У добрых гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_20150529_103526 IMG_20150529_103534

Сапраўдны кветкавы рай  — так хочацца назваць  дом і ўчастак Васіля Мікалаевіча і Таццяны Мікалаеўны Халопіца, пераможцаў раённага конкурсу на лепшую сядзібу па Сейлавіцкім сельскім савеце. Яны жывуць у вёсцы Затур’я па вуліцы Цэнтральнай. Абое — людзі занятыя і актыўныя, якія ўжо не першы год падаюць добры прыклад сваім землякам. Васіль Мікалаевіч апошнія гады быў галоўным заатэхнікам ААТ “Юшавічы”, а ў мінулым месяцы ўзначаліў ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”. Таццяна Мікалаеўна працуе ў “Юшавічах” загадчыкам склада.  Ужо “становяцца на крыло” і іх дзеці — дачка Юлія вучыцца ў Гродзенскім медуніверсітэце, а сын Іван — у выпускным класе Затур’янскага НПК д/с СШ.

— Работы, вядома, хапае ва ўсіх, але догляд уласнай сядзібы — гэта тая работа, якая выконваецца не столькі па неабходнасці, колькі для душы, — расказала ў нашай гутарцы Таццяна Мікалаеўна. — Галоўнае, гэта падаць ідэю, каб было зроблена па-свойму, па-асабліваму, не так, як ва ўсіх. І, вядома, без дапамогі і падтрымкі мужа і дзяцей мне адной было б наўрад ці магчыма ўвасобіць свае ідэі ў жыццё і стварыць столькі цікавага.

А паглядзець, асабліва летам, тут сапраўды ёсць на што  — у штучным вадаёмчыку, аздобленым дэкаратыўным мастком, плаваюць прыгажуні-лілеі, цурчаць струмені фантана, зробленага сваімі рукамі, для якога выкарысталі адпрацаванае кола і абклалі яго пліткай, з зеляніны выглядваюць скульптуры з дрэва — грыбочкі і буслы (іх уласнаручна вырабіў бацька гаспадыні — дзядуля Юлі і Вані). Ад пачатку лета да самых замаразкаў тут квітнеюць разнастайныя сарты руж, на металічных арках, якія спецыяльна для гэтага зварыў майстар на ўсе рукі Васіль Мікалаевіч, ззяюць буйныя “зоркі” клематысаў, ёсць тут нават і вельмі рэдкія для нашых мясцін рададэндраны,  і мноства вечназялёных раслін — туй і ядлоўцу, нават свой маленькі пітомнік туй.

— Усе родныя ведаюць, — гаворыць з усмешкай Таццяна Мікалаеўна, што лепшы падарунак для мяне — гэта насенне або цыбуліны кветак. Я гэтаму вельмі радуюся, а потым мы радуемся ўсе разам, гледзячы, як гэты падарунак ідзе ў рост і квітнее.

Дарэчы, прыйшла новая вясна, пара закладкі новай прыгажосці, новага ўраджаю. І, напэўна, сядзіба Васіля і Таццяны Халопіца яшчэ парадуе і гасцей, і суседзяў і ў гэтым годзе!

 

 

Па-гаспадарску заняты кожны квадратны метр пры- сядзібнага ўчастка Міхаіла Міхайлавіча і Ніны Іванаўны Бука, якія жывуць у аграгарадку Юшавічы па вуліцы Луннай, 6. Ім было прысуджана другое месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Сейлавіцкім сельскім савеце. Гаспадар дома працуе галоўным інжынерам у ААТ “Юшавічы”, а гаспадыня знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ужо з вуліцы ўвагу прахожых прыцягвае прыгожы кованы плот і не менш прыгожы ганак на ўваходзе ў дом, мноства кветак, якія і на зямлі месцяцца, і ўвышыню ўзбіраюцца па металічных арках, звараных уласнаручна гаспадаром.

2016-09-22 14-29-22 IMG_0453

— Шкада толькі, што менавіта на прыгажосць застаецца ўсяго 3-4 соткі, — уздыхае Міхаіл Міхайлавіч. — Увесь участак — 11, а на іх і сам дом, і хлеў, і гараж, і цяпліца. А то можна было б яшчэ не так разгарнуцца, зрабіць сапраўдную сажалачку, але ж трэба выкарыстоўваць тое, што ёсць. Галоўнае, што ўнукам падабаецца.

А ўнукаў у клапатлівых гаспадароў чацвёра, ад 5 да 13 гадоў, і яны з задавальненнем прыязджаюць разам з бацькамі да дзядулі і бабулі з Нясвіжа, каб пагуляць сярод фігурак казачных герояў і буслоў, якіх тут шмат, і пакрысе прызвычайваюцца не толькі любавацца прыгажосцю, але і падтрымліваць яе.

 

Дому №101 па вуліцы Цэнтральнай вёскі Андрушы, які належыць Мікалаю Іванавічу Грыгаровічу, было прысуджана трэцяе месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Сейлавіцкім сельскім савеце. Як расказаў гаспадар, дом дастаўся яму ў спадчыну ад бацькоў. І хаця сам ён ужо 41 год жыве ў Мінску, дзе працуе майстрам транспартнага цэха на маторным заводзе, родныя мясціны прыцягвалі яго чым далей, тым больш, і каля гадоў дзесяці таму ён разам з жонкай Вольгай Міхайлаўнай усур’ёз узяўся за добраўпарадкаванне бацькоўскага кутка. І зараз імкнецца туды, як толькі выпадае магчымасць. А імкнуцца сапраўды ёсць куды: участак упрыгожваюць два вадаёмы — адзін большы, у якім у спёку нават можна пакупацца і дзе шуміць маленькі вадаспадзік, і меншы, дзе во-дзяцца рыбкі. Берагі іх, як і ўсю астатнюю тэрыторыю, упрыгожваюць кветкі — любімае захапленне Вольгі Міхайлаўны. Гэтымі сакавіцкімі днямі тут ужо поўным ходам цвітуць крокусы, набіраюцца моцы цюльпаны, затым нады-дзе чарга рознакаляровых руж, а таксама клематысаў і гартэнзій. Да гэтых шматгадовых прыгажунь летам таксама далучацца петуніі, астры, начныя фіялкі, цыніі і лабеліі.

2016-10-04 16-06-05 2016-10-04 16-05-37

А як вясной тут цвіце сад! На думку гаспадароў, прыгажэйшага месца на зямлі няма: тут і яблыні, і цудоўныя салодкія грушы, і слівы, і абрыкос, і нават грэцкі арэх — усё на карысць і радасць людзям.

Нездарма і дзеці, і ўнукі любяць бываць тут і, па магчымасці, дапамагаць старэйшаму пакаленню даглядаць усю гэту прыгажосць. А калі пасля добрай працы трэба адпачыць, то ўсіх чакае лазня, што стаіць тут жа, на ўчастку. Вось так з пакалення ў пакаленнне перадаецца тут любоў да роднага кутка.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фотаздымкі прадастаўлены Сейлавіцкім сельвыканкамам.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.