Нашчадкі Мельпамены

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

У сакавіку 2015 года ў Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей прыйшоў ліст ад жыхара Масквы Уладзіміра Барысава. У ім гаварылася (прыводзіцца на мове ары-гінала): «Моя бабушка Елизавета Германовна Вигандт до 1914 года жила в Несвиже. Ее отец Герман Вигандт был владельцем небольшой булочной-кондитерской (возможно, называлась Петербургской), в которой сам выпекал хлеб, пирожные и торты. С началом Первой мировой войны вся семья была выслана в Самару и больше в Несвиж не вернулась. После смерти бабушки остались афиши о самодеятельных спектаклях в Несвиже с ее участием».

Аўтар пісьма пажадаў, каб рарытэты вярнуліся на сваю радзіму, г.зн. у наш старажытны Нясвіж. А лепшае месца для гэтых рэчаў больш векавога ўзросту — зразумела ж, у гісторыка-краязнаўчым музеі.

У канверт былі ўкладзены тры афішы і дзве праграмы дабрачынных спектакляў, якія ставілі нясвіжскія аматары драматычнага мастацтва, і два лісты да спадарыні Вігандт ад праўлення Нясвіжскага яўрэйскага літаратурна-артыстычнага таварыства з падзякай за ўдзел у спектаклях «Вольная пташка» (28 лістапада 1910 г.) і «Въ духе времени» (27 сакавіка 1912 г.).

На жаль, аб сабе У. Барысаў нічога не паведаміў. Спробы музейных работнікаў выйсці на кантакт з ім завяршыліся няўдачай, ім ніхто не адказаў. Што ж, застаецца толькі шчыра падзякаваць незнаёмаму чалавеку за каштоўнае папаўненне фондаў Нясвіжскага  гісторыка-краязнаўчага музея.

Вось тэкст афішы да спектакля «Вольная пташка» на карысць Нясвіжскага яўрэйскага літаратурна-артыстычнага таварыства:

 

«Въ воскресенье 28 ноября 1910 года

въ зданіи городской ратуши

представлена будетъ

любителями драматическаго искусства

въ пользу

НЕСВИЖСКАГО ЕВРЕИСКАГО ЛИТЕРАТ.-АРТИСТИЧ. О-ВА

ВОЛЬНАЯ ПТАШКА

Ком.-шутка въ 3-хъ действіяхъ, соч. КАРПОВА

Участвующіе:

Г-жи Наркевичъ, Змеева, Горошевичъ, и Вигандт

Г-да Слепянъ Рубановичъ и др.

после спектакля

ТАНЦЫ

начало ровно въ 8 1/2 часов вечера

Цены билетамъ со включ. благотворительнаго сбора:

1 рядъ 1 р. 50 к., 2 и 3-1 р. 25 к., 4 и 5-1 р.,

6,7-75 к., 8,9-60 к., 10 и 11-50 к., 12-40 к. и 13-30 к.

Билеты заблаговременно можно получить

въ магазине «Капланъ»

Ответственный распорядитель

Председатель О-ва Д-ръ М.А. Слепянъ

Печатать разр. полиц. Надзир.

г. Несвижа Радзивиновичъ

Тип. «Капланъ»Несвижъ».

 

У левым ніжнім вугле ў прамавугольнай рамачцы чорнага колеру змешчаны яшчэ адзін тэкст, у якім гаворыцца:

«На основаніи Высочайше утвержденнаго 3-го мая 1862 г. правилъ взиманія сбора съ публичныхъ зрелищъ и увеселеній, со всехъ билетовъ взымается дополнительный сборъ въ пользу ведомства учрежденій ИМПЕРАТРИЦЫ МАРІИ, оплачиваемый марками онаго безъ коихъ билеты не действительны».

Яўрэйскае насельніцтва складала больш за палову несвіжан.
Абсалютная большасць яго належала да мяшчанскага саслоўя. Пераважна
яны займаліся рамяством і гандлем, а таксама земляробствам. Аднак
нямала габрэяў адзначана ў такіх сферах, як медыцына і навучальная
дзейнасць. У горадзе дзейнічала 12 сінагог і малітоўных дамоў, існавалі
даўнія традыцыі самаарганізацыі, дабрачыннасці і г.д. У пачатку ХХ ст. было створана Нясвіжскае яўрэйскае літаратурна-артыстычнае таварыства, статут якога 22 студзеня 1909 г. зацвердзіў мінскі губернатар. Таварыства аб’яднала найбольш актыўных яўрэяў горада.

Афіша да спектакляў на карысць Нясвіжскага добраахвотнага пажарнага таварыства запрашала  паглядзець драму ў 3-х дзеях Дзедзянёва «Ночи безумныя» (мова і арфаграфія захаваны арыгінальныя), вадэвіль Чарапанава «Невольный двоеженец, или Роковая ошибка».

Падобныя дабрачынныя мерапрыемствы ладзіліся з мэтай збору сродкаў для падтрымання добраахвотнага пажарнага таварыства. Пажары ў горадзе здараліся часта. І тушылі іх усёй грамадой. Давайце звернемся да артыкула Ірыны Ціхонка «Перунова цяпельца ў горадзе Радзівілаў, або Як змагаліся з пажарамі ў старажытным Нясвіжы» («НН» 2003 г.): «У XIX стагоддзі ў Нясвіжы неаднаразова адбываліся пажары, якія наносілі вялікую шкоду гораду. У выніку пажару 1836 года была страчана верхняя частка вежы гарадской ратушы. 30 верасня 1843 года страшны пажар ледзь не знішчыў увесь Нясвіж. Згарэла 150 дамоў, значна быў пашкоджаны Дамініканскі кляштар. Трэба аддаць належнае гарадскім уладам, якія пасля пажару пачалі выдаваць мяшчанам беспрацэнтныя пазыкі для будаўніцтва новых дамоў. У 1880 годзе зноў гарэла ратуша, быў страчаны архіў, што захоўваўся ў гарадскім магістраце. У тым жа годзе, па сведчанні                     Б. Таўрагінскага, згарэла і бібліятэка манастыра бенедыкцінак. Можна сказаць, што ў даўнія часы пажарная служба ў г. Нясвіжы была агульнай павіннасцю гараджан. Кожны гаспадар абавязаны быў трымаць у двары вялікую бочку з вадой. Кожны дзясятак абавязваўся мець лесвіцу, зробленую такім чынам, каб на кожнай перакладзіне мог стаяць чалавек. Лесвіцы захоўваліся каля вуглавых дамоў і вешаліся на сцены так, каб іх можна было хутка зняць. Кожныя два дзясяткі мелі багор, які захоўваў дзясятнік. У выпадку пажару было забаронена з,яўляцца на яго з пустымі рукамі, бралі багор, сякеру або вядро. Значную дапамогу аказвалі пры тушэнні пажараў манахі са шматлікіх нясвіжскіх манастыроў, якія на працягу стагоддзяў зарэкамендавалі сябе самаадданымі пажарнікамі. Тым больш, што манахі адны з першых прынялі на ўзбраенне пажарныя помпы, што прыйшлі з Еўропы ў 17 ст., калі там наступіў так званы рэнесанс пажарнай справы».

У 1900 годзе ў Нясвіжы з’явілася конная пажарная, была ўзведзена драўляная пажарная каланча. У 1909 годзе 40 добраахвотнікаў у некалькі змен абаранялі горад ад пажару. У таварыстве было маёмасці на 10 000 рублёў, уласнае дэпо на вуліцы Пілсудскага (цяпер гэта вуліца Ленінская) і чатыры кані. Яшчэ адно пажарнае аддзяленне было размешчана ў іншым раёне горада — на Новым месцы, яго добра памятаюць і апісваюць у кнізе «Нясвіжскія ўспаміны» былыя жыхары горада, якія сёння жывуць у Польшчы.

Але вернемся да нашых рарытэтаў. Акрамя спектакляў, праанансаваных у вышэй прыведзеных афішах, можна прывесці і іншыя, заяўленыя ў астатніх праграмах. Гэта — камедыя ў трох дзеях «Брак» Вульфа, гэта фарс Старажэўскага «50 рублей в 1 час» (ішоў 26 студзеня 1911 г.), камедыя Рудкоўскага «В дали от шума городского» (ішла 29 чэрвеня 1913 г.), драма С. Белай «Дети черты» (ішла 12 кастрычніка 1913 г.).

Несумненна, Нясвіж заўсёды быў багаты на творчых, таленавітых людзей з артыстычнай натурай. Тэатральныя выступленні ладзіліся, пачынаючы з 1740-х гадоў, калі княгіня Францішка Уршуля Радзівіл стварыла ў Нясвіжскім палацы прыдворны тэатр. З таго часу мінула ўжо 270 гадоў…

Па матэрыялах музея падрыхтавала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.