Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 12 °C

Равесніца стагоддзя

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 15.03.2017

Вольга Антонаўна Рак  прымае віншаванні  са 100-гадовым юбілеем

Вольга Антонаўна Рак прымае віншаванні
са 100-гадовым юбілеем

8-е сакавіка — асаблівая дата для сям’і жыхаркі Гарадзеі Вольгі Антонаўны Рак. Менавіта ў гэты дзень, калі ў свеце адзначаецца міжнароднае жаночае свята, яна прымае віншаванні з днём нараджэння. Сёлета гэтыя віншаванні былі асаблівымі, таму што Вольга Антонаўна адзначыла свой 100-гадовы юбілей. Яе жыццёвы шлях — люстэрка лёсу многіх беларускіх жанчын яе пакалення: праца на ўласнай гаспадарцы да Вялікай Айчыннай вайны, нараджэнне дзяцей, гібель мужа — кармільца сям’і, які незадоўга да Перамогі быў забіты пад Берлінам у маі 45-га. Давялося ёй перажыць і самае страшнае для любой маці — страціць у ваеннае ліхалецце аднаго са сваіх дзяцей. А тым дваім, што выжылі, даць усю тую мацярынскую любоў і ўвагу, якія сталі для іх самым галоўным і самым дарагім капіталам на ўсё астатняе жыццё. — Я была зусім маленькай, — расказвае дачка юбіляркі Марыя Канстанцінаўна Булаш, — і ведаю толькі па расказах мамы, як было страшна, калі бамбілі Гарадзею. Яна казала, што тады клала нас з братам на зямлю, а сама закрывала нас сабой. Думала, калі ўжо ўпадзе бомба, то каб загінуць усім адразу, бо калі загіне яна адна, то хто нас будзе маленькіх глядзець? Пасля вайны Вольга Антонаўна ўладкавалася вартаўніком у Нясвіжскае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, абавязкі свае выконвала вельмі адказна, а ў свабодны ад работы час шчыравала на прысядзібным участку. Пакуль былі сілы, дары зямлі, здабытыя нялёгкай уласнай працай, у выхадныя везла ў Мінск, каб пад-трымаць дзяцей і ўнукаў. Усё жыццё, як заўважаюць і родныя, і знаёмыя шаноўнай юбіляркі, Вольга  Антонаўна шчыра працавала, прысвячала сябе дзецям. І сёння яе дачка з упэўненасцю гаворыць: “Кажуць, што бацькоў не выбіраюць. Але каб і можна было выбіраць, то я абавязкова выбрала б толькі сваю маму — самую лепшую, самую добрую. Яна заўсёды вучыла нас быць добрымі, вучыла любіць людзей, нікому не рабіць зла і не адказваць крыўдай на крыўду, радавацца жыццю. Так мы і жывём і не шкадуем аб гэтым”.



Пашпарт юбілярцы ўручае начальнік аддзялення  па грамадзянстве і міграцыі Нясвіжскага РАУС Андрэй Глінскі

Пашпарт юбілярцы ўручае начальнік аддзялення
па грамадзянстве і міграцыі Нясвіжскага РАУС Андрэй Глінскі

254 Дачка Марыя падарыла матулі дваіх унучак, а сын Вячаслаў — пяцёра ўнукаў: у яго чатыры дачкі і сын, таму зараз у паважанай доўгажыхаркі сем унукаў і трое праўнукаў, у якіх працягваецца і маладзее яе жыццё. Са стогадовым юбілеем Вольгу Антонаўну прыйшло павіншаваць шмат людзей — ад прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады да суседзяў і сяброў, якія жывуць з ёю побач. Намеснік старшыні Нясвіж-скага райвыканкама Аляксандр Майсеня, звяртаючыся да доўгажыхаркі, сказаў: — Ваш векавы юбілей — гэта падзея для ўсіх нас. Нядаўна мы адзначылі стагоддзе лютаўскай рэвалюцыі, праз некаторы час бу-дзем адзначаць стагоддзе Вялікай Кастрычніцкай. Вы чалавек, які ўвасабляе гэтыя гады, якому многае давялося перажыць. Аляксандр Іванавіч таксама адзначыў, што дзеці і ўнукі — найвялікшая каштоўнасць для жанчыны, а калі ёй удаецца прычакаць яшчэ і праўнукаў — гэта вялікае шчасце. Ён шчыра пажадаў юбілярцы добрага здароўя і бадзёрасці, уручыў кветкі і грашовую дапамогу ад райвыканкама, а таксама выказаў удзячнасць яе блізкім за клопат і падтрымку, якімі яны атуляюць свайго роднага чалавека. Дарэчы, гасцей Вольга Антонаўна сустракала стоячы і не адразу згадзілася прысесці, каб паберагчы сілы для наступных віншаванняў. А іх было нямала. Да А.І. Майсені далучыліся дырэктар Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Корсак, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Толсцік, старшыня Гарадзейскага сельвыканкама Уладзімір Курачыцкі, начальнік Нясвіжскага аддзела дэпартамента аховы МУC Рэспублікі Беларусь Аляксандр Грынкевіч разам з памочнікам начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандрам Трусевічам і спецыялістам І катэгорыі групы кадраў Наталляй Калеснікевіч, старшыня раённага Савета ветэранаў Генадзь Пашкоўскі. Асаблівую місію выканаў начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Нясвіжскага РАУС Андрэй Глінскі: ён уручыў паважанай доўгажыхарцы новы пашпарт, якім адзначыўся пачатак 101-га года яе жыцця.

Пашпарт юбілярцы ўручае начальнік аддзялення  па грамадзянстве і міграцыі Нясвіжскага РАУС Андрэй Глінскі

Кветкі і падарунак ад Нясвіжскага аддзела дэпартамента аховы МВД Рэспублікі Беларусь уручае яго начальнік Аляксандр Грынкевіч

Общее фото с гостями на память

Общее фото с гостями на память

Вольга Антонаўна ўсіх уважліва слухала, усім казала дзякуй і была вельмі рада мясцовым артыстам — прадстаўнікам калектываў аматарскай творчасці Завітанскага СКБ, Новагарадзейскага СЦКіА, Гарадзейскага ГПДК і Гарадзейскага цэнтра культуры, што ўпрыгожылі юбілейныя віншаванні сваім міні-канцэртам. У чым жа сакрэт даўгалецця шаноўнай юбіляркі? Гэтым пытаннем, напэўна, задаваліся многія, хто прысутнічаў на яе віншаванні. І, напэўна, многія змаглі знайсці на яго адказ за га-дзіну знаходжання ў яе гасцінным доме, дзе адчуваецца атмасфера любові, клопату, радасці і ўдзячнасці, якія перацякаюць ад старэйшых да маладзейшых і наадварот. Менавіта яны не менш, а можа, і больш, чым лекі, падмацоўваюць сілы яго жыхароў і самай старэйшай яго гаспадыні. І няхай так будзе яшчэ доўга-доўга. З юбілеем Вас, Вольга Антонаўна! Соф’я ЛЮБАНЕЦ. Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!