Галоўнае — умець дамаўляцца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

obshaya

Адзін за адным бягуць дні, тыдні, месяцы, а за імі — гады. Растуць дзеці, сталеюць дарослыя. Толькі што мы перагарнулі апошнюю старонку календара 2016-га. А пакуль самы час, каб успомніць, якім ён быў, прааналізаваць, зрабіць высновы.

Асабліва запамінальным мінулы год стаў для сям’і Галіны Леанідаўны і Ігара Вітальевіча Бушмакіных з Нясвіжа, якія напрыканцы 2016-га адзначылі 25 год з дня адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Віншаванні з гэтай нагоды яны прымалі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама, а таксама ад Беларускага дзіцячага фонду, які падараваў квіткі на навагодняе прадстаўленне для ўсёй сям’і ў тэатр юнага гледача.

Як расказала гаспадыня, Галіна Леанідаўна, сям’я для іх — гэта ўсё. Гэта жыццё, па якім яны ідуць побач. Галоўнае — умець дамаўляцца.

А пачыналася ўсё ў далёкіх 1990-1991 гг. У сям’і Ігара і Галіны на той час было дзве дачкі. Старэйшая паступіла ў ліцэй мастацтваў у Мінск і павінна была там жыць, прыязджала толькі на выхадныя. Малодшая сумавала адна. У гэты час у Арменіі адбыўся землятрус. Сродкі масавай інфармацыі зрабілі тэлемарафон, які ішоў некалькі сутак запар. Сямейная пара, якой было нямногім больш за трыццаць, глядзела, думала, а паколькі пакой старэйшай дачкі пуставаў, то Галіна і Ігар Бушмакіны вырашылі, што маглі б на некаторы час даць прытулак армянскім дзецям, якія ў той страшнай сітуацыі засталіся без бацькоў. (Дарэчы, генератарам ідэй у сям’і з’яўляецца гаспадыня, а муж дапамагае ўвасобіць іх у жыццё.) Але іх прапанову ў армянскім пасольстве не задаволілі. Затым быў зварот у Беларускі дзіцячы фонд, Даматканавіцкі дзіцячы дом Клецкага раёна — хацелі ўзяць дзяўчынку, але яна была з малодшым братам. Узялі дваіх. Так у сям’і Бушмакіных у 1991 го-дзе з’явіліся першыя прыёмныя дзеці, вучні чацвёртага і першага класаў. Потым у сям’ю прыходзілі новыя, яшчэ і яшчэ. Кожны са сваім лёсам і жыццёвымі абставінамі. Як зазначыла Галіна Леанідаўна, было нялёгка, і дзецям, і дарослым таксама, бо працэс адаптацыі складаны. Каб яго прайсці, дзіцяці патрэбна ад двух месяцаў да аднаго года. Лягчэй тым, хто валодае пэўнымі маральнымі нормамі і правіламі паводзін. Задача ж дарослых — прыняць дзіця такім, якое яно ёсць, паставіць, як кажуць, на ногі, дапамагчы атрымаць адукацыю. Дзеці паступова прывыкаюць адзін да аднаго. У кожнага члена сям’і ёсць свае абавязкі — памыць падлогу, накарміць курэй ці чацвераногага сябра. У сезон дапамагчы дарослым у садзе, агародзе; малодшым — у выкананні дамашняга задання, а па меры неабходнасці гэта робяць бацькі. Без узаемадапамогі, узаемавыручкі і клопату адзін аб адным у вялікай сям’і не абысціся.

У нашай гутарцы Галіна Бушмакіна прывяла такую заканамернасць: калі некалькі дзяцей з адной сям’і трапляюць у прытулак, там яны аб’ядноўваюцца разам, старэйшыя бяруць адказнасць за сваіх малодшых брата ці сястру, хвалююцца за іх. І калі адтуль прыходзяць у прыёмную сям’ю, працягваюць гэта рабіць яшчэ некаторы час, пакуль не прывыкнуць, не расслабяцца. Напрыклад, старэйшы не стане есці, пакуль не будзе ўпэўнены ў тым, што ў малодшага таксама ёсць ежа.

Чвэрць стагоддзя — гэта даволі доўгі жыццёвы адрэзак для сумеснага жыцця, для выхавання дзяцей, асабліва, калі іх многа, і кожнаму патрэбна ўдзяліць час, увагу, дапамагчы, падтрымаць, накіраваць і г.д. Як правіла, дзеці ў сям’і Бушмакіных заканчваюць дзевяць класаў, затым атрымліваюць прафесію, магчымасць жыць і зарабляць самастойна. За гэты працяглы перыяд Галіна Леанідаўна і Ігар Вітальевіч выхавалі і далі пуцёўку ў жыццё 22 дзецям, з якіх трое — дзве дачкі і сын — свае. Дочкі атрымалі добрую адукацыю, жывуць самастойна. Сын яшчэ студэнт, рыхтуецца стаць урачом. Сярод прыёмных — людзі розных прафесій: два педагогі, два яшчэ атрымліваюць гэту прафесію, ёсць будаўнік, музыкант і іншыя. Як адзначыла Галіна Леанідаўна, дапамогу дарослыя аказваюць дзецям заўсёды, да той пары, пакуль у ёй ёсць неабходнасць. Для выхаванцаў заўсёды адчынены дзверы дома, у якім яны выраслі.

За шматгадовую паспяховую работу па выхаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Ігар і Галіна Бушмакіны ў 2011 годзе атрымалі прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адра-джэнне”.

Зараз у сям’і выхоўваюцца пяцёра дзяцей, старэйшаму з іх 16, малодшаму 5 гадоў. Яны займаюцца тэнісам, валейболам, харэаграфіяй, наведваюць тэатральны гурток.

Па традыцыі вялікая сям’я збіраецца  ў доме Бушмакіных на Новы год. Прыязджаюць дарослыя дзеці са сваімі сем’ямі (у Галіны Леанідаўны і Ігара Вітальевіча пакуль трое ўнукаў), усіх 20 — 25 чалавек. За вялікім святочным сталом дзеляцца сваімі поспехамі, радасцю і падарункамі.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

Фота з сямейнага архіва Бушмакіных.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.