Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

«Чыя нявестка лепшая?»

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

концерт

Пад такой назвай прайшла справаздачная конкурсна-канцэртная праграма ў Слаўкаўскім сельскім клубе. На мерапрыемства, як адна вялікая сям’я, сабраліся жыхары вёсак Слаўкава і Караліна. Святочны настрой адчуваўся ва ўсім: на сцэне — кветкі і гірлянды з шароў, у зале — засланыя сталы, за якімі ганаровае месца  занялі канкурсанткі — нявесткі і іх свекрыві: Кацярына  і Марыя Міхайлаўна Дзенісенка, Таццяна і Галіна Вячаславаўна Мышалавы, Алена і Таццяна Іванаўна Шыбут.



Артыстычна і з гумарам вялі праграму Галіна Русак і Дзмітрый Жывень. Ацэньвала конкурсы кампетэнтнае і справядлівае журы ў складзе Марыі Енчык, аўтара гэтых радкоў і Алены Завадскай.

Конкурсная праграма пачалася з «Размінкі». Удзельніцам трэба было адказаць на розныя пытанні: пра дзень нараджэння сваёй свекрыві, пра апошні падарунак, атрыманы ад нявесткі і іншыя. Другія матулі дапамагалі сваім нявесткам адбіраць фасолю ад гароху ў конкурсе «Самая старанная». Разам яны адгадвалі і мелодыі з усімі любімых старых фільмаў.

З дамашнім заданнем «Пачастунак для любімай свекрыві» кожная з нявестак справілася  на «выдатна». Былі прыгатаваны тарты, бісквіты, кексы і іншыя прысмакі. А якія прыгожыя «Оды для сваіх каханых»  выканалі ўдзельніцы, хто ў вершаванай форме, хто ў апавядальнай!   Пяшчотна і з любоўю гаварыла Кацярына Дзенісенка пра свайго мужа Міхаіла. У конкурсе «Складаная сітуацыя» праявіла знаходлівасць Таццяна  Мышалава. Шмат шчырых, добрых і ласкавых слоў выказала Алена Шыбут у адрас сваёй другой мамы Таццяны Іванаўны. А як весела  і яскрава прайшоў гумарыстычны конкурс з гледачамі «Капялюш»! Кожная з удзельніц конкурснай праграмы атрымала памятны падарунак і дыплом у сваёй намінацыі. Так, «Самай абаяльнай нявесткай» стала Кацярына Дзенісенка; «Самай знаходлівай нявесткай» аказалася Таццяна Мышалава; а званне «Самай лепшай нявесткі» заслужана  атрымала Алена Шыбут.

Канцэртная частка мерапрыемства была сапраўдным творчым падарункам усім прысутным. Артысты самадзейных аматарскіх калектываў Слаўкаўскага сельскага клуба стварылі добры настрой у зале. Так, Аліна Батурыцкая зачаравала ўсіх сваёй абаяльнасцю. Да слёз кранулі гледачоў песні ў выкананні Антона Енчыка і яго дачкі Вікторыі Сачук. Вельмі прыгожа спявалі сёстры Марыя і Валерыя Сянкевіч. Цудоўныя галасы Аксаны Пяткевіч і Наталлі Завадскай нікога не пакінулі абыякавымі. Элеанора Батурыцкая вызначылася на сцэне сваім артыстызмам. песні ў выкананні жаночага вакальнага квартэта заўсёды прымаюцца гледачамі «на ўра». Самыя маленькія ўдзельнікі канцэртнай праграмы — Максім Сачук, Яна Базыльчык, Іван Шчурскі і Надзея Таратута — па-дзіцячы шчыра і ад душы радавалі ўсіх прысутных сваёй творчасцю. Гледачы дружна апладзіравалі сваім землякам. Дарэчы, кожны конкурс і канцэртны нумар суправаджаліся паказам маляўнічых і прыгожых відэаслайдаў. За іх падрыхтоўку вялікі дзякуй Дзмітрыю Сачуку.

Цудоўным упрыгожваннем мерапрыемства сталі выставы: вырабаў народных  умельцаў «Рукамі нашых землякоў», а таксама работ удзельніцы гуртка «Цудоўная палітра» Дзіяны Салавей і  смачных пачастункаў гуртка «Дамашняя выпечка».

Са словамі ўдзячнасці  за цудоўны канцэрт выступіла адна з     удзельніц конкурснай праграмы — Таццяна Шыбут.

Арганізацыя любога клубнага мерапрыемства — гэта нялёгкая праца  тых, хто яго рыхтаваў. Гэта гадзіны рэпетыцый, калі людзі ахвяруюць нечым асабістым, сваім вольным часам. Гэта заўсёды вялікае перажыванне за сваё выступленне. Таму хочацца сказаць вялікі дзякуй усім удзельнікам мастацкай самадзейнасці Слаўкаў-скага СК.

Яшчэ прыемна адзначыць і тое, што ў Слаўкаўскі клуб на мерапрыемствы прыходзіць усё болей жыхароў суседняй вёскі Караліна. А мы, жыхары Слаўкава, вельмі спадзяёмся на тое, што наш клуб яшчэ не адзін год будзе прымаць у сваіх утульных сценах шмат удзячных і шчырых гледачоў.

Часлава МАКАВЕЦ,

в. Слаўкава. 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!