Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

“Вясёленькі круіз” па-грыцкевіцку

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 03.02.2017

Спявае ансамбль “Суседзі”

Спявае ансамбль “Суседзі”

У мінулую нядзелю эстафету справаздачных канцэртаў за 2016 год, якія яшчэ перад Новым годам пачаліся ва ўстановах культуры нашага раёна, прыняў Грыцкевіцкі СДК.



Перад уваходам у залу была арганізавана выстава творчасці народных умельцаў, на якой, дарэчы, тут штогод з’яўляюцца новыя імёны. На гэты раз свае работы з бісеру ўпершыню прадэманстравала настаўніца Грыцкевіцкай СШ Кацярына Батуева, а ўжо добра вядомая аднавяскоўцам майстрыха Людміла Заяц на гэты раз прадставіла вырабы з тканіны ў тэхніцы тапіарыя.

Самы захапляльны сюрпрыз вяскоўцаў і гасцей з раёна чакаў у глядзельнай зале: не проста канцэрт у звыклай для ўсіх форме, а сапраўдны музычны спектакль з красамоўнай назвай “Вясёленькі круіз”. І сапраўды, мясцовыя артысты прадставілі пуб-ліцы не проста свае таленты,  але і ўменне стварыць цэласную сцэнічную карціну. Вялікую ролю тут адыгралі і дэкарацыі, і гукавое афармленне: на задніку сцэны, спецыяльна пашытым для мерапрыемства, перад гледачамі “ўжывую” паўставалі круізны прыгажун-лайнер і сонечны пляж, на які пад крыкі чаек так натуральна набягалі лагодныя цёплыя хвалі, што,  здавалася, нібыта ты зараз ступіш крок і сапраўды апынешся ў марской вадзе і свеце вечнага лета.

“Драіць палубу” прыйшлося, вядома ж, маладому  матросу, у ролі якога  выступіў Яўген Гуліцкі

“Драіць палубу” прыйшлося, вядома ж, маладому
матросу, у ролі якога
выступіў Яўген Гуліцкі

Сцэна з мініяцюры “Сюрпрыз”. У ролях —  сямейны дуэт Алены і Сяргея Леўшык.  Алена Аляксееўна працуе спецыялістам  ААТ “Грыцкевічы” па ідэалагічнай рабоце,  а Сяргей Іванавіч — механізатарам гаспадаркі

Сцэна з мініяцюры “Сюрпрыз”. У ролях —
сямейны дуэт Алены і Сяргея Леўшык.
Алена Аляксееўна працуе спецыялістам
ААТ “Грыцкевічы” па ідэалагічнай рабоце,
а Сяргей Іванавіч — механізатарам гаспадаркі

Момант з мініяцюры “Пляж”. У ролях —  тэхработнік Грыцкевіцкага СДК Марына  Закудоўская і вадзіцель  ААТ “Грыцкевічы” Мікалай Ярош

Момант з мініяцюры “Пляж”. У ролях —
тэхработнік Грыцкевіцкага СДК Марына
Закудоўская і вадзіцель
ААТ “Грыцкевічы” Мікалай Ярош

Героі спектакля спявалі, прытанцоў-валі, хваліліся экзатычнымі пакупкамі, сварыліся, мірыліся і ў жаночай сваёй палове ўсяляк канкурыравалі за ўвагу не надта заклапочанага сваімі прамымі абавязкамі, але страшэнна абаяльнага капітана, ролю якога бліскуча выканаў акампаніятар СДК Юрый Кабяк. Мініяцюра “Вячэра з капітанам” увогуле стала ці не самай яскравай перлінай справаздачнага мерапрыемства менавіта ў тэатральным плане, таму што тут проста непараўнальнымі былі ўсе яе ўдзельнікі — і пераможаная сапер-ніца (Алена Леўшык), і “пераможца” (Людміла Гадун), і, вядома ж, сам капітан. Іх вобразы атрымаліся настолькі пераканаўчымі, абаяльнымі і зразумелымі кожнаму гледачу, што раўнадушнай тут магла застацца, хіба што, толькі мэбля ў гля-дзельнай зале. Людзі ж задумваліся, уздыхалі і — рагаталі да слёз. І такіх шматколерных момантаў на працягу ўсяго відовішча было шмат.

Увогуле, майстэрства сцэнарыста, а менавіта загадчыка СДК Людмілы Гадун, не магло не выклікаць захаплення: у канву спектакля былі так арганічна ўплецены народныя нумары ў выкананні ансамбля песні “Суседзі”, што гэта стала яшчэ адным цікавым прыкладам пераходу эстраднай стылістыкі ў народную і наадварот у рамках аднаго і таго ж відовішча.

Калі ж па завяршэнні “Вясёленькага круіза” заціх гром аплыдысментаў, кіраўнік СДК Людміла Гадун шчыра падзякавала аднавяскоўцам за ўвагу і любоў да творчасці мясцовых артыстаў, а кіраўніцтву ААТ “Грыцкевічы” — за маральную і матэрыяльную падтрымку. Яна адзначыла, што новы занавес, на які і праецыраваліся марскія віды, быў пашыты пры дапамозе гаспадаркі, дзякуючы ёй з’явілася і падсвятленне сцэны.

Мініяцюру “Падарунак” гледачам  прадставілі загадчык Грыцкевіцкай бібліятэкі Юлія Касцюк і тэхнік- асемянатар  ААТ “Грыцкевічы” Ілья Антановіч

Мініяцюру “Падарунак” гледачам
прадставілі загадчык Грыцкевіцкай бібліятэкі Юлія Касцюк і тэхнік- асемянатар ААТ “Грыцкевічы” Ілья Антановіч

Людміла Гадун і юрый Кабяк  у сцэне з мініяцюры  “Вячэра з капітанам”

Людміла Гадун і юрый Кабяк
у сцэне з мініяцюры
“Вячэра з капітанам”

Дарэчы, дырэктар таварыства Яўген Здановіч асабіста прысутнічаў на спектаклі і падбадзёрваў сваіх таленавітых землякоў  аплыдысментамі. І гэта, напэўна, заканамерна, таму што абсалютная большасць удзельнікаў спектакля — работнікі гаспадаркі, людзі працавітыя і таленавітыя, якія з душой падтрымліваюць гонар роднай зямлі не толькі на сваіх рабочых месцах, але і на сцэне.

У нашай асабістай гутарцы Людміла Мікалаеўна таксама самымі добрымі словамі ўзгадала акампаніятара СДК Юрыя Кабяка, мастацкага кіраўніка Таццяну Кабяк, якая, знаходзячыся зараз у водпуску па доглядзе за дзіцем, не шкадавала свайго часу, каб узбагаціць канцэртныя нумары ансамбля “Суседзі” ў харэаграфічным плане, дзеючага мастацкага кіраўніка          Яўгена            Гуліцкага, спецыяліста ААТ “Грыцкевічы” па ідэалагічнай рабоце Алену Леўшык, рабочага СДК Аляксандра Мянько, што рабіў сцэнічныя дэкарацыі, і многіх іншых добрых і таленавітых людзей, дзякуючы якім справаздачнае мерапрыемства атрымалася менавіта такім — “Вясёленькім круізам” па-грыцкевіцку. Сваім, беларускім, адметным і непаўторным.

Поўная зала гледачоў — лепшая падтрымка для артыстаў

Поўная зала гледачоў — лепшая падтрымка для артыстаў

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Грыцкевіцкі СДК прызнаны пераможцам па выніках справаздачных мерапрыемстваў сярод сельскіх клубаў і дамоў культуры раёна.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі

 ЕРМАШЭНКА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!