Служыць жыццю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

H

У розныя гады мне даводзілася  працаваць у Навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі. Менавіта ў залах гэтага агромністага сховішча я сур’ёзна пачаў усведамляць велізарную ролю Навукі як фудамента ўсяго інтэлектуальнага  і матэрыяльнага  ў нашым жыцці, зразумеў,  што праца вучонага, нябачная на першы погляд, — магутная індустрыя.  Не аднойчы даводзілася назіраць, з якой скрупулёзнасцю маладыя вучоныя і ўжо ў гадах працуюць у чытальных залах з самай раніцы да закрыцця ўстановы. З розных куткоў Беларусі  прыязджаюць у гэты храм навукі даследчыкі. І гэта зразумела: бібліятэка  валодае трохмільённым зборам нацыянальных навуковых дакументаў і самым вялікім у краіне фондам замежнай навуковай літаратуры.

Дарэчы, Акадэмія навук Беларусі мае разгалінаваную сетку навуковых бібліятэк, якія праводзяць маштабную работу па інфармацыйным забеспячэнні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці навуковых арганізацый і  ВНУ краіны. Галоўнае месца ў акадэмічнай бібліятэчнай сетцы і  займае Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, якая мае 25 філіялаў, з’яўляецца рэспубліканскім дэпазітарыем дакументаў прыродазнаўчага профілю.  А цэнтральнай галіновай навуковай бібліятэкай па інфармацыйна-бібліятэчным забеспячэнні аграпрамысловага комплексу краіны стала Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, якая выконвае таксама функцыі Нацыянальнага цэнтра Міжнароднай інфармацыйнай сістэмы ААН па сельскай гаспадарцы, з’яўляецца ўдзельнікам сеткі інтэрнэт-парталаў FAO у Еўропе,  галіновым нацыянальным цэнтрам дэпазітарнага захавання літаратуры сельскагаспадарчага профілю.

Так — сёння, у ХХІ стагоддзі. Аднак сама гісторыя станаўлення айчыннай навукі таксама надзвычай  красамоўная.  Яшчэ ў ХVІ ст. развіццё навук на тэрыторыі   Беларусі было  звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю Ф. Скарыны, М. Літвіна, С. Буднага, В. Цяпінскага, М. Стрыйкоўскага. У 1579 г. была заснавана Віленская акадэмія, якая стала важным навуковым цэнтрам Беларусі і Літвы.

У ХVІІ — ХVІІІ стст. праводзіліся  навуковыя даследаванні ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш.   Сярод даследчыкаў —  А. Скарульскі, С. Шадурскі, Б. Дабшэвіч, К. Нарбут, І. Храптовіч, І. Страйноўскі, М. Пачобут-Адляніцкі, С. Канарскі і інш. Значную ролю ў пашырэнні навуковых ведаў на Беларусі адыграла Гродзенская медыцынская школа, заснаваная А. Тызенгаўзам (у 1775 — 1781 гг. — Гродзенская медыцынская акадэмія, якую ўзначальваў Ж. Э. Жылібер).

У 1-й палове ХІХ ст. як частка славістыкі зарадзілася навуковае беларуса-знаўства (працы П. Шафарыка, В. М. Ба-дзянскага, З. Я. Даленгі-Хадакоўскага). Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі І. І. Грыгаровіч, Т. Нарбут, М. В. Без-Карніловіч, лінгвісты І. І. Насовіч і С. П. Мікуцкі, этнограф П. М. Шпілеўскі,  археолагі і краязнаўцы Я. П. Тышкевіч і К. П. Тышкевіч, публіцыст Р. А. Падбярэскі. У 1860—90-я гг. беларускі этнас даследавалі І.І. Насовіч, М. А. Дзмітрыеў, Ю. Ф. Крачкоўскі, А. М. Семянтоўскі, М. Я. Нікіфароўскі, Я. Ф. Карскі, М. В. Доўнар-Запольскі, М. А. Янчук і іншыя.

Для развіцця айчыннай сельскагаспадарчай навукі і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі шмат зрабіў створаны ў 1848 г. Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Напачатку ХХ ст. на Беларусі ўжо існавалі тры навукова-даследчыя ўстановы: Беняконская сельскагаспадарчая доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве — з 1910 г.) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911 г.). Навуковая работа праводзілася ў Віцебскім (з 1910 г.), Магілёўскім (з 1913 г.) і Мінскім (з 1914 г.) настаўніцкіх інстытутах, у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута (з 1911 г.).

У 1921 г. быў адкрыты БДУ, які стаў цэнтрам  даследаванняў у галіне біялогіі, хіміі, фізіка-матэматычных і грамадскіх навук. На базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР у 1922  г. стварылі Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1923 г. у Мінску была арганізавана Беларуская доследная станцыя па ахове сельскагаспадарчых культур, у 1924 г. —  Мінская лясная доследная станцыя, у Лошыцы — садова-гароднінная доследная станцыя. Навуковую работу праводзілі  выкладчыкі Беларускага інстытута сель-скай і лясной гаспадаркі (з 1922 г.); Віцебскага ветэрынарнага інстытута (з 1924 г.). Неўзабаве  ўрад БССР ператварыў Інбелкульт у Акадэмію навук Беларусі, якая   была ўрачыста адкрыта 1 студзеня 1929 г. У даваенны час праводзілася значная праца  ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, медыцыны, фізіка-матэматычных, філасофскіх, правазнаўчых, эканамічных, мастацтвазнаўчых навук.

Сёння Нацыянальная акадэмія — інтэлектуальны і экспертны цэнтр, які адыгрывае важную ролю ў вызначэнні напрамкаў і канкрэтных шляхоў развіцця Беларусі, ядро сучаснай сістэмы генерацыі ведаў і інавацый.

Інстытуты і цэнтры акадэміі  забяспечваюць правядзенне, развіццё і каардынацыю фундаментальных даследаванняў па асноўных напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук. Сама тэматыка фундаментальных і прыкладных даследаванняў акадэміі фарміруецца пераважна пад прыярытэты эканомікі: рэсурсазберагальныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі, прамысловыя біятэхналогіі, нанаматэрыялы і новыя крыніцы энергіі, медыцына і фармацыя, інфармацыйныя і аэракасмічныя тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоў-вання сельскагаспадарчай прадукцыі, экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне. Дзейнасць вучоных накіравана на вырашэнне актуальных задач па мадэрнізацыі прамысловасці і фарміраванні новай інавацыйнай эканомікі, стварэнне новых высокапрадукцыйных вытворчасцей.

З гонарам можна пералічваць перамогі сучаснай айчыннай навукі. Несумненным дасягненнем можна лічыць запуск 22 ліпеня 2012 года беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Вучоныя Нацыянальнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій БДУ бралі ўдзел у эксперыментах на Вялікім адронным калайдары ў Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў, размешчанай на граніцы Швейцарыі і Францыі. Супрацоўнікі Інстытута фізікі Б.І.Сцяпанава  распрацавалі лазеры новага пакалення, прыбор для бескантактавай экспрэснай аптычнай дыягностыкі ракавых пухлін.

Супрацоўнікі Інстытута фізіка-арганічнай хіміі ажыццявілі серыю арыгінальных медыцынскіх прэпаратаў на аснове амінакіслот. У Інстытуце генетыкі і цыталогіі ад- крыўся ўнікальны Цэнтр ДНК-біятэхналогій. Дзеля стварэння спрыяльных умоў для павышэння канкурэнтаздольнасці сфер айчыннай эканомікі  быў створаны Парк высокіх тэхналогій.  Спіс гэты можна доўжыць і доўжыць.

Я надзвычай паважаю гэтую  сукупнасць людзей, якія займаюцца навукай, што і складаюць навуковую супольнасць Беларусі. Мне непрыемна чуць, калі нехта кажа: белыя ручкі… Вучоны — прадстаўнік навукі, які ажыццяўляе асэнсаваную дзейнасць па фарміраванні навуковай карціны свету. Яго дзейнасць і кваліфікацыя  атрымалі прызнанне з боку  супольнасці. Асноўная фармальная прыкмета прызнання кваліфікацыі — публікацыя матэрыялаў даследаванняў у аўтарытэтных навуковых выданнях і даклады на  міжнародных навуковых канферэнцыях. Сярод навукоўцаў прынята любую досыць працяглую працу па даследаванні  пэўнай тэмы завяршаць публікацыяй адпаведнай манаграфіі. Высока таксама цэніцца стварэнне навуковай школы, г. зн. падрыхтоўка цэлай плеяды навукоўцаў, якія развіваюць ідэі настаўніка.

Лічу, што менавіта школьным педагогам адводзіцца вялікая роля папулярызатараў навукі. Яны здольны  ператварыць “сухую” навуковую інфармацыю ў цікавую, зразумелую і даступную вучням.  І, дарэчы,  многім сённяшнім таленавітым вучням, якія пад кіраўніцтвам настаўніка робяць свае першыя крокі ў навуку, заўтра, скончыўшы ўніверсітэт, ужо давядзецца развіваць навуку на прафесійным узроўні. Не сакрэт, што  і сам прыход моладзі ў навуку і высокатэхналагічныя галіны вытворчасці, увага недасведчанай часткі грамадства да навуковых праблем залежаць ад узроўню папулярызацыі.

Напрыканцы хочацца ўзгадаць цудоўныя словы Георгія Пляханава: “Паміж навукай і жыццём існуе вельмі цесная, непарыўная сувязь, іх абаіх не прыніжаючая: чым больш навука служыць жыццю, тым больш жыццё ўзбагачае навуку”…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.