Апаратчык крухмальнага агрэгата вытворчага цэха а.г. Сноў агракам-біната “Туча”- філіяла ААТ “МІНСК КРЫШТАЛЬ”- упраўляючая кампанія холдынгу “МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП” Наталля Міхайлаўна Пазняк асвоіла на прадпрыемстве некалькі спецыяльнасцей. Калі трэба — выпускае крупу сага.
— Сыплецца кукурузны крухмал, паступае халодная вада, шнэк гэта перамешвае, падае на прэс, а я кірую прэсам, з якога выходзяць маленькія белыя зярняткі, падобныя на рыс, — тлумачыць Наталля Міхайлаўна тэхналогію вытворчасці кукурузнай крупы. Яшчэ яна займаецца сушкай крухмалу, а таксама бывае занята на разліве віна.
Працуе Наталля Міхайлаўна на прадпрыемстве 12 гадоў. За працавітасць і добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў у 2016 годзе атрымала падзячнае пісьмо старшыні Нясвіжскага райвыканкама. Наталля Міхайлаўна Пазняк уносіць дастойны ўклад у агульную справу калектыву.
А пра здабыткі свайго вытворчага цэха “НН” расказаў вядучы эканаміст Міхаіл Рымашэўскі:
— Паказчык па прадукцыі прамысловасці ў дзеючых цэнах выканалі на 107,4 %, што склала 2,3 мільёна рублёў. Рост аб’ёму вытворчасці дасягнуты за кошт правядзення вясновай нарыхтоўкі сыравіны. За гэты перыяд назапасілі 3,9 тысячы тон бульбы. Вырабілі з гэтых клубняў 543 тоны крухмалу, 412,3 тоны з іх былі адгружаны ў Расію і Украіну. За перыяд асенняй нарыхтоўкі назапасілі 10,8 тысячы тон бульбы. З яе выпушчана 1063,6 тоны крухмалу. 573,5 тоны адгрузілі на экспарт чыгуначным і аўтамабільным транспартам.
Тэмп росту вытворчасці сухога бульбянога крухмалу летась дасягнуў у параўнанні з 2015 годам 150,4 працэнта.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.