Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Свята ў Прасцях

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0
Капліца- пахавальніца ў Прасцях: пасля імшы

Капліца-
пахавальніца ў Прасцях: пасля імшы

Свята першай імшы адбылося ў капліцы-пахавальніцы роду Пратасевічаў у вёсцы Прасці

Па дарозе ў вёску Прасці шматразова заўважаю тутэйшую завядзёнку — спілоўваць старадрэвіны (калі ўжо ёсць на тое патрэба) не пры зямлі, а на вышыні пяці-шасці метраў, каб на іх сяліліся буслы. І тыя ахвотна прымалі прапанову, асталёўваліся і жылі. Калі галіны падгнівалі, трухлелі — насілі новыя, паднаўлялі, надбудоў-валі “бацькаўскі” гмах. Жыццё працягвалася. У снежні, на Каляды, птушкі недзе далёка. Але такі адвечны закон — яны абавязкова вернуцца…



Каля адноўленай прасцёўскай капліцы 1850 года — родавага пахавання колішніх мясцовых гаспадароў Пратасевічаў — па-святочнаму шматлюдна. Уздоўж адліжнай вуліцы выцягнуўся ланцуг легкавушак. Усе чакаюць ксяндза Ігара Лашука, які мае ад-служыць тут першае дабрачыннае набажэнства пасля доўгіх дзесяцігоддзяў поўнага заняпаду капліцы. Каталіцкае Божае нараджэнне і стала нагодай для гэткага ўрачыстага чыну. Здалёку чуем дзіцячы вокліч-вітанне з бліжэйшай грамадкі. Хлопчык Уладзік, гадоў васьмі-дзевяці, як новы гаспадар, смела і гучна вітае гасцей, бо сам жа і дапамагаў дарослым рыхтаваць тое свята. А работы пасля рэстаўратараў — і вакол, і ў сценах капліцы — ой як хапала: прыбраць, вынесці друз, змесці вапнавы пыл, упрыгожыць паблізу алтара зялёную ялінку, пракінуць, дзе трэба, дошкі-кладачкі.

Радасна трапечацца агеньчык свечкі, мігціць шматколерным бляскам ялінка, суцішыліся адзін пры адным больш як паўсотні вернікаў — гучыць адвечны хрысціянскі вокліч: “Хрыстос нарадзіўся, славім яго!” Да ўрачыстасці і святасці моманту, выключнасці імшы далучаецца зямляцкая шчырасць, непасрэднасць і душэўнасць святара — гадаванца гэтых воколіц. Як верны сын роднай зямлі, як сумленны святар, Ігар Лашук не мог спакойна жыць, назіраючы разбурэнне святыні пры самай вуліцы, пасярод вёскі. У 2007-2008 гадах,  па яго прыгадках, і распачалася работа.  З-за адсутнасці ў архівах неабходных дакументаў аднаўленне вялося на аснове ўскосных звестак, па аналогіях, якія адпавядаюць першапачатковай традыцыі эклектыкі (спалучэння двух архітэктурных стыляў — неаготыкі і класіцызму). Рэстаўрацыйныя работы вяліся паэтапна, часам перапыняліся — прычыны на тое былі розныя. “Але не спыняліся малітвы, каб завяршыць пачатае,”— адзначае Ігар Лашук. У 2010 годзе былі ўзнесены і асвечаны крыжы. На адным з іх напісана: “Jesus Hominum Salvator” (Ісус — выратавальнік чалавека). Мясцовая гаспадарка (ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”) дапамагала ўсім магчымым: пяском, цэментам, дрэвам, транспартам. Пэўныя ахвяраванні рабілі і людзі. Падзяка ад ксяндза Ігара прагучала і падчас першай святой імшы. Не  толькі на адрас тых, хто дапамагаў, але і тых, хто прычакаў гэтае свята, прыйшоў з радасцю і малітвай.

Ксёндз Ігар Лашук: “Каб быць  сапраўды шчаслівым, чалавек  павінен жадаць вечнага Бога”

Ксёндз Ігар Лашук: “Каб быць
сапраўды шчаслівым, чалавек
павінен жадаць вечнага Бога”

А добра вядомы на Нясвіжчыне Леанід Фёдаравіч Крупец — ураджэнец суседніх Макашоў, нядаўні Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Бразіліі — ад усёй грамады па-дзякаваў святару за яго высакародны чын дзеля Бацькаўшчыны і Божай веры. Хоць і сам нямала спрыяў, каб прасцёўскі “касцёлак”, як любасна называла святыню яго маці, адрадзіўся, паўстаў у найлепшым абліччы. Прыгадаю, што на дабрадзейным рахунку згаданых людзей яшчэ адна капліца — у вёсцы Макашы (па даўняй мясцовай традыцыі яна служыць і каталіцкім, і праваслаўным вернікам), а таксама  скульптурная выява  Маці Божай на суседнім раздарожжы.

“Не ўсе загадкі капліцы яшчэ разгаданы, — распавёў пасля імшы, ужо на цвінтары, у двары касцёлка Ігар Лашук. — Падчас будаўнічых работ выявілася, што фундамент у два разы даўжэйшы за сам будынак… Але самае цяжкае мы адолелі. Факт адбудовы капліцы сёння наўзвоч. І пра-стаіць ён яшчэ дзвесце гадоў. Нашы дзеці і ўнукі ўбачаць яго такім…” І сапраўды, выгляд вёскі, дый цэлай ваколіцы, непараўнальна змяніўся. Прыгожая вежа капліцы, бялюткія сцены, вытанчаная архітэктура радуюць вока і ўлагоджваюць душу.

Навесну, як запэўніў перад ад’ездам Ігар Лашук, прадоўжацца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі і ўнутраным аздабленні. Бо людзі, як і птушкі, куды б ні заносіў іх лёс — у Італію ці Бразілію, — пасля далёкіх вандровак-выраяў вяртаюцца да бацькоўскіх брамак, на матчыны сцежкі. Ладуюць, адбудоўваюць, упрыгожваюць родныя гнёзды-сялібы.

Наталля Плакса,

краязнаўца.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!