Пра сельтэрскую ваду і незадаволеных несвіжан

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

бутылка

Працягваем наш расказ пра найбольш значныя рэчы, што захоў-ваюцца ў  Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Цікавымі экспанатамі з’яўляюцца дзве бутэлькі XIX ст. з так званай каменнай масы, пакрытыя чырвона-карычневай палівай. Такі посуд паходзіць з керамічных майстэрняў гарадоў на Рэйне, таму і атрымаў назву Рэйнскі посуд. На сценцы бутэлькі ёсць кляймо з надпісам “Герцагства Насаў”,  выявай льва і надпісам-пасведчаннем аб яе напаўненні — “Selters” (сельтэрская вада). Сельтэрская (дакладней — зельтэрская) вада — мінеральная вада натуральнай газацыі. Назва пайшла ад крыніцы Нідэрзельтэрс (Niederselters), якая ўпершыню згадваецца ў 1536 годзе. У дарэвалюцыйнай Расіі і ў іншых краінах зельтэрскай называлі сталовую мінеральную ваду ці проста газаваную ваду.

У 2008 годзе, падчас стварэння новай экспазіцыі  — “Гандаль і рамёствы Нясвіжчыны” —  навуковыя супрацоўнікі музея знайшлі ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь цікавыя дакументы за 1896 год — справу па скарзе жыхароў г. Нясвіжа на Гарадское грамадскае кіраўніцтва за дазвол мешчаніну Вульфу Гаху паставіць на Базарнай плошчы (каля Ратушы) будку па продажы сельтэрскай вады з двума столікамі. Копія прыгавора сведчыць: “1896 года июня 18 дня. Собрание уполномоченных г. Несвижа в заседании своем сего числа, выслушав заявление Несвижского мещанина Вульфа Гаха о разрешении ему поставки на Базарной площади одной подвижной будки и двух столиков для продажи сельтерской воды и признавая важность для города увеличения городских доходов, приговорило: разрешить Вульфу Гаху поставку подвижной будки для продажи сельтерской воды на летний сезон сего года на Базарной площади против дома Пини Свирщика около лавок, за которую он, Гах, обязан вносить в городской доход ежегодно по десяти рублей, а также разрешается ему, Гаху, выставлять два столика с такого же ведома за внесением им в городской доход двух рублей сбора. Подлинный подписали Городской староста Жуковский и уполномоченные: Вильгельм Погоский, Л. Шаблев-ский, Д. Богданович, М. Богуш, Викентий Брушкевич, П. Богданович, В. Гриневич и М. Дроздовский.”

Аднак справа на гэтым не скончылася і ўжо 21 чэрвеня Мінскі Губернатар атрымаў прашэнне ад жыхароў г. Нясвіжа, у якім гаварылася: “Имея в виду: 1) что на означенном базаре имеются уже разрешенные бывшею Городской Думою четыре будки, что не имеется возможности разрешить больше поставить таковых будок, так как местность базара  составляет небольшое пространство; 2) в прошлом году в означенное Управление поступило несколько прошений от некоторых лиц о разрешении поставить будки на означенном базаре, но в заседании означенной Управы в присутствии Старосты и уполномоченных отказано в их просьбе… Почему покорнейше честь имеем просить Ваше Сиятельство сделать зависящее распоряжение, в разрешении Вульфу Гаху поставки будки на Базарной площади отказать.”  Справу разглядаў Слуцкі павятовы спраўнік, які прызнаў, што будку ўстанаўліваць немэтазгодна, на гэта гарадскі стараста Жукоўскі напісаў скаргу ў Першы Дэпартамент Урадавага Сената. Гарадскі стараста ў Расійскай імперыі — кіраўнік адміністрацыі горада са спрошчаным гарадскім кіраваннем. Пры спрошчаным кіраванні сход гаспадароў горада выбіраў 12—15 упаўнаважаных (выбарнікаў), а тыя выбіралі гарадскога старасту і аднаго-двух памочнікаў. На гарадскога старасту былі ўскла-дзеныя таксама і ўсе справы па мяшчанскім  кіраванні.

Справа зацягнулася да кастрычніка 1897 года і дайшла да Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі. Таварыш міністра Міністэрства Унутраных Спраў князь Аляксей Абаленскі прызнаў скаргу Жукоўскага “неподлежащей представлению Правительствующему сенату” і вярнуў яе Мінскаму Губернатару. Ніякіх дакументаў аб далейшым разглядзе справы не выяўлена. І можна толькі дапусціць: знаходжанне ў фондах музея дзвюх бутэлек для сельтэр-скай вады, якія захоўваліся ў жыхароў Нясвіжчыны, ускосна пацвярджае існаванне сельтэрскай будкі ў Нясвіжы.

Па матэрыялах музея падрыхтавала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.