Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

КУФЕЛЬ

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Сярэбраны куфель

У Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі  зараз налічваецца 10496 экспанатаў у асноўным фондзе і 2200 экспанатаў — у навукова-дапаможным. Супрацоўнікі музея рэгулярна абнаўляюць экспазіцыі, каб прадэманстраваць наведвальнікам як мага большую колькасць музейных багаццяў, даць больш поўную карціну нашага гістарычнага мінулага.



Сёння на старонках газеты мы пачынаем знаёміць чытачоў з самымі цікавымі, каштоўнымі экспанатамі. Расказ пра іх пачынае галоўны захавальнік фондаў Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея  Аксана ФАЛЕЙ:

— Гэты куфель падчас сельскагаспадарчых работ знайшоў у сваім агародзе несвіжанін Іван Дзмітрыевіч Дашко. І прынёс у наш музей. Гэта было ў 1996 годзе.

Ёсць меркаванне, што прадмет быў зроблены па загадзе аднаго з Радзівілаў і захоўваўся на працягу некалькіх стагоддзяў у Нясвіжскім замку. Куфель выканаў у Кенігсбергу Каралеўства Прусіі паміж 1720 і 1757 гадамі нямецкі майстар Андрэас Юнге І (1686 — 1757 гады). Падобная работа  гэтага ж майстра, створаная каля 1750 года, знахо-дзіцца ў музеі мастацтваў Лос-Анджэлеса.

З 2012 па 2016 год куфель экспанаваўся  ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, быў атрыбутыраваны навуковымі супрацоўнікамі  музея-запаведніка. За што мы ім вельмі ўдзячныя.

Што ж уяўляе сабой куфель? Цыліндрычная, закругленая  ёмістасць дыяметрам 96 міліметраў з сярэбранай бляхі таўшчынёй каля 1 мм, дэкараванай манетамі, з С-падобнай рэльефнай ручкай, якая знізу завяршаецца фігурнай платформай у форме геральдычнага шчыта. Зверху да куфля прымацавана накрыўка дыяметрам 107 мм, упрыгожаная пасмяротным меда-     лём у гонар Багуслава Радзівіла (1620—1669), які быў зроблены гданьскім медальерам Янам Хёнам Малодшым (1642—1693). На аверсе медаля — выява партрэта Багуслава Радзівіла ў анфас, па краі — кругавы надпіс “BOGUSLAUS RADZVIL. DUX” (“Багуслаў — князь Радзівіл”). На рэверсе — выява кароны ў аблоках, ніжэй — надпіс “TANDEM” (“У рэшце рэшт”). Пад каронай у цэнтры медаля размешчаны тры абеліскі, з надпісамі пад кожным. Першы абеліск увянчаны крылатым сонцам, у аснове манумента — дата “1620” і надпіс “ORBI” (“Свету”). На другім абеліску — пара галубкоў і дата ў аснове “1656” з надпісамі “SIBI” (“Сабе”). На трэцім абеліску размешчаны чэрап з крыламі і дата на пастаменце “1669” з надпісам “NATURAE” (“Прыродзе”).

Корпус куфля дэкараваны 12 манетамі наміналам у 1, 1/2 і 2/3 талера Свяшчэннай Рымскай імперыі — у тры рады, па 4 манеты ў кожным радзе. Манеты ўпаяны ў прарэзаныя ў лісце адтуліны ўнахлёст па знешнім боку ліста і выступаюць на 1—1,5 мм. Дыяметр манет у сярэднім радзе — 40 мм, у верхнім і ніжнім радах — 35 мм. Верхні рад складаецца з манет з выявамі “дзікага чалавека” з дрэвам у правай руцэ. Ніжні рад — з манет з выявамі каня, які скача ў правы бок. У сярэднім радзе сабраны манеты з выявамі Маці Божай з дзіцём, распятага Хрыста, Святога Георгія вярхом на кані з мячом у руцэ, які забівае змея, і “дзікага чалавека”. Верхні і ніжні рады з’яўляюцца арнаментальнымі, паколькі маюць элемент, які паўтараецца некалькі разоў.

Дзесяць манет належыць герцагствам Брауншвейг-Люнебург і Брауншвейг-Вольфенбютэль. Самыя раннія былі адчаканены падчас кіравання герцага Генрыха Юлія Брауншвейг-Вольфенбютэля (1589—1613) у 1599  і 1605 гадах, самая позняя — падчас праўлення герцага Аўгуста Вільгельма Брауншвейг-Вольфенбютэля (1717—1731) у 1720 годзе.

Аб тым, хто аўтар вырабу, сведчыць кляймо авальнай формы з ініцыяламі аўтара — нямецкага майстра Андрэаса Юнге І (Andreas Junge I).

Матэрыял вырабу — срэбра, тэхніка — ліццё, чаканка, паянне, залачэнне.

Падчас аднаго з візітаў у Нясвіж княжна Эльжбета  Радзівіл наведала гісторыка-краязнаўчы музей, каб пабачыць каштоўнасць, якая, хутчэй за ўсё, належала яе сям’і.

Падрыхтавала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!