Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

“ВЕСЕЛА ЖЫВЁМ”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 13.01.2017

концерт

Так называлася справаздачная праграма аматарскага калектыву Астроўскага сельскага дома культуры, якая адбылася нядаўна. Канцэрт адлюстраваў шмат вясёлых момантаў з жыцця вяскоўцаў.

Сцэна была аформлена адпаведна: дэкаратыўны плоцік і каларытныя збанкі на ім. Фонам служылі запісы гукаў прыроды: шчабятанне лясных птушак, кукарэканне пеўня, рыканне каровы і г. д.  А потым прагучалі лірычныя песні  салістаў гуртка індывідуальнага выканання: Святланы Цімафейчык, Марыны  Кунік, Алены Ройка і групы “Спатканне”.



Гледачы цёпла ўспрымалі вядомыя і папулярныя творы пра каханне і дружбу, прыгажосць прыроды. У канцэрце прымала ўдзел нямала школьнікаў розных узростаў. Для іх у Доме культуры створаны спецыяльны гурток, дзе юныя артысты  вучацца выконваць розныя творы.

Самы юны ўдзельнік гуртка — Паша Кішко. Яго сястра, старша-класніца Ірына, з запалам выканала вясёлую песеньку “Каб не было зімы”. Іх мама Галіна таксама спявае, і такі сямейны тандэм можна толькі вітаць. У калектыве ёсць  яшчэ родныя сёстры: Святлана Цімафейчык і Алена Ройка.

Варта адзначыць і тое, што выканаўцы ў розных жанрах стараліся ўнесці элементы тэатральнасці  і гумару. Асабліва ўдала атрымалася песня-прыпеўка “Дар’я, душа…” Што датычыць гумару ўвогуле, то астроўцы любяць пажартаваць.  Мініяцюры ў выкананні Веры Андрэевай і Святланы Майсейчык выклікалі вясёлае ажыўленне ў зале і смех. Першая артыстка  ўдзельнічае ў самадзейнасці больш за дваццаць гадоў, працавала ў школе сакратаром, цяпер на пенсіі і — на сцэне. У яе цудоўна і натуральна атрымліваецца перадаваць настрой сваіх персанажаў, а ўсе міні-гумарэскі ўзяты з жыцця, у тым ліку і мясцовага. Саліст калектыву Сяргей Шарапа прадэманстраваў  здольнасці і ў жартоўнай мініяцюры разам з Верай Андрэевай. Усё гэта сведчыць аб тым, што ў Доме культуры вытрымліваюцца розныя напрамкі дзейнасці: вакальны, драматычны, мастацкага слова.

Усю работу ў Астроўскім СДК умела і творча накіроўвае яго загадчык Святлана Майсейчык. Яна скончыла ўніверсітэт культуры і мастацтваў (у той час інстытут) і шмат гадоў працуе ў роднай вёсцы арганізатарам культурных мерапрыемстваў. Сама складае сцэнарыі, піша тэматычныя тэксты на роднай мове, спявае, стараецца, каб яе землякі ахвотна ішлі ў Дом культуры адпачыць душой. І людзі ідуць, бо ведаюць, што будзе цікава і весела, як і на згаданым канцэрце.

Мастацкі кіраўнік  раённага цэнтра культуры Ганна Віннічак яго ацаніла на “выдатна”. Яна таксама пажадала далейшых поспехаў выканаўцам. Добрыя словы ў адрас апошніх выказала  спецыяліст  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Новік, дзякавалі і гледачы.

Напрыканцы гаспадыня ўстановы Святлана Майсейчык запрасіла ўсіх у фае, дзе стаялі сталы з выпечкай і іншымі прысмакамі. Усе жадаючыя змаглі ацаніць майстэрства мясцовых гаспадынь і шчыра дзякавалі за наладжанае свята.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!