У добрых гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

9 6

У аграгарадку Высокая Ліпа жывуць Віктар Пятровіч і Алена Уладзіміраўна Аляшкевіч, якія сталі пераможцамі раённага конкурсу на лепшую сядзібу па Ліпскім сельскім Савеце. Гаспадар — работнік Нясвіжскай ЖКГ, працуе аператарам газавай кацельні, якая дае цяпло ў жылыя і адміністрацыйныя будынкі Высокай Ліпы, а таксама ў школу і Дом культуры. Гаспадыня — акушэрка Ліпскай урачэбнай амбулаторыі. Абое яны — людзі працуючыя і занятыя, але збудаваны ўласнымі намаганнямі дом і падворак каля яго — гэта асаблівае месца, у якое ўкладзена шмат сіл і душы на радасць і самім гаспадарам, і проста прахожым.

Участак пры доме немаленькі — амаль 30 сотак, і ў кожным куточку — парадак, на незанятай агародам прасторы — акуратненькія газоны і кветкі, якія вельмі любіць гаспадыня. Розныя сарты руж, лілей, касачоў, іншых шматгадовых кветак і вечназялёных кустарнікаў, падабраных па густу Алены Уладзіміраўны, робяць гэты падворак адметным і непадобным на іншыя. Як расказала яна сама, ва ўпрыгажэнні двара ўжо праяўляецца і дызайнерскі талент малодшай дачкі Ірыны, дзевяцікласніцы Ліпскага НПК д/с-СШ, якая вельмі любіць маляваць і па сілах дапамагаць тату, напрыклад, размалёўваць спілы дрэў і лаўкі, якія ён цудоўна вырабляе сваімі рукамі. Дапамагае бацькам падтрымліваць прыгажосць і парадак на падворку і старэйшая дачка Вера, якая зараз працуе намеснікам  дырэктара ў роднай школе.

— Разам можна вельмі многа зрабіць, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Галоўнае, каб усё рабілся з радасцю і ахвотай.

І, мяркуючы па ўсім, у гэтай дружнай сям’і так і атрымліваецца.

 

Без имени-1 2

Былая несвіжанка Яўгенія Мікалаеўна Жыгала мінулай восенню стала паўнапраўнай жыхаркай вёскі Баяры, перасяліўшыся ў бацькоўскі дом. Даглядала яна яго ўжо шмат гадоў і ў выніку стала прызёрам раённага конкурсу на лепшую ся-дзібу, заняўшы ў ім другое месца па Ліпскім сельскім Савеце.

— Колькі жыву, столькі і добраўпарадкоўваю гэту хату, — расказала ў нашай гутарцы Яўгенія Мікалаеўна. — Помню, як суседкі гаварылі мне, нашто, маўляў, ты ўсё нешта тут робіш, вёскі скора зусім не будзе, усе ўцякаюць у горад. А я адказвала: “Пачакайце, паглядзіце, як праз 20 гадоў усе будуць ехаць назад у вёску”. Але 20 гадоў нават і не прайшло, прайшло дзесьці з пяць, як у краіне пачалася работа па ўздыме вёскі. Так што я не памылілася. І тое, што такія конкурсы зараз праходзяць, гэта вельмі добра, гэта стымулюе людзей да лепшага, да ўдасканалення.

Дому, дзе жыве ўладальніца другога месца, ужо 60 з лішкам гадоў, у свой час яго абклалі цэглай, а не так даўно яшчэ больш “амаладзілі”, правёўшы ў яго ваду са спецыяльна прабітай свідравіны. “Зараз у нас, як у горадзе, — з гонарам гаворыць Яўгенія Мікалаеўна, — усе ўмовы для жыцця, толькі жыві!” І сапраўды, па ўсім відаць, што гаспадараць тут людзі працавітыя, якія цэняць і любяць бацькоўскі куток.  Агарод, сад з рознымі пладовымі дрэвамі, газоны, кветкі, прыгожа аформленая невялікая штучная сажалачка — усё тут гаворыць само за сябе.

Вядома, толькі сваімі сіламі жанчыне было б цяжка дагледзець і дом, і ўчастак. Шмат дапамагаюць ёй у гэтым дачка Наталля і ўнук Аляксандр. Дарэчы, Аляксандр, які нядаўна атрымаў вышэйшую адукацыю як інжынер-праграміст, не толькі не грэбуе працаваць на зямлі, але, наадварот, ахвотна прыкладае да яе рукі. А гэта значыць, што ў дома ёсць будучыня, і глядзіш — другое месца ў конкурсе на лепшую сядзібу з цягам часу незаўважна перацячэ ў першае, чаго мы дбайнай гаспадыні шчыра жадаем!

 

3 4

У аграгарадку Высокая Ліпа жыве сям’я Густава Валяр’янавіча і Тамары Міхайлаўны Валадзько, якія сталі прызёрамі раённага конкурсу на лепшую сядзібу, заняўшы ў ім трэцяе месца па Ліпскім сельскім Савеце. Іх сям’я даўно карыстаецца добрай славай сярод аднавяскоўцаў — гаспадар шмат гадоў адпрацаваў вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы, а гаспадыня — там жа галоўным бухгалтарам. І пасля выхаду на заслужаны адпачынак кожны з іх яшчэ некаторы час шчыраваў на карысць роднай гаспадаркі: Густаў Валяр’янавіч — 3 гады, а Тамара Міхайлаўна — 8. Зараз яны цалкам прысвяцілі сябе дамашнім клопатам, але не засталіся з імі адзін на адзін: неацэнную дапамогу аказвае бацькам дачка Рэгіна. Як расказала ў нашай гутарцы Тамара Міхайлаўна, прыгожыя разнастайныя клумбы, якімі любуюцца ўсе, хто іх бачыць, — гэта заслуга менавіта старэйшай дачкі. Яна прыдумвае іх форму, падбірае кветкі па колерах і памерах. Вынесці кветкі за межы ўчастка, на вонкавы бок плота — таксама яе ідэя, якая ўсім прыйшлася да-спадобы — так хораша стала на вуліцы.

— Мы заўсёды падтрымлівалі парадак, — гаворыць Тамара Міхайлаўна, — і бу-дзем старацца так і надалей. Своечасова косім газоны, абстрыгаем сухія кветкі, прыбіраем апалае лісце. Гэта работа, на першы погляд, незаўважная і не такая ўжо і маштабная, аднак менавіта яна — аснова і залог усёй прыгажосці падворка.

І з гэтым, сапраўды, нельга не згадзіцца.

 

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам архітэктуры і будаўніцтва Нясвіжскага райвыканкама.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.