Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

У добрых гаспадароў

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

SAM_2053 SAM_0010

Яркім, свежым спалучэннем нацыянальных колераў беларусаў — белага і
чырвонага — сустракае гасцей і проста прахожых сядзіба Марыі Уладзіміраўны і Валерыя Канстанцінавіча Грашчанка з вёскі Малева. Гэтыя гаспадары сталі прызёрамі раённага конкурсу на лепшую сядзібу, заняўшы ў ім другое месца па Нясвіжскім сельскім савеце. Як расказала ў нашай гутарцы Марыя Уладзіміраўна, дом перайшоў да яе ў спадчыну ад бацькоў. Да гэтага яны з мужам жылі ў Нясвіжы, але вось ужо 6 гадоў, як сталі паўнапраўнымі жыхарамі Малева, пакінуўшы гарадскую кватэру аднаму з сыноў, і ніколькі не шкадуюць аб гэтым.



— Нам тут вельмі добра, — гаворыць з усмешкай Марыя Уладзіміраўна, — лепш, чым у горадзе. Канешне, уся гэта прыгажосць стваралася не за адзін год — яшчэ пры жыцці бацькоў мы прыязджалі сюды, дапамагалі даглядаць участак, сеяць, палоць, касіць і іншае. А зараз ужо робім усё так, каб і бацькоўскае захавалася, і новае з’явілася.

Часу на гэта ў гаспадароў хапае — мая суразмоўца ўжо два гады, як выйшла на заслужаны адпачынак (дарэчы, многія несвіжане яе памятаюць як прадаўца магазіна “Медтэхніка. Оптыка”), выйшаў на пенсію і муж, які шмат гадоў адпрацаваў у Нясвіжскім УМГ.

І сапраўды, у кожным куточку адчуваецца любячая рука гаспадыні.

— Я дружу з кожнай кветкай, усе люблю, размаўляю з імі, — говорыць Марыя Уладзіміраўна. — А яны любяць увагу, як усе жывыя істоты, адчуваюць яе.

Аднак ёсць у яе, не ў крыўду іншым кветкам, і асаблівыя любімчыкі — гэта ружы. А яшчэ — герані, якія яна ў цёплую пару года выносіць у гаршках на вуліцу і там яны проста буяюць, радуючы погляд усіх, хто трапляе ў двор. А ў ім — у гэтым двары — і сапраўды разбягаюцца вочы: мноства невялікіх рознакаляровых клумбачак у абрамленні камянёў, малыя архітэктурныя формы, старанна выкладзеныя ізноў жа каменнем дарожкі да гаспадарчых пабудоў, і, вядома, пара белых буслоў на абрэзаным дрэве ля самой хаты. І хаця яны — штучныя, аднак сваю місію сімвала шчасця выконваюць спраўна: не сціхаюць тут дзіцячыя галасы. Часта прыязджаюць сын гаспадароў Аляксей з жонкай Святланай і дачкой Янай і сын Віталь з жонкай Ганнай і маленькім сыночкам Косцікам. Дапамагаюць пакасіць, прапалоць, прыбраць, што трэба.

— Асабліва весела было, — узгадвае Марыя Уладзіміраўна, — калі муж з сынамі ставілі наш дэкаратыўны млын. Унучка Яна так старанна фарбавала яго, а Косцік, якому было тады два з паловай, так і круціўся побач, каб і яму далі хоць што-небудзь зрабіць.

А гэта, напэўна, і ёсць самае галоўнае — калі ёсць бацькоўскі куток, ёсць што рабіць, ёсць каму рабіць і ёсць для каго.

 

 

Па цікавым  супадзенні, таксама не так даўно — 6 гадоў — жывуць у сваёй хаце, што па вуліцы Янкі Купалы, 19, у вёсцы Рудаўка, яшчэ адны прызёры раённага конкурсу на лепшую сядзібу — Валянціна Барысаўна і Аляксей Піліпавіч Прокшыны. Яны занялі трэцяе месца па Нясвіжскім сельскім савеце. Дом свой будавалі, як кажуць, з нуля, уклаўшы ў яго шмат сіл, клопату і любові. Без апошняга ў гэтым спісе паняцця, на думку гаспадыні дома, увогуле нічога нельга стварыць. Валянціна Барысаўна так і гаворыць:

SAMSUNG CAMERA PICTURES SAMSUNG CAMERA PICTURES

— Я вельмі люблю свой дом, свой участак і ўсе свае кветкі, увогуле люблю ўсё жывое. Якая радасць вясной бачыць, як амаль з-пад снегу пачынаюць ззяць зорачкі крокусаў і іншых першацветных, а потым расцвітаюць васількі!

Асобны гонар і захапленне гаспадыні — яе ружы. Не менш цікава яна можа расказаць і пра свае хвойнікі, рознакаляровыя касачы і іншыя кветкі, пра невялікі штучны вадаём, які таксама ўпрыгожвае ўчастак. Ёсць на ім і асаблівая дзялянка — тут вырошчваюцца лекавыя травы: мята, чабор, мацярдушка (рус. — душица),  лімоннік.

У сваім двары і ва ўпрыгажэнні дома Валянціна Барысаўна з задавальненнем выконвае ролю дызайнера: балкончыкі і вароты зроблены па яе эскізах, вуглы дома, упрыгожаныя мураванай “шубай” — таксама яе задумка, якую наўрад ці дзе яшчэ знойдзеш. Хіба каму захочацца паўтарыць.

Дарэчы, да выхаду на заслужаны адпачынак гаспадыня дома больш за 30 гадоў адпрацавала ў сферы адукацыі, 22 з іх узначальвала дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Сонейка” тут жа, у Рудаўцы. Няўрымслівы характар і любоў, з якой яна працавала з дзецьмі, ва ўсіх яе занятках праяўляюцца і цяпер, калі ўжо не трэба спяшацца на работу. Дома заўсёды ёсць куды прыкласці рукі, асабліва, калі яны такія нястомныя і ўмелыя.

Ва ўсіх задумках Валянціну Барысаўну падтрымлівае і надзейны спадарожнік жыцця Аляксей Піліпавіч, які 40 гадоў аддаў гандлёваму флоту, але і зараз працягвае працаваць. У хуткім часе ён закончыць на сваім участку будаўніцтва лазні, дзе, як спадзяюцца гаспадары дома, можна будзе добра адпачыць пасля напружанай працы. А там — хто ведае? — можа, з’явяцца на іх утульным селішчы яшчэ якія-небудзь цікавыя знаходкі, бо дасканаласці, як кажуць, межаў няма.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам архітэктуры

і будаўніцтва Нясвіжскага райвыканкама.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!