Пакліканыя да святасці

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

kostel-1

Учора, 2 лютага,  Каталіцкі Касцёл адзначаў Сусветны Дзень Кансэкраванага Жыцця. Ён прысвечаны асобам, якія прынялі пасвячэнне ў святарства або далі манаскія абяцанні.

Згодна з вучэннем Касцёла, кожны чалавек пакліканы да святасці, таму што  Бог нас стварыў і падтрымлівае наша жыццё. Гэта дапамагае нам у пэўнай ступені зразумець, чаму Бог дазваляе жыць тым, хто прычыняе боль іншым: таму, што ён шукае спосаб дастукацца да душ тых людзей, каб прывесці іх да святасці і збавіць: “Не хачу смерці грэшніка, —  кажа Пан, — але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў”. Бог жадае выратавання кожнага чалавека і чакае яго вяртання да святасці. Таму, калі мы кажам сабе, што святасць не для нас, то гэтым мы пазбаўляем сваё жыццё сэнсу. Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікаў дарослых і моладзь, духоўных і свецкіх: “Не бойцеся імкнуцца да святасці!”

Ніхто з нас не жыве толькі для таго, каб выконваць свае прафесійныя абавязкі, каб быць бацькам або маці. Мы жывём для таго, каб быць святымі, як вучыць Святое Пісанне: “Будзеце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш”.

Заклікаючы да святасці, Бог дае нам Сваю дапамогу: Ён даў нам Евангелле, якое з’яўляецца праўдай пра Бога, пра лю-дзей, пра свет. Бог даў нам сакрамэнт паяднання, Эўхарыстыю. Даў нам Свайго Духа, даў святарскую апеку  і дапамогу сясцёр законных. І таму кожны ахрышчаны абавязаны выкарыстаць дадзеныя яму магчымасці. Сапраўдная святасць не залежыць ад маштабу ўчынкаў, яна заключаецца ў выкананні Божай волі пры самай звычайнай дзейнасці, калі ты выконваеш сваю працу і кожны свой чын з любоўю да Бога і людзей.

Чалавек шмат здольны зрабіць для свайго духоўнага росту сам. Але без дапамогі кансэкраванай асобы не можа поўнасцю паяднацца з Богам. Для гэтага Богам да-дзены Дар Эўхарыстыі і Дар Святарства. Ніхто і нічым не зменіць іх.

Згодна з вучэннем Аб’яўлення, святар у Каталіцкім Касцёле з’яўляецца не толькі “паслом” Езуса Хрыста, але ў пэўнай ступені “другім Хрыстом” — менавіта гэта асаблівым чынам вылучае каталіцкага святара.

“Святарская тоеснасць, — тлумачыць Кангрэгацыя па справах духавенства, — выні-кае з асаблівага ўдзелу ў святарстве Хрыста, дзякуючы якому той, хто прыняў пасвячэнне, становіцца ў Касцёле і для Касцёла сапраўдным, жывым і выразным вобразам Хрыста Святара, “сакрамэнтальнай актуалізацыяй Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра”. Таму жыццё і служэнне святара з’яўляюцца працягам жыцця і дзейнасці Хрыста.

Фундаментам святарскага жыцця з’яўляецца кансэкрацыя, якая азначае поўнае і выключнае адданне сябе Богу навекі. Вобраз жыцця святара з’яўляецца радыкальным супрацьпастаўленнем часовым каштоўнасцям гэтага свету, якія зводзяцца да цялеснай пажадлівасці і жыццёвай пыхі.

 

 

Святарства — Дар!

Мы часам позна разумеем,

Што не шануем Божы Дар.

Любіць Ахвяры не умеем,

Якой з’яўляецца Святар.

Вяртае вечар нас дадому,

Ў цяпло сямейнага жытла.

Святар — адзін не помніць стомы

І ў ноч кіруе да сяла.

Туды, дзе вераць і чакаюць

Апошні раз прыняць Хрыста…

Да тых, хто моліцца ў адчаі,

Каб ксёндз паспеў жывых застаць!

Любові Божай Дар спрадвечны,

Хрыстовай Мукі збаўчы Дар

І боль пакутаў чалавечых

Нясе ў душы сваёй Святар.

Каб адышла ў Ласцы Божай

У вечнасць кожная душа.

Святар Хрыста Ахвяру множыць

Цаною ўласнага жыцця.

Яго святарская паслуга

Цяпер — важней за шчасце жыць!

Давайце ж не спазняцца, людзі,

Святарскай працай даражыць!

Малітваю аберагайце

Шлях Святара днём і ўначы.

Любові моцай атуляйце,

Яго жыццё каб зберагчы!

 

 

На жаль, многія сучасныя хрысціяне слухаюць гэты зманлівы голас свету, які намагаецца любым  спосабам пераканаць, што сёння святасць немагчымая. Што ўчынкі, за якія яго дакарае  сумленне, робяць усе. Таму абмовы, зайздрасць, злосць, нянавісць, распуснасць, алкагалізм, наркаманія і шмат іншых з’яў чалавечай грахоўнасці і слабасці сеюць трывогу і адчай у свеце. Аднак, Касцёл з плошчы Святога  Пятра вуснамі Папы няспынна аб’яўляе ўсяму свету імёны тых, хто на ўзор Хрыста праведна прайшоў свой  зямны шлях, кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі. Часта аддаючы сваё жыццё за сваю Веру і Праўду Хрыстову.

Таму, ідучы ў накірунку святасці, гэта значыць да збаўлення, патрэбна ўспрымаць наша зямное жыццё як час для назапашвання добрых спраў, кіруючыся навукай Касцёла і наследуючы нашага Настаўніка з Назарэта!

Сусветны Дзень Кансэкраванага Жыцця — гэта добрае напамінанне пра тое, што побач з намі знаходзяцца людзі, асвечаныя Божай Ласкай, найбольш блізкія да святасці, высакародныя і  чыстыя сэрцам, шчырыя, адукаваныя і даступныя для кожнага з нас, ратавальнікі  душ людскіх. Нашы святары і сёстры законныя — гэта сапраўдны скарб, які мы павінны шанаваць і берагчы разам. Мы здольныя прывыкаць да розных Божых дароў, якія нас акружаюць. І часам забываемся пра іх, не заўважаем іх прысутнасці, як не заўважаем чыстага паветра, якім дыхаем, і чыстай вады, якой карыстаемся. І толькі страціўшы доступ да іх, спахватваемся. Бо жыццё без іх раптоўна абрываецца.

Так можа здарыцца, калі забудземся пра Крыжовую Ахвяру нашага Збавіцеля — Езуса Хрыста і пра ахвярнасць святарскага служэння. Бо ўсё жыццё святара — гэта няспынная барацьба са злом. І сэрца святарскае знахо-дзіцца пад пастаянным варожым прыцэлам. Часам бывае нават цяжка прадбачыць, з якога боку атрымаеш удар. Так атрымліваецца таму, што сіла цемры моцна супраціўляецца святлу Божай Праўды і стараецца ўсяляк шкодзіць яму рознымі спосабамі.

Таму давайце будзем разам бараніць Святло Божай Прысутнасці між нас і дапамагаць нашым святарам і сёстрам законным нашымі  малітвамі і добрымі ўчынкамі, і дабрынёю сэрцаў.

У гэты дзень, адзначаны Сусветным Касцёлам як Дзень Кансэкраванага Жыцця, прыміце шчырую ўдзячнасць усіх вернікаў парафіі Божага Цела, паважаны ксёндз-пробашч Пётр, за тыя 15 гадоў ахвярнага святарскага служэння, якія аддалі працы на хвалу Божую. Дзякуем за кожны дзень Вашага служэння ў Нясвіж-скай парафіі і за ўсе высілкі па захаванні і рэстаўрацыі касцёла Божага Цела і плябаніі.

Шчыра дзякуем ксяндзу Ігару, сёстрам законным Галіне і Яніне за нястомную працу на хвалу Божую і на карысць Касцёла Святога на зямлі Беларусі. Заплаці Божа!

Ад імя вернікаў  Нясвіжскай парафіі Божага Цела

Марыя РУСІНОВІЧ,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.