У добрых гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

чурак1

Ад першага цяпла да першых маразоў россып разнастайных кветак радуе  вока кожнага, хто набліжаецца да сядзібы Алега Паўлавіча і Марыі Уладзіміраўны Чурак, што жывуць у вёсцы Гусакі. Менавіта яны сталі пераможцамі раённага конкурсу на лепшую сядзібу за 2016 год па Казлоўскім сельскім савеце. Гаспадар працуе нарыхтоўшчыкам у Нясвіжскім райспажыўтаварыстве, а гаспадыня — прадаўцом у магазіне вёскі Казлы. Як расказала ў нашай гутарцы Марыя Уладзіміраўна, у сваім доме яны жывуць ужо каля 20 гадоў, і ён перайшоў ім у спадчыну ад бацькоў Алега Паўлавіча. Кожны куточак тут дагледжаны з любоўю і ўвагай, і нездарма ў больш цёплую пару года, асабліва летам, тут проста разбягаюцца вочы ад багацця фарбаў і відаў зялёных прыгажунь. Сама ж гаспадыня гаворыць, што аднолькава моцна любіць усе свае ружы, цюльпаны, півоні, гладыё-лусы, лілеі, астры, геаргіны і ўсе іншыя кветкі, адзін пералік якіх можа заняць паўстаронкі, і яны, па ўсім відаць, адказваюць ёй узаемнасцю. З-пад кветкавага дывана то тут, то там выглядваюць садовыя скульптуры — часцей за ўсё буслы, якія яшчэ больш узмацняюць казачна-святочнае ўражанне ад падворка. І хаця ёсць тут, вядома, і агарод, і пладовыя дрэвы, якія таксама даглядаюцца, як належыць, аднак па ўсім адчуваецца, што “правяць баль” тут менавіта кветкі.

Упрыгожвае ўчастак і каларытная альтанка, у якую, як і ва ўсё астатняе, укладзены агульныя намаганні: Алег Паўлавіч з сынам ставілі, а Марыя Уладзіміраўна фарбавала. У планах гаспадароў — стварэнне штучнага вадаёма, і верыцца, што ён на гэтым участку абавязкова з’явіцца, таму што для сям’і, якая грунтуецца на падтрымцы і павазе, няма нічога немагчымага.

 

благоустройство шевченко

У аграгарадку Аношкі жыве шматдзетная сям’я Анатоля Анатольевіча і Юліі Валяр’янаўны Шаўчэнка, якія сталі прызёрамі раённага конкурсу на лепшую ся-дзібу, заняўшы ў ім другое месца па Казлоўскім сельскім савеце. Гаспадар дома працуе ўчастковым інспектарам Нясвіжскага РАУС, а гаспадыня — рабочай Сноўскага крухмальнага завода. Бацькам дапамагаюць даглядаць свой дом і ўчастак 17-гадовы Арцём і 14-гадовая Ксенія, так што іх маленькаму браціку — трохгадоваму Цімуру — ёсць з каго браць добры прыклад.

Як расказаў у нашай гутарцы Анатоль Анатольевіч, у гэтым доме яны жывуць адносна нядаўна — толькі 6 гадоў, набыўшы яго некалі як звычайны так званы “фінскі” домік. Увесь час амаль што ўласнымі рукамі перараблялі яго на свой густ, і вось дзесьці з год, як ён стаў такім, якім і марылі яго бачыць новыя гаспадары. Яны самі спраекціравалі арыгінальную 5-вугольную веранду, ва ўзвя-дзенне якой уклалі шмат уласных намаганняў, самі ўкладвалі плітку на двары, каб дзеці маглі летам гуляць на ім басанож. Прыгожы драўляны плот перад домам таксама быў задуманы разам, і зараз ён радуе вока і гаспадароў, і проста прахожых.

благоустройство шевченко1

— Увогуле, мы абавязкі моцна не дзелім, — сказаў Анатоль Анатольевіч, — і хаця я, вядома, стараюся браць на сябе самую цяжкую работу, аднак часта робім усё агульнымі намаганнямі, бывае, і садзім нешта разам, калі ёсць магчымасць быць дома ў гэты час. А бывае, родныя ці сябры вельмі дапамагаюць: напрыклад, сцяну нашай летняй кухні і калодзеж (дарэчы, дзеючы, што цяпер — рэдкасць!) размалявала марскімі матывамі старэйшая дачка нашай кумы. Яна вучыцца ў акадэміі  мастацтваў і гэта работа паслужыла ёй практыкай, а нам — цудоўным падарункам да нараджэння трэцяга дзіцяці.

Але ж  нездарма кажуць, што ў дасканаласці няма межаў, таму і  Шаўчэнкі лічыць, што спыняцца на дасягнутым яшчэ рана — участак яшчэ павінен упрыгожыць штучны вадаём, аб чым ужо задумваецца галава сям’і. І хочацца верыць, што так яно і будзе — на радасць і гаспадарам, і гасцям гэтага прыгожага дома.

 

 

благоустройство скриба

Прысядзібны ўчастак каля хаты жыхаркі вёскі Жанкавічы Марыі Уладзіміраўны Скрыба немаленькі — 25 сотак. І ў кожным куточку яго — парадак, якому маглі б пазайздросціць і людзі нашмат меншага ўзросту. Па выні-ках 2016 года Марыя Уладзіміраўна стала прызёрам раённага конкурсу на лепшую сядзібу, заняўшы ў ім трэцяе месца па Казлоўскім сельскім савеце.

Усё жыццё, амаль 40 гадоў, яна добрасумленна шчыравала на нялёгкіх калгасных работах у паляводстве, 12 гадоў працавала ў міжкалгасбудзе (потым — ПМК-218), апошнія 7 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак — цялятніцай у мясцовай гаспадарцы. Таму праца на зямлі вядомая ёй не па чутках.

На пытанне, як у яе хапае сіл спраўляцца з такім вялікім участкам, Марыя Уладзіміраўна адказала, што колькі сябе помніць, любіла чысціню і парадак у гаспадарцы. Такімі ж выраслі і яе дачка Ірына і сын Ігар. Вось ён, як сапраўдны мужчына, і бярэ на сябе самае цяжкае — як толькі надыходзіць вясна, ледзь не кожныя выхадныя прыязджае да маці з Мінска, калі адзін, а калі і ўсёй сям’ёй, і наводзіць прыгажосць на матчынай ся-дзібе. Усе работы ведае, усё ўмее выканаць своечасова — ад пасадкі да падкормкі і абароны ад шкоднікаў.

— Без сынавай дапамогі было б справіцца вельмі цяжка, — прызнаецца гаспадыня. — І сама, пакуль магу, стараюся падтрымліваць парадак, хочацца, каб унукам было прыемна прыязджаць сюды.

А ўнукаў у Марыі Уладзіміраўны пяцёра — трое ў сына і двое ў дачкі, старэйшай унучцы — 27, малодшай — 8 гадоў. Дасць Бог, і праўнукі зараз пойдуць. І ўсім ім, безумоўна, знойдзецца месца ва ўтульнай бабулінай хаце і на прыгожым двары, які ў недалёкай будучыні стане яшчэ больш прыгожым — Ігар Міхайлавіч марыць аздобіць матчын двор невялічкім, але прыгожым азярцом з рознакаляровымі лілеямі. А гэта значыць, што самае прыгожае — яшчэ наперадзе.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фотаздымкі прадастаўлены

аддзелам архітэктуры і будаўніцтва Нясвіжскага райвыканкама.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.