…Не мерзне — дрэмле наваколле Ў чароўным сне зімовых мар…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

img_3768

***

Сняжынкі да вакна прытуліліся,

Няздольныя адарвацца ад агню.

Шыбы кроплямі праслязіліся,

Струменячы калючую цеплыню.

 

За вакном завіруха кленчыць,

Ноч непраглядная чарнее,

Вецер прастуджана енчыць,

Душа снежня нібыта нямее.

 

Наступ зімы не супыніць:

Усе шляхі засыпаны снегам.

Святло надзеі слаба гарыць,

Вабіць утульным начлегам.

 

Гэта святло не загашу да ранку,

Ноч буду за нас маліцца,

Каб не размінуцца,

шукаючы прыстанку,

Каб уначы не заблудзіцца…

Віктар ХМАРУК.

Грукат

Грукат,

грукат,

грукат,

Грукат ізноў ды ізноў.

Без думкі,

адзіны той грукат,

Ды рыфма

без сэнсу, без слоў.

 

Усё —

рытмічна-зайздросна!

Ды

думкі няма аніяк,

У грукаце  зблытаў ты кросны,

Не хлеб атрымаўся —

ляпак!

 

Што славіш, куды ты вядзеш?

Каханне, красу, а мо мэту?

Мо шляху напрамак ты

людзям  даеш?

… У грукаце знік ты …

Эй!!!

Дзе ты?

 

Калі

(Панегірык па сабе)

Калі усім ты не патрэбны,

Калі усім ты замінаеш,

Калі у хаце ты, як мэбля,

Што за сабой пакінуць маеш?

 

— Свае шчаслівыя гады,

Калі такі быў малады,

І яркім полымем гарэў?

… Ды, можа, не гарэў, а тлеў?

 

Калі гарэла што, то — згасла!

Добра, хоць зараз зразумеў,

Жыцця галоўную ты частку

Згубіў. І тэму ты не спеў.

 

Згубіў… І зараз атрымаў

Ўсё тое, што табе належыць:

Пустэчу, дробязь нейкіх спраў…

…Такім вось быў,

Такім сканаў!

 

***

Пасля свята засталіся

непатрэбнымі дзве звараныя морквы і бурак…

Засталіся — не трэба на свята,

Бо й без вас на стале тут багата.

Заняло ўсё заморскае зелле,

Бы замежнае правяць вяселле…

Засталося ўсё нашае збоку

І гніе у кутку адзінока…

 

Выбор   

Глубокая бездонность неба

И — маленькое облачко.

…Или стань тучей,

или растай!

 

Чорна-белае

Нараджаешся — бачыш свет!

Паміраеш — бачыш сусвет…

 

Судьба  поэта

Ты пиши, когда есть что сказать,

Когда просто не можешь молчать,

Когда мысли, идеи и Зов

Заставляют тебя вновь и вновь

Брать перо и творить…

Только так стоит жить!

Владимир ЖИЛКО.

 

Віншаванне

Год стары ў дарогу збіраецца,

Зацугляныя коні ў двары.

Так заведзена — ўсё паўтараецца

І не зменім нічога, сябры.

Не тужыце. Гадоў у нас многа,

Не губляйце жаданых надзей.

Пераступіць прыступкі парога

Шмат сардэчных і чулых людзей.

Злосць і зайздрасць

развеюцца з дымам,

Сыдзе скруха ў балотную гаць,

Тыя, хто ў расстанні з радзімай,

Будуць цёплыя пісьмы пісаць.

Годнасць, шчырасць

і ласку не страцім,

Кожны дзень станем

сонца страчаць,

Вокны будуць свяціцца ў хаце,

Будуць дзеці да нас прыязджаць.

Будзе роўнай і светлай дарога,

Лёс адкрые жаданняў замкі.

Шчасця, веры, спагады ад Бога,

З Новым годам, мае землякі!

 

Нясвіжская

брама

Стаіць, як легенда сівая,

Даўніны былой калыскаю,

Вякоў праляцеўшых

сведка нямая,

Старая брама нясвіжская.

Мужна глядзела ты

ў вочы раскосыя,

Дзіды тупіла ты польскім уланам,

Каб на зямлі, умытай белымі росамі,

Вораг не чуў сябе панам.

Так, сцежка да брамы

крывавай была,

А кроў яе цэглу крапіла,

І быццам у казцы магутнасць расла

Магнатаў былых Радзівілаў.

Якія б цябе не ламалі няўзгоды,

Ты ўсё ж ім на страх ацалела.

Лашчацца возера сінія воды

Да плітаў тваіх замшэлых.

Калі ж я вандрую

шляхамі няблізкімі,

То сэрца шчыміць, ўспамінае:

Дзесьці далёка брама

нясвіжская

Верна мяне чакае.

 

Пакінутая хата

Зноў мне прыснілася

родная хата,

Снег каля весніц дарожкі замёў.

Неруш за брамай,

глядзець дзікавата,

Дымам не пахне, не бачна слядоў.

Холадна вокны глядзяць

на дарогу,

Дзверы пільнуе пудовы замок.

Як сірацінка, сцялася нябога,

Быццам чакае кагосьці знарок.

Замець ёй снегу наслала

на плечы,

Студзень дыван палажыў

на парог…

Дасць Бог, прыедуць!

Падпаляць у печы,

Вокны памыюць

і здымуць замок.

Вернецца кот, што сышоў

да суседзяў,

Ў студні, як дзед,

журавель заскрыпіць.

…Я гэты сон да канца не дагледзеў.

Заўтра дасню. А то сэрца баліць.

Аляксандр РАМАНЧУК.

 

***

Я иду по яркой галерее

Млечного холодного пути.

Я иду. А сердце леденеет

И легко над звездами идти.

Дышится

привычно звездной пылью,

Обжигают душу звезд лучи.

Почему-то мне

в людском бессильи

Так легко над звездами идти.

Я смотрю, как под ногами тлеют

Золотые искорки огня.

В гулких звезд

просторной галерее

Целый мир, открытый для меня.

Лилия КРУТОВА.

 

Встречая

2017-й год

Усмехнулся календарь:

«К вам приходит праздник.

Новый год. Петух-Январь —

Зимушки проказник».

 

В небесах и  над Землей, —

В звездах перламутра,

Приказал декабрь — с мечтой

Повстречаться  утром!

 

Миллионом петушков

Белый снег искрится,

Из-под пышных облаков

Беларусь струится…

 

Курица летит  с небес —

Пухом мир разлился.

Полный сказочных чудес,

Новый Год  явился!

 

Нешаблонный

снег

Снег танцует…

Шаблон и банальность.

А иначе придумать — никак?

Свежим пухом укрылись

деревья,

Шарфом снежным —

дворы и дома…

 

Что, всё это давно уже сказано?

Повторил не один поэт?!

Но гляжу я на зиму и кажется — Рождества я увидел свет.

 

Предпраздничное

Снегу море намело,

В мире  свято и бело.

Бор дремучий приумолк —

Приоделся в райский шелк.

 

Глянет солнце —  луч скользнет,

Освещая небосвод.

Край, уснувший чутким  сном,

Заискрится серебром.

 

Почти заклинание

Все трудности быта

с молитвой прими,

Учись подлецам в лицо

рассмеяться,

Умей быть звездою

в холодной ночи,

И солнцем свети,

чтобы Хлебу подняться.

 Константин КОРНЕЛЮК.

 

Вецер з роднага боку

Вецер з роднага боку,

Ён павеяў у спёку,

Наталяючы смагу, —

І яго я пазнаў

Па наднёманскім паху

Спелых кветак і траў.

Госць жаданы здалёку —

Вецер з роднага боку.

 

Вецер з роднага боку,

Ён без сонца, у змроку,

Не згубіўся ў бязмежжы,

Самы лепшы з вятроў:

Лёгкі, мяккі і свежы,

Як дыханне сяброў.

Госць жаданы здалёку —

Вецер з роднага боку.

 

Вецер з роднага боку,

Ён да мілых вытокаў

Кліча ў госці, няйначай,

За круты небасхіл, —

Да калыскі дзіцячай,

Да бацькоўскіх магіл.

Госць жаданы здалёку —

Вецер з роднага боку.

 

Зорка

След твой даўно на зямлі

Снег і пясок

Замялі.

Ты мне ўсміхаешся з вечнасці,

Зоркаю ззяеш уранні,

Зоркаю ззяеш увечары —

І абяцаеш спатканне.

Смутак палыніцца горка,

Страціць яшчэ раз баюся:

Ты не зляціш, мая зорка, —

Сам да цябе падымуся.

Толькі там, угары,

Знічкаю ты

Не згары!

Мікола МАЛЯЎКА.

 

Роднае слова

Дарагое, роднае, святое,

Слова беларускае маё!

Ты, як тое сонца залатое,

Льеш сваё адвечнае святло.

Гучнае, праўдзівае, жывое,

Слова беларускае маё!

Ты наскрозь пранізана любоўю,

Поўнасцю прасякнута дабром.

Цёплае, гаючае, зямное,

Слова беларускае маё!

Поўніш ты пяшчотай і спакоем,

Сэрца саграеш маё цяплом.

Шчырае, ласкавае, людское,

Слова беларускае маё!

Сяргей САМАХВАЛ.

 

Зімовае

Спыняе дзень свой хуткі бег,

І так пяшчотна, так старанна,

На глебе лужыны, бы раны,

Як бінт, хавае белы снег.

І беллю свеціцца абшар,

І ў цішыні застыла голле,

Не мерзне — дрэмле наваколле

Ў чароўным сне зімовых мар.

У харастве спачылі дні,

І больш не точыць сэрца скруха.

І толькі чуйна ловіць вуха

Напеў зімовай цішыні.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.  

 

***

Я апынуўся ў дзіўнай краіне —

без болю, думак і без

жаху. А рэчка жыла ў каляіне,

квітнеў паўсюдна там бэз.

 

Водарам плыў

пах духмянага жыта

праз заліўныя лугі.

шчасцем была мая

сцежка спавіта,

забыта сцежка тугі.

 

Птушкі спявалі чароўныя песні,

і вабілі гукі мяне.

І я забыўся тады напрадвесні

пра згубы свае на вайне.

 

Сонца лунала ў пякучым

змярканні.

Ішла ноч ценем са мной,

і частавала тады на спатканні

кавалкам свету, душой.

 

Сцежку мінуў я праз кіламетры,

зачараваныя сном.

Дождж жа ішоў

з цёплым подыхам ветру,

і вецер  з лагодным  дажджом.

 

***

Я вярнуся у новым абліччы,

і ніхто не пазнае мяне.

Пазнікаюць і  зменяцца лічбы,

мае думкі вятрыска знясе.

 

І застыне час вольнай хадою

на бяздонных зрэнках вачэй.

Захлынуцца цяжкай тугою

гэтым разам мне будзе лягчэй.

 

Я ўсяго часцінка на полі,

на бязмежным паркалі крыві,

механізм нялепшае долі,

алавяны салдацік Зямлі;

 

павярнуся у новым абліччы,

можа, птушкай, а можа,

дажджом,

для таго, хто сябрам палічыць

і хто дзверы адчыніць у дом.

 

***

Гулліва-ціхія правады

майго маўчання

ты просіш абарваць

маімі рэдкімі

словамі-сказамі існавання,

не ведаючы, што разам з імі

адрываюцца  часткі

маёй душы…

 

***

Калі я сядзеў на каленях

ля тваіх ног…

Я хацеў толькі

гладзіць шчакою

валасоў тваіх шоўк;

трымаць твае рукі;

у вочы глядзець;

роднага сэрца

адчуўшы біццё,

кранаць твае вусны

сваімі ледзь-ледзь…

 

***

Хапаю ў абдоймы ўспаміны,

тулю да сябе і сціскаю:

набраклымі кроплямі часу

мінулага думкі сцякаюць.

 

***

Іду па дарозе

без грошай у кішэні:

і неяк лёгка,

спакойна ў душы.

Андрэй КОЗЕЛ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.