Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Дзякуй за працу, ветэраны!

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

DSC01911

Працягваем расказваць пра паважаных людзей Нясвіжскага раёна, якія былі запрошаны на абласное святочнае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню ветэранаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны.

Кавалер

трох ордэнаў



Ветэран працы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Агракамбінат Сноў” Леанід  Антонавіч Жданюк (на фота — злева) узнагароджаны  трыма ордэнамі. У 1971 годзе — “Знак Пашаны”, у 1973 г. — Кастрычніц-кай Рэвалюцыі, у 1986 г. — Працоўнага Чырвонага  Сцяга. А таксама медалём “За доблесную  працу”, залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ СССР за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі.

А гэта значыць, што прывітая з дзяцінства бацькамі любоў да зямлі  дала добры плён.

Закончыўшы пасля  школы Вілейскае прафтэхвучылішча ў 1961 годзе, юнак атрымаў прафесію  трактарыста-машыніста. Вярнуўся ў свой калгас “Шлях камунізму” Стаўбцоўскага  раёна, працаваў механізатарам да 1976 года. А пасля ўсёй сям’ёй — з жонкай Хрысцінай Баляславаўнай, дзецьмі Наталляй і Міхаілам — пераехалі на Нясвіж-чыну, у праслаўлены калгас імя Калініна, якія цяпер называецца агракамбінатам “Сноў”. Тут жыла сястра Хрысціны Баляславаўны. Жданюкі і прыехалі да яе, бо ведалі — калгасу патрэбны работнікі, і тут можна будзе атрымаць жыллё. Так яно і выйшла. Праз два тыдні пасля пераезду іх сям’і выдзелілі 2-пакаёвую кватэру. Хрысціна Баляславаўна ўладкавалася даяркай на ферму — у яе ўжо быў 15-гадовы вопыт  работы. Леанід Антонавіч — механізатарам. Такія людзі — умельцы сваёй справы — у калгасе  вельмі былі патрэбныя. Яны зарэкамендавалі сябе на сноўскай  зямлі добрасумленнымі, безадмоўнымі працаўнікамі. Калгас палепшыў іх жыллёвыя умовы — выдзеліў 3-пакаёвую кватэру. Абое былі ўдзельнікамі  ВДНГ СССР, абое — ардэнаносцы.

Трэба адзначыць, што два ордэны Леанід Антонавіч “зарабіў” на сваёй малой радзіме, а трэці — ужо на Сноўшчыне. Ён кіраваў трактарам МТЗ. Быў замацаваны за брыгадай № 4 (Горны Сноў).  Сеяў збожжавыя культуры. Саджаў бульбу, потым яе апрацоўваў, восенню — убіраў. Цюкаваў салому. Работы ў сельгаспрадпрыемстве шмат круглы год, і ўсё, што б ні даручалі, Леанід Антонавіч выконваў у тэрмін і якасна. Таму і ўраджай радаваў.

Мне неяк расказалі такі факт. Сцяпан Усцінавіч Сабко, старшыня калгаса, адкуль Жданюкі пераехалі на Нясвіжчыну, казаў са шкадаваннем пра іх колішняму  кіраўніку СВК “Агракамбінат Сноў” Міхаілу Аляксандравічу Карчміту:

— Такія добрыя людзі ад мяне паехалі…

Што ж, Леанід Антонавіч і Хрысціна Баляславаўна ўсё сваё працоўнае жыццё дэманстравалі найлепшыя чалавечыя якасці: працавітасць, добрасумленнасць, вялікае пачуццё адказнасці. Ён стаў ганаровым работнікам СВК “Агракамбінат Сноў”, яна  — заслужаным. У канцы 2015 года на абласную ўрачыстасць з нагоды  ўшанавання ветэранаў працы АПК Міншчыны запрашалі Хрысціну Баляславаўну. Летась — Леаніда Антонавіча, чалавека, які паўвека правёў за рулём трактара. І старшыня Мінаблвыканкама С.Б. Шапіра на свяце ўручыў Л.А. Жданюку Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і прыгожы букет кветак.

 

Сіла каранёў —

ад зямлі

Памятаю, як, прыйшоўшы на працу ў рэдакцыю “раёнкі” ў  1973 годзе,  я першае сваё інтэрв’ю брала ў маладога брыгадзіра з калгаса імя Леніна (тады быў такі калгас з цэнтрам у вёсцы Вялікая Быхаўшчына) — Міхаіла Глебава (на фота — у цэнтры). Імпанавалі яго  спакойная разважлівасць, грунтоўнасць, добрае веданне сваёй справы. Хаця брыгадзірам працаваў усяго паўтара года, але было відаць: чалавек на сваім месцы, дасканала засвоіў тэарэтычныя веды і падмацоўвае іх практыкай. Міхаіл Іванавіч на той час адслужыў у арміі, закончыў Мар’інагорскі  саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці “агранамія”. Я таксама мела дыплом агранома, так што прадмет нашай гутаркі — праца на зямлі, тэхналогія вырошчвання сельгаскультур — быў добра знаёмы  абодвум. Публікацыя для “Чырвонага сцяга” ўдалася. Цяпер жартуем, што ў Міхаіла Іванавіча была лёгкая рука… Потым за час маёй работы такіх сустрэч і інтэрв’ю аб справах яго паляводчай брыгады,  у вёсцы Міцькавічы, было шмат. А расказваць сапраўды было пра што. Брыгада пад кіраўніцтвам  М.І. Глебава вырошчвала высокія  ўраджаі збожжавых, бульбы, буракоў. У 1975 годзе Міхаіла Іванавіча ўзнагародзілі сярэбраным медалём ВДНГ СССР за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі. У 1976 годзе — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1976 і 1977-м гадах яму ўручылі знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” і “Ударнік  адзінаццатай пяцігодкі”. Пазней, у 2007 г., яго праца была адзначана і ўзнагародай суверэннай беларускай дзяржавы — Ганаровай граматай Нацыянальнага  сходу Рэспублікі Беларусь.

Міхаіл Іванавіч больш за 41 год кіраваў сваёй брыгадай. У лютым 2013-га, ужо маючы пенсійны  ўзрост, пакінуў гэтую работу, але застаўся яшчэ брыгадзірам каняфермы: любіў жывёлу, любіў наводзіць і падтрымліваць у гаспадарцы парадак. І толькі ў снежні 2015-га пайшоў на заслужаны адпачынак.

— Чаму выбралі прафесію агранома? — пацікавілася я ў свайго суразмоўцы.

— Маё прозвішча Глебаў  само за сябе гаворыць: працаваць я павінен на глебе, на зямлі, — усміхнуўся Міхаіл Іванавіч. — У школе на “выдатна” ведаў замежную мову, хацеў і далей яе вывучаць, але мама гадавала мяне з братамі адна, бацька наш рана памёр, таму давялося замест інстытута падавацца ў тэхнікум, каб не ствараць цяжкасцей сям’і. Мама і накіраванне ў калгасе для мяне  папрасіла, каб стыпендыю крыху большую атрымліваў. Праўда, большая яна была ўсяго на тры рублі. Таму, каб мець нейкія грошы, як кажуць, на кішэнныя расходы, мы, навучэнцы тэхнікума, пасля заняткаў хадзілі разгружаць вагоны з вугалем.

— Хто стаў вашым настаўнікам па жыцці, дапамагаў рабіць першыя  самастойныя крокі на пасадзе брыгадзіра?

— Паляводчую брыгаду ў Малой Быхаўшчыне  ўзначальваў Васіль Пятровіч Дубянкоў, кавалер ордэна “Знак Пашаны”. Ён тлумачыў мне, як лепш арганізаваць работу, як кантраляваць яе выкананне, як працаваць з людзьмі.

— У чым, па-вашаму, сакрэт работы з людзьмі?

— У павазе да іх. Да іх прафесіі, працы, да асобы. Я ніколі нікому “ты” не сказаў. Па імені і па бацьку называў.

Быў у жыцці М.І. Глебава яшчэ адзін настаўнік на роднай зямлі. Механізатар калгаса Іван Якаўлевіч Шынгель.  Чалавек самаадданы, гаспадарлівы, сумленны. Прафесіянал сваёй справы. За што б ні браўся — усё выконваў найлепшым чынам. Нездарма ж меў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль “За доблесную працу”, бронзавы медаль ВДНГ СССР. Малады брыгадзір назіраў за працай меха-нізатара і набіраўся вопыту. А павучыцца можна было працавітасці Івана Якаўлевіча, яго арганізаванасці. Разгоніць, бывае, градусы бульбы капалкай для 60 брыгадных жанчын і адразу ж  чапляе бульбаўборачны камбайн, выводзіць яго на палетак. А вечарам навешваў на трактар буртаўкладчык, закрываў зямлёй бурты з клубнямі. Умець так спрасаваць гадзіны, каб за дзень выканаць максімум работы — вось такі ўрок вынес Міхаіл Глебаў. І кіраваўся ім усе  далейшыя гады.

Не парвалі сувязі з малой ра-дзімай і сыны Міхаіла Іванавіча. Старэйшы, Сяргей, працуе ў Міцькавічах конюхам. Малодшы, Дзмітрый — механізатарам у сваёй жа гаспадарцы, якая называецца цяпер адкрытым акцыянерным таварыствам  “Лань-Нясвіж”. Вясной сее кукурузу. Летам убірае збажыну, восенню — цукровыя буракі. Глебавы моцна трымаюцца каранямі за родную зямлю.

 

Шляхі-пуцявіны

Перачытваючы кнігу “Памяць. Нясвіжскі раён”, адзначыла, што апошнія савецкія  ордэны за працоўныя поспехі ўручаліся ў 1988 годзе. Сярод узнагароджаных тады жыхароў Нясвіжчыны быў  і Іосіф Іосіфавіч Дашкевіч (на фота — справа), механізатар саўгаса “Буракаводчы”, цяпер гэта — дзяржаўнае прадпрыемства “Эксперыментальная база  “Свеклавічная”. Грудзі перадавіка вытворчасці ўпрыгожыў  ордэн “Знак Пашаны”.

Працоўную дзейнасць Іосіф Дашкевіч пачаў у 1957 годзе. Сярэднюю адукацыю атрымліваў у школе рабочай моладзі, адначасова  працаваў у калгасе імя Талстога  (вёска Ужанка). Быў прычэпшчыкам, капніцельшчыкам на збожжавым камбайне, памочнікам камбайнера. Атрымаўшы разам  з атэстатам сталасці правы на ваджэнне трактара, юнак у 1959 годзе пачаў працаваць трактарыстам. МТЗ-2 эксплуатавалі ўдваіх з напарнікам Іванам Козелам — той вучыў маладога калегу. Пазней Іосіфу Дашкевічу  далі новы Т-16. Выконваў на ім розныя  работы:  уносіў угнаенні, высаджваў караняплоды буракоў на насенне.

Затым была служба ў арміі. Яна праходзіла на  Сяміпалацінскім палігоне ў Казахстане.

Пасля дэмабілізацыі застаўся трактарыстам у Нясвіжскай райсельгастэхніцы, затым  7 гадоў адпрацаваў слесарам  на Гара-дзейскім цукровым заводзе. У 1973-м перайшоў у саўгас  “Буракаводчы”. Тут якраз актыўна  будавалі жыллё, і праз паўгода сям’я Дашкевічаў атрымала кватэру.

У саўгасе механізатар  самастойна асвоіў  экскаватар. Адначасова ў яго распараджэнні была касілка Е-301, на якой  убіраў травы, і збожжаўборачны  камбайн СК-4. З часам гаспадарка набыла  новы пагрузчык  ПС-45 на         К-701, які даверылі  Іосіфу Іосіфавічу Дашкевічу. На ім механізатар  ударна адпрацаваў 15 гадоў. А пасля зноў перасеў на новую тэхніку — пагрузчык “Амкадор”. На любых відах работ  Іосіф Іосіфавіч дэманстраваў высокі  прафесіяналізм, акуратнасць, добрасумленнасць. Яго неаднойчы ўзнагароджвалі граматамі, каштоўнымі падарункамі. У 1990 годзе стаў  удзельнікам ХХVІІІ з’езда КПСС у Маскве. Там яго выбралі  членам Цэнтральнай кантрольнай  камісіі Кампартыі Савецкага Саюза. Адпаведнае пасведчанне, як і дэпутацкі мандат, Іосіф  Іосіфавіч захоўвае. З часам гэтыя дакументы стануць  рарытэтамі, сапраўднай гістарычнай каштоўнасцю і будуць згадваць унукам, праўнукам, прапраўнукам пра іх знакамітага дзядулю. А цяпер Іосіф Іо-сіфавіч з задавальненнем расказвае пра экскурсію ў Музей касманаўтыкі, якая была для іх арганізавана ў дні работы з’езда, дзе пашчасціла пабачыць экспанаты-сведкі велізарнага подзвігу  чалавека — пакарэння Сусвету.

Ёсць у біяграфіі І.І. Дашкевіча яшчэ адзін факт, пра які нельга не сказаць. У чэрвені 1986 года ён  удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Працоўныя калектывы пасылалі  на дапамогу людзям, што трапілі ў бяду, сваіх лепшых прадстаўнікоў. Паехаў у каман-дзіроўку разам з рабочымі ПМК па механізацыі працаёмкіх працэсаў райсельгастэхнікі. Капаў на сваім  экскаватары траншэі для пракладкі водаправода ў Нараўлянскім раёне, у 30-кіламетровай зоне. Потым гэты водаправод ставілі на кансервацыю, таму што людзі пакідалі свае населеныя пункты. 20 дзён адпрацаваў Іосіф Іосіфавіч на пакрытай радыяцыяй зямлі. Ён мае знак “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”. І толькі, магчыма, таму, што пасля гэтага часта папраўляў здароўе ў санаторыях, ён сёння, як кажуць, на сваіх нагах. Хаця хваробы даюць пра сябе знаць. Летась Іосіфу Іосіфавічу  споўнілася 75. Звольніўшыся з работы ў 2012 годзе, ён падчас уборкі збожжавых па просьбе кіраўніцтва вярнуўся на свой пагрузчык. На чатыры месяцы, калі асабліва патрэбныя рабочыя рукі. Грузіў збожжа, кармы, угнаенні. Аналагічнае атрымалася і ў 2013-м. Вопытны механізатар стаў  незаменным чалавекам у калектыве.

50 гадоў у згодзе і павазе пражыў мой суразмоўца са  сваёй жонкай, Марыяй  Міхайлаўнай. Выхавалі траіх дзяцей.

— Як вы пазнаёміліся?

— Выпадкова. Прыехала ў госці  сястра з мужам, мы зайшлі ў Гарадзеі  ў кафэ. А Марыя  там афіцыянткай працавала. Сястра гаворыць: “Глянь, якая прыгожая дзяўчынка…” Я засмяяўся: “Будзе  маёй жонкай”. Так і атрымалася.

Кажуць, мужчына ў сваім жыцці павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына. Іосіф Іосіфавіч пабудаваў два дамы, пасадзіў не адно  дрэва і дзецям, у тым ліку сыну, даў пуцёўку ў жыццё. Каб род Дашкевічаў працягваўся.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Дзмітрыя ЯШЧАНКІ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!