аб тым, як развіваецца Міншчына.

З задавальненнем сустрэлася з землякамі старшыня  Мінскага абласнога  каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, першы сакратар Мінскага абкама КПБ Марыя Мікалаеўна Худая.

На абласное свята сабралася каля 300 ветэранаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны. Сярод іх былі і дзесяць пасланцаў Нясвіжскага раёна.

Сёння мы пачынаем расказваць  пра гэтых людзей чытачам “Нясвіжскіх навін”, каб яшчэ раз нагадаць аб іх працоўным по-дзвігу. Сённяшні аповед працягваецца пад ранейшым  загалоўкам — “Дзякуй за працу, ветэраны!”, як і ў мінулым годзе.

Пераадольваючы цяжкасці

Расказ пра маладыя гады маёй  першай суразмоўцы — Леаніды Аляксееўны Хвіцько з ААТ “Юшавічы” (на фота — злева) — аказаўся сугучны словам старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры:  паўгалоднае пасляваеннае дзяцінства, знясільваючая ручная праца і вялікае пачуццё патрыятызму, самаахвярнасці.

Леаніда Хвіцько нарадзілася ў вёсцы Затур’я ў студзені 1945 года. Бацькі — простыя сяля-  не. Сям’я была шматдзетнай — пяцёра дзяцей. У 1959 годзе Леаніда скончыла сем класаў Сейлавіцкай школы. Хацелася вучыцца далей, але магчымасці такой не было. Старэйшая з дзяцей, яна вымушана была ісці працаваць. Спачатку — паляводам у мясцовы калгас “Слава”. Палола кукурузу, лён, жала сярпом збожжавыя. Потым выбралася ў Мінск. Тры месяцы даглядала кветкі ў Батанічным садзе. Але хацелася дамоў, у родную вёску. І яна вярнулася ў Затур’ю. У 16 гадоў засталася на Затур’янскай  малочнатаварнай ферме. Усё рабіла ўручную: даіла кароў, вёдрамі насіла малако, насіла кармы — сечку, жамерыны, буракі. Дзесяць гадоў адпрацавала на кароўніку. А пасля  25 — на мясцовай свінаферме. На ёй цяжкасці былі аналагічныя. Ручная работа забірала сілы і здароўе. Але жанчына спраўлялася. Працавала  добрасумленна, бо інакш яна проста не ўмее. Дабівалася нядрэнных паказчыкаў. І ў 1975 годзе  Леаніду Аляксееўну ўзнагародзілі  ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені. У 1976 годзе яна ўвашла ў лік пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва  ў гонар ХХV з’езда КПСС. На ўрачыстасць запрасілі ў Нясвіж — разам з іншымі работнікамі калгаса: Яўгеніяй Міронаўнай Кручок, Зінаідай Антонаўнай Баханкевіч, Генадзем Канстанцінавічам Русаком, Вікенціем Адамавічам Клокелем, Ула-дзімірам Аляксандравічам Кручком, Нінай Яфрэмаўнай Мохарт.

Ужо дваццаць гадоў Леаніда Аляксееўна  адпачывае ад калгаснай працы. Але без справы не сядзіць — з ранняй вясны да позняй восені яе сядзіба патанае ў кветках. Асабліва гаспадыні падабаюцца лілеі. Акрамя іх, тут  радуюць вока нарцысы і касачы, гладыёлусы і хрызантэмы, півоні і ружы, розныя аднагадовыя кветкі. Догляду патрабуюць агарод, малады сад, якія аддзякваюць за клопаты  ўра-джаем.

І падворак, і ўся сядзіба сялянкі чыстыя, дагледжаныя. У 2010 годзе яна стала пераможцам раённага конкурсу на лепшы падворак, атрымала каштоўны падарунак у раённым цэнтры культуры.

Шмат гадоў Леаніда Аляксееўна жыве адна — муж Канстанцін Адамавіч рана пайшоў з жыцця. Дзеці (а іх трое) раз’ехаліся, хто-куды: Мікалай — у Нясвіжы, Таццяна — у Лані, Уладзімір — у Мінску. Ва ўсіх — свае сем’і, дзеці. Леаніда Аляксееўна — не толькі шчаслівая бабуля (у яе сем унукаў), але і прабабуля (падрастаюць Канстанцін, Павел і Максім). Іх вялікая сям’я вельмі дружная. Дзеці часта наведваюць маму, дапамагаюць ёй. Унукі любяць бываць у бабулі, а яна — у іх дамах, бо вельмі ж цікава пагля-дзець на  самых маленькіх: як яны асвойваюць гэты свет, усміхаюцца добрай, адкрытай усмешкай — зусім такой, як у самой Леаніды Аляксееўны.

“Радасна ад цёплай  сустрэчы”

Ветэран працы адкрытага акцыянернага таварыства “Новае жыццё” Аляксандра Міхайлаўна Акулік (на фота — у цэнтры) жыве ў вёсцы Казлы.  Тут і працавала ўвесь час. Была на свінаферме. Два гады даглядала  адкормачнае пагалоўе, потым — матачнае. Глядзела  свінаматак, прымала апаросы. За год атрымлівала і перадавала на дарошчванне па 1000—1200 парасят. Тады, у канцы 60-х гадоў, калі ўсю работу на фермах выконвалі ўручную, гэта быў добры паказчык. Працавала і на цялятніку. Спачатку яе падапечнымі з’яўляліся маленькія цяляткі, потым — цялушкі. Месца работы жанчына мяняла не таму, што так хацелася ёй, што шукала, дзе лягчэй. Не. Наадварот. Так  складвалася сітуацыя на вытворчасці. Даглядаць цялушак складаней. Іх трэба было асемяняць, сачыць, каб усе аказаліся сцельнымі. Корм з вуліцы на падводзе цялятніцы прывозілі самі, яго трэба было раздаць. І каня дагледзець. Таму калгасніцы туды не вельмі хацелі ісці. А Аляксандру Акулік заатэхнік па-прасіў — яна і паслухала, перайшла. Заўсёды старалася ўнікнуць у праблему, зразумець яе і дапамагчы вырашыць. За такую безадмоўнасць яе і паважалі ў гаспадарцы. Ды і паказчыкі  ў Аляксандры Міхайлаўны заўсёды  былі  высокімі. Разам з ёю цялушак даглядалі Феафанія Васільеўна Гадун і Яніна Паўлаўна Гукала.

— На ферме заробкі ўсё-такі нядрэнныя былі і на той час. На 1 працадзень плацілі 20 капеек, — за тры месяцы я атрымлівала 30 рублёў. У паляводчай брыга-дзе працадзень каштаваў усяго 5 капеек, — расказвае Аляксандра Міхайлаўна.

— Памятаю, папрасіла я ў старшыні калгаса дазволу выдаць мне грошы раней прызначанага тэрміну, бо  трэба было купіць што-небудзь на ногі. Атрымала зарплату, паехала ў Клецк, набыла аж тры пары  туфляў — яны каштавалі па 8 — 9 рублёў. Радасці колькі было, задавальнення…Таму і трымалася фермы. У 1964 годзе (у мяне тады першая дачушка, Валя, нарадзілася, яшчэ хадзіць не ўмела)  тадышні старшыня калгаса Станіслаў Вікенцьевіч Санько (а быў гэта калгас “Дружба” з цэнтрам у Казлах) шукаў на малочнатаварную ферму даярку, часова, каб замяніць захварэўшую. Выклікаў у кабінет мо 30 жанчын. Яны ўсе адмаўляліся. Я зайшла апошняй. Сядзіць наш старшыня, кулаком галаву падпёршы, і кажа: “Не ведаю ўжо, што і гаварыць. Ніхто не хоча ісці з брыгады…” І я пайшла на тыя тры месяцы.  Мы з мужам збіраліся будаваць сваю хату. “Трэба паслухаць старшыню, бо нам жа будавацца, усё у калгасе выпісваць трэба. І ён нас паслухае”, — пераконвала мужа. Той згадзіўся, глядзеў малую, пакуль я бегла на  дойку. Некалі хаты ўсе самі сабе будавалі, цяжка было… Я і на кароўнік потым зусім перайшла, бо там болей плацілі. Памятаю, пяць тыдняў усяго мінула, як нарадзілася  трэцяя дзяўчынка, а я выйшла на работу. Пакідала дзяцей адных, на старэйшую дачку.

У сваю хату Аляксандра Міхайлаўна і Канстанцін Іванавіч пера-браліся з трыма дочкамі. Пасля нарадзіўся яшчэ і сынок. І зноў жанчына заспяшалася на работу, хаця хлопчыку споўнілася толькі чатыры  месяцы. Працавала, як заўсёды, сумленна, дабівалася высокіх надояў. У 1975 годзе А.М. Акулік узнагародзілі медалём “За працоўную адзнаку”.

…Нарадзілася Аляксандра Міхайлаўна ў ваенным 1943-м годзе, у вёсцы Жылічы Клецкага раёна. Была другім дзіцем у сям’і, яшчэ двое — малодшыя. Бацька памёр рана, Шуры споўнілася толькі дзесяць. Малых маці аддала ў дзіцячы дом, Шура з братам засталіся дома. Дзяўчынка закончыла толькі чатыры класы — давялося ісці працаваць, бо ні апрануцца, ні абуцца не было ў што. Айчым аказаўся чалавекам нядобрым, сіротам не дапамагаў, быццам іх зусім не было побач. Так у 13 гадоў Аляксандра пайшла  на свой хлеб. Служыла ў адной сям’і ў Баранавічах. Глядзела дваіх дзяцей і гаспадарку: свіней, курэй, трусоў. Паліла пліту, печ і печку.

У 14 гадоў засталася  ў сваім калгасе. З суседкай, звеннявой, вырошчвалі лён — палолі, рвалі. Зімой вазілі церці, потым — трапалі. Затым стала свінаркай на свінаферме ў роднай вёсцы.

Маладосць брала сваё. Юнакі і дзяўчаты хадзілі на святы, на гулянні, на танцы. Так і пазнаёмілася Аляксандра з хлопцам з Казлоў, Канстанцінам Акулікам, будучым мужам.

Дзесяць гадоў мінула, як яго не стала. Аляксандра Міхайлаўна жыве адна. Суседзі, кажа, добрыя — Валянціна Казіміраўна Гукала, Вера Іванаўна Пакіда, Марыя Сямёнаўна Карачун. Ёсць з кім словам перакінуцца. Вядома, дзеці і ўнукі  не забываюць, дапамагаюць маме і бабулі. Дзве дачкі працуюць медсёстрамі  ў Аношкаўскай амбулаторыі, адна — настаўніцай у Высокай Ліпе. Сын  жыве ў Расіі. У Аляксандры Міхайлаўны тры праўнукі.

— Як успамінаю сваё мінулае — цяжка на душы становіцца, — гаворыць мая суразмоўца. — Як мы выжывалі… Я кажу дзецям: няма  цяпер гора. І жыллё будуюць для людзей, і ў магазінах ёсць усё, што хочаш. А некалі — бяжыш з фермы, каб у краме хоць 200 грамаў варанай каўбасы купіць, дома ж дзеці малыя.  І не заўсёды прынясеш ім гэты гасцінец, бо не паспееш, раскупяць іншыя…

Аляксандра Міхайлаўна ўдзячна, што яе запрасілі  на абласное свята. Спадабалася, як там сардэчна іх прымалі. Як цёпла віталіся з дэлегатамі Нясвіжчыны былыя кіраўнікі раёна — Марыя Мікалаеўна Худая і Уладзімір Несцеравіч Дражын.

— Я вельмі задаволена гэтай  паездкай, — сказала яна мне  на развітанне.

І з песняй пасябравала 

У ветэрынарнага фельчара ААТ “17 Верасня” Галіны Кулакоўскай (на фота — справа) стаж пенсіянера зусім  невялікі — усяго год. А вось працоўны — 35 гадоў, і ўсе прайші на адным месцы, на комплексе па вырошчванні цялушак.

Родам яна — са Слонімскага  раёна. Закончыла ветэрынарнае аддзяленне Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума. У Галіны была сяброўка з заатэхнічнага аддзялення, Вольга Чухлей з Вялікай Ліпы. Разам здымалі прыватную кватэру. Прыязджалі дзяўчаты ўдваіх у вёску да Вольгі, тут Галіна і пазнаёмілася, пасябравала з мясцовым юнаком — Міхаілам Кулакоўскім, механізатарам. Маладыя спадабаліся адно аднаму, вырашылі пажаніц-ца. І размеркаванне ў тэхнікуме Галіна брала ўжо ў Нясвіжскі раён.

На комплексе было 2800 галоў. Цялушак пэўнай вагі, ва ўзросце каля месяца, адбіралі з усіх малочнатаварных фермаў і пераводзілі сюды, гадавалі, асемянялі для  ўзнаўлення дойнага статка. У абавязкі ветфельчара ўваходзіла своечасовае  правядзенне ўсіх неабходных вакцынацый. Добра пастаўленая прафілактычная работа выключала захворванні жывёлы. Адказвала Галіна Аляксееўна за каранціннае аддзяленне: каб своечасова была праведзена дэзінфекцыя клетак, карытаў, каб быў належны санітарны парадак. На першым  часе маладому спецыялісту  многа падказваў ветэрынарны  ўрач комплексу Антон Ігнацьевіч Гудыменка. Потым Галіна Аляксееўна працавала з ветурачамі Нінай Фёдараўнай Высотчанка і Васілём Мікалаевічам Данілевічам, з ветфельчарамі Сяргеем Іосіфавічам Гурыным і Віктарам Леанідавічам Ярошам. Спецыяліста ўмелага, вопытнага, Галіну Аляксееўну Кулакоўскую  паважалі ў гаспадарцы. Яна атрымлівала падзякі за працу. Паважаюць і цяпер, таму і вылучылі на абласную ўрачыстасць.

Галіна Аляксееўна і Міхаіл Мікалаевіч Кулакоўскія жывуць у Вялікай Ліпе ва ўласным доме. Некалі грошы на яго пакупку ад-клалі з падораных на вяселлі, дапамаглі яго і яе бацькі. У гэтым доме выраслі дзеці, дачка і сын. Абое сямейныя. Працуюць (правільней — служаць) у Нясвіжы, у ваеннай часці. У Галіны Аляксееўны двое ўнукаў.

Прыжылася жанчына на ліпаўскай зямлі. Кажа, брат за-прашаў пераехаць на радзіму, на Слонімшчыну, але яна вырашыла, што на новым месцы цяжка будзе зноў прывыкаць да калектыву, да суседзяў, а тут яе ўсе ведаюць, яна ўсіх ведае.

І не толькі  адной работай жыла мая суразмоўца. Яна вельмі любіць спяваць народныя песні.

— Мама мая добра спявала, — тлумачыць Галіна Аляксееўна. — Таму і я актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. У Вялікай Ліпе раней быў добры хор. Хадзіла на рэпетыцыі, ездзілі выступаць у Мінск, Заслаўе, Дзяржынск, Нясвіж, у СДК Высокай Ліпы часта  выступалі. У нас была такая  праграма — “Заручыны”, дык яе па тэлевізары паказвалі.  Цікавымі былі і іншыя праграмы: “Купалле”, “Цыгане”. З апошняй ездзілі да адпачываючых у нясвіжскім санаторыі.

Галіна Аляксееўна называе імёны ўдзельнікаў хору. Некаторыя з іх і мне добра знаёмыя. Еўдакія Вікенцьеўна Хвошч, Уладзімір Паўлавіч і Ніна Канстанцінаўна Сасноўскія, Ніла Вячаславаўна Карпач, Яўгенія Андрэеўна Яновіч…

— А муж, Міхаіл Мікалаевіч, не хадзіў з вамі на заняткі хору? — цікаўлюся.

—       Не. Муж з дзецьмі сядзеў, мяне адпускаў. І свякроў, Соф’я Пятроўна, адпускала. Яна казала: “Я спявала, і няхай цяпер нявестка спявае”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Дзмітрыя ЯШЧАНКІ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!