Дзякуй за працу, ветэраны!

распатнюк

Працягваем аповед аб лепшых людзях аграпрамысловага комплексу Нясвіжскага раёна, якія шмат зрабілі ў свой час для развіцця Мінскай вобласці. І напярэдадні Новага года былі запрошаны на абласную ўрачыстасць, дзе ўшаноўвалі паважаных ветэранаў сталічнага рэгіёна.

Дзе нарадзілася, там і згадзілася

Ветэран працы дзяржаўнага прадпрыемства  “Эксперыментальная база “Свеклавічная” Тамара Уладзіміраўна Распатнюк адносіцца да той кагорты людзей, пра якіх кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.

Тамара Распатнюк нарадзілася ў вёсцы Ужанка. Закончыла Гарадзейскую сярэднюю школу. Дапамагала сваёй маці даіць у саўгасе кароў, потым пайшла падменнай даяркай, а пазней узяла сабе пастаянную групу. Так у 1968 годзе засталася працаваць на Ужанкаўскай  малочнатаварнай ферме саўгаса “Буракаводчы”. І, як аказалася, надоўга. Справу сваю дзяўчына любіла, дома карову даіла пастаянна, так што вопыт пэўны мела. За высокія надоі яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай  Вярхоўнага Савета БССР. У 1974 годзе — ордэнам Працоўнай Славы 3-й  ступені.

У 1975 годзе Тамара Уладзіміраўна  завочна закончыла Смілавіцкі  тэхнікум па спецыяльнасці “заатэхнія”, атрымала дыплом з адзнакай. І адразу ж паступіла ў Віцебскі ветэрынарны інстытут на зоаінжынерны факультэт. Калі была на трэцім курсе, тадышні галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Аляксандраўна Стружко ўгаварыла пайсці  брыгадзірам фермы. Пераканала, што адукаваны спецыяліст на гэтай пасадзе прынясе больш карысці.

Імя маладой камуністкі Тамары Распатнюк было добра вядома не толькі на Нясвіжчыне. Баявая, актыўная, яна не толькі на  вытворчасці служыла прыкладам, але і актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. У 1974 г. Т.У. Распатнюк выбралі  дэпутатам Мінскага абласнога  Савета дэпутатаў. Пасля — дэпутатам Вярхоўнага Савета  БССР. Як народны выбраннік, дапамагала землякам вырашаць праблемныя пытанні. Так, з галоўным урачом Нясвіжскага  радзільнага дома Фаінай Арсенцьеўнай Булат дабіваліся, пісалі неабходныя пісьмы, каб пабудаваць у раддоме сваю кацельню. Пабудавалі. Падчас газіфікацыі вёскі  Ужанка таксама спатрэбілася дапамога дэпутата.

Самай значнай і запамінальнай  падзеяй у жыцці Тамары Уладзіміраўны быў, канечне ж, ХХV з’езд КПСС у 1975 годзе, на які яе дэлегавала  партыйная арганізацыя Нясвіжскага раёна. Па-першае, важнасць мела  сама прысутнасць на такім вялікім  форуме. Па-другое, знаёмства са знакамітымі і цікавымі  людзьмі. Беларускую дэлегацыю запрасіла на чай у Камітэт савецкіх жанчын яго старшыня, касманаўт СССР Валянціна Мікалаеўна Церашкова. А беларускі касманаўт Пётр Ільіч Клімук  правёў іх па Зорным гарадку, дзе жыла дэлегацыя, паказаў усе славутасці. Тамары Распатнюк уручылі ў Маскве значок “Малады гвар-дзеец пяцігодкі” з партрэтам Ю.А. Гагарына.

У тым жа годзе ёй пашчаслівілася пабываць за мяжой, у Даніі — у складзе савецкай групы Тамара Распатнюк была дэлегатам ад Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Паездка выклікала шмат эмоцый: жыццё еўрапейцаў было адрозным  ад нашага, больш багатым, прыгажэйшым. І скіравала на думку, што трэба імкнуцца, каб і ў Саюзе было не горш.

— Можа, і цяжка нам часам было, але жылі і працавалі неяк адкрыта, з энергічнасцю, — разважае Тамара Уладзіміраўна. — Тады гаспадаркі-суседзі спаборнічалі паміж сабой, і мы з працаўнікамі  саўгаса “Гарадзейскі” арганізоўвалі сумесныя “агеньчыкі”, збіраліся, падводзілі вынікі. Гэта падштурхоўвала кожнага: трэба зрабіць лепш, чым у суседа. Я пэўны час працавала вызваленым  старшынёй рабочага камітэта, потым  — вызваленым сакратаром парткама саўгаса. У нашай арганізацыі было 57 камуністаў, гэта — вялікая сіла, і нам многае было па плячы.

— Тамара Уладзіміраўна, калі б на абласным  свяце вам далі слова, аб чым бы вы гаварылі?

— Я б падзякавала ініцыятарам гэтага мерапрыемства за ўвагу да людзей старэйшага пакалення. І сказала б, што ў тых паказчыках, якіх дабілася Мінская вобласць, якія прыводзіў у сваім выступленні кіраўнік рэгіёна Сямён Барысавіч Шапіра, ёсць і наш уклад, работнікаў 70-х гадоў, калі ўсё дасягалася цяжкай  фізічнай працай.

На развітанне Тамара Уладзіміраўна паведаміла, што яна па-ранейшаму выпісвае  нашу газету, чытае яе столькі, колькі сябе памятае, бо і яе маці заўсёды падпісвалася на “раёнку”. Прыемна было чуць такое.

“Трэба любіць жыццё”

Ветэран працы ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Леаніла Антонаўна Махалік таксама  — выха- дзец з зямлі нясвіжскай. Яна нарадзілася ў вёсцы Круты Бераг, у сялянскай сям’і. Бацькі сваёй зямлі не мелі, працавалі на пана.

— Жылося бедна і цяжка, — гэтыя  словы Леанілы Антонаўны так сугучныя з тымі, што я ўжо чула ад людзей старэйшага пакалення, людзей, што нарадзі-ліся перад вайной, у час  яе ці адразу пасля вайны. Цяжкасці загартоўвалі характары, бацькі і дзяды цаной вялікіх высілкаў пераадольвалі іх, вучылі дзяцей працаваць добрасумленна, быць разважлівымі і гаспадарлівымі. Нашчадкі добра засвоілі  тыя ўрокі, сталі сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі, якімі мы сёння ганарымся, называем ветэранамі, бо тыя, хто нарадзіў-ся ў 1938—1945—1950-м гадах, даўно самі дзядулі і бабулі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны бацькі Леанілы Антонаўны вырашылі пераехаць у Саску Ліпку, атрымалі там надзел зямлі, завялі гаспадарку. Працавалі шмат — і дарослыя, і дзеці. А калі прыйшоў час калектывізацыі, у 1948 годзе сям’я Шапавал адной з першых уступіла ў калгас “Радзіма”. Маці пайшла даяркай, бацька даглядаў авечак.

— Мае бацькі марылі, каб у дзяцей быў лягчэйшы лёс, хацелі, каб мы вучыліся, — працягвае аповед Леаніла Антонаўна. — Я скончыла 6 класаў Саскаліпкаўскай школы, у Нясвіжы атрымала  сярэднюю адукацыю. У той час (а гэта быў 1955 год) мець сярэднюю адукацыю было вельмі прэстыжна. Пасля школы недзе з год  працавала бібліятэкарам. Але вабілі справы калгасныя, жыццё на вёсцы кіпела. Калектыўнае гаспадаранне на зямлі патрабавала маладых, адукаваных кадраў. Мяне пры-значылі звеннявой па вырошчванні ільну.

У 1957 годзе Леаніла выйшла замуж. Калі нарадзілася дачка, вырашылі, што дзяўчынку гля-дзець будзе  бабуля, а маладая жанчына пайшла даяркай на ферму, на матчыну групу. Энергіч-ная, з вялікім пачуццём адказнасці, Леаніла Махалік стала адной  з лепшых даярак у калгасе.

У 1959 годзе іх калгас “Радзіма” ў Саскай Ліпцы аб’ядналі з калгасам “ХХ партз’езд”, куды ўваходзілі  вёскі Карцэвічы, Альбянка, Сычэва, Альхоўка, Надзея. Старшынёй прыслалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера двух ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2-й ступені А.М. Цюрына. Аляксей Міхайлавіч разумеў, што сельскай гаспадарцы патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, рабіў стаўку на моладзь. Ведаў пра стараннасць Леанілы Махалік, і яе накіравалі на завочную вучобу  ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Калі атрымала ў 1971 годзе дыплом, прызначылі загадчыцай Саскаліпкаўскай малочнатаварнай фермы. Яна стала сведкам і ўдзельнікам першых значных пераўтварэнняў: на ферме зманціравалі механічную дойку малака ў бачкі, правялі вадаправод, бо дагэтуль  ганялі кароў да калодзежа і паілі з карыта.

У 1974 годзе Леаніле Махалік даручылі  выконваць абавязкі галоўнага заатэхніка. Яна старалася ўнікаць у новую справу, чаго не ведала — пыталася ў старэйшых, ездзіла да галоўнага заатэхніка Мікалая Філіпавіча Халадкова, які ляжаў у бальніцы, каб падказаў, навучыў. Навучылася. Ад-працавала на гэтай пасадзе 19 гадоў. І ўжо ў пенсійным узросце яшчэ тры гады была заатэхнікам-селекцыянерам  на сваёй жа, саскаліпкаўскай ферме.

Трэба адзначыць, што жыццё Леанілы Антонаўны было неспакойным, вірлівым. Яна працавала. Нарадзіла яшчэ траіх дзяцей. Завочна закончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут, заатэхнічны факультэт. Якраз была на сесіі, калі атрымала з дому навіну, што стала бабуляй. Канечне, справіцца з усім гэтым без надзейнага пляча родных не змагла б. Дапамагала мама, Марыя Антонаўна. Дзеці былі на ёй. Муж Леанілы Антонаўны, Станіслаў Вікенцьевіч, працаваў слесарам на ферме, быў заняты ад цямна да цямна, без выхадных. Таму цаніў уклад цешчы ў справы сям’і.

Калгас “Радзіма” мацнеў, развіваўся. Пабудавалі новыя кароўнікі, правялі малакаправод, запрацавалі транспарцёры па ўдаленні гною. Праца людзей станавілася лягчэйшай, вынікі іх намаганняў радавалі. Гаспадарка выйшла на перадавыя рубяжы ў раёне. Улічваючы значны ўклад Леанілы Махалік у вытворчасць, яе ў 1969 годзе ўзнагародзілі  бронзавым медалём ВДНГ СССР, а ў 1975-м — ордэнам “Знак Пашаны”. Яна стала выдатнікам сацыялістычнай сельскай гаспадаркі БССР. Да слова, за высокія  паказчыкі ў развіцці калгаса яго  старшыня А.М. Цюрын быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

— Што вы лічыце галоўным у жыцці? — спытала я ў сваёй суразмоўцы?

— Трэба любіць жыццё, не сумаваць па былых гадах, быць жыццярадасным, дарыць родным, блізкім, знаёмым і незнаёмым людзям усмешку, цяпло, дабрыню, — адказала Леаніла Антонаўна.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Дзмітрыя ЯШЧАНКІ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.