1947 год. Калектывізацыя. Яны былі першымі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фрагменты старонак раённай газеты “Чырвоны сцяг”  за 1947 год. У заметках  расказваецца пра справы  калгаса ў вёсцы Юшавічы

Фрагменты старонак раённай газеты “Чырвоны сцяг” за 1947 год. У заметках
расказваецца пра справы калгаса ў вёсцы Юшавічы

1

Гартаючы падшыўку нашай раённай газеты “Чырвоны сцяг” за 1947 год (цікава ж, пра што пісалі мае калегі 70 гадоў назад), адзначала найбольш важныя моманты. І сярод  іх — стварэнне вясной 47-га  ў вёсцы Юшавічы калгаса  імя Сталіна. Ня-дзельны нумар  за 6 красавіка прысвяціў  гэтай падзеі дзве трэці газетнай старонкі. У заметцы “Наша мара збылася” старшыня калгаса імя  Сталіна І. Падамацька расказаў пра арцельны сход, які прайшоў 23 сакавіка. На ім сяляне  прынялі Статут сельгасарцелі, выбралі  праўленне і рэвізійную камісію. Аднадушна вырашылі прысвоіць калгасу імя Сталіна. Старшынёй выбралі Івана Іосіфавіча  Падамацьку. У калгас спачатку  ўступіла 12 аднаасобных  гаспадарак — найбольш актыўных вяскоўцаў. У пачатку красавіка яшчэ 5 гаспадарак улілося ў калектыў.

Сяляне марылі аб больш заможным  жыцці. З раённай газеты ведалі, што калгаснікі сельгасарцеляў “Чырвоны Бераг” і “17 верасня”, якія былі арганізаваны раней, атрымалі багатыя працадні. З іх бралі прыклад і жыхары Юшавічаў.

“Зараз мы прыступілі да абагульнення сельскагаспадарчага  інвентару, насення і цяглавай сілы. Калгас ужо мае 4 бараны, культыватар, 3 жняяркі, малатарню, сенаграбілку, 1 параконны плуг, 4 двухлямешныя плугі, сеялку і іншы інвентар, — расказвае ў заметцы старшыня  калгаса. Падрыхтавалі і добра  абарудавалі кладовую, дзе ссыпаем насенне. Калгаснікі ўжо  прыступілі да яго ачысткі…”  (у артыкуле захавана арфаграфія ары-гінала).

У аднаасобнікаў, што ўступілі ў калгас, налічвалася разам 37 га ворыўнай зямлі і 11 га лугоў. З утварэннем калектыўнай гаспадаркі  за ёй замацавалі больш угоддзяў. Калгас налічваў ужо  284 га ворыўнай зямлі і 93 га  лугоў. Вясновы клін склаў 195 га. Аграном Кандратаў дапамагаў калгаснікам разбіць пасяўную плошчу на палі. Калгас заключыў дагавор з МТС і конна-пракатным  пунктам. У Юшавічы прыбылі трактар і коні. Пачыналася ворыва зямлі.

Першай рашыла ўступіць у сельгасарцель Серафіма Янцэвіч. Вось што яна расказвала на старонках газеты: “Я мела невялікі надзел зямлі ў 1,5 гектара ворыва. Апрацаваць яго без каня вельмі цяжка, асабліва жанчыне… У мінулым годзе я нажала 2 капы жыта, з якіх атрымала 5 пудоў зярна. 9 пудоў намалаціла ячменю, 35 пудоў накапала бульбы. Вось вынікі маёй працы. Хоць у мяне  і невялікая сям’я, а хлеба я ўжо не маю…”(!)

Сярод тых, хто першым уступіў у калгас, быў і Мікалай Бялоў. Ён зямлі не меў зусім, увесь час  працаваў у кулакоў па найме. Бывалі дні, калі сядзеў без работы, а ўся сям’я — без хлеба. Калі ў Нясвіжскім раёне ўсталявалася  савецкая ўлада, селянін  атрымаў зямлю. Набыў карову. Але жыць  аднаасобнай гаспадаркай было цяжка. І вырашыў ісці ў калектыў.

“6 гектараў ворыўнай зямлі, конь, воз, плуг і барана — гэта ўся  мая гаспадарка, — апавядаў калгаснік Лук’ян Янцэвіч. — З кожным годам зямля запускалася. Ураджай зніжаўся… Увесь час я імкнуўся палепшыць маё жыццё. Цяпер мая мара збылася…”

Брыгадзірам калгаса імя Сталіна сяляне выбралі Аляксандра  Раліса. Ён жа стаў і членам  праўлення. У яго брыгадзе — 26 рабочых. Яны актыўна рыхтаваліся да веснавых  палявых работ: рамантавалі  інвентар і збрую. “Колькі я ні працаваў, а каня  набыць не мог. Хлеба не хапала да новага”, — так успамінаў Аляксандр Раліс пра сваё аднаасобніцкае жыццё.

Цяпер у вяскоўцаў з’явілася мэта, да якой яны ўпэўнена рушылі. Пераканаліся, што  адзіны шлях да лепшага  жыцця — праца ў калектыўнай гаспадарцы, калі можна прымяніць  усе дасягненні навукі і тэхнікі, павысіць ураджайнасць сельгаскультур.

Далей пра справы ў калгасе  імя Сталіна паведамляе заметка ад 14 жніўня. У ёй гаворыцца, што, “дзякуючы стараннай і добрасумленнай працы калгаснікаў, ураджай на полі вырас багаты. Усё лета з рання да вечара дружна і самааддана працавалі  калгаснікі ў полі, жалі, сушылі, звозілі снапы ў гумны. Калгаснік Аляксандр Грыська, працуючы на жняярцы, пастаянна  перавыконваў дзённую норму  выпрацоўкі. Перавыканалі  свае нормы калгаснікі Анна Кухта, Лук’ян Янцэвіч і многія  іншыя. Уборка азімых і ранніх яравых праведзена ў кароткія тэрміны і без страт… Ужо 10 жніўня  калгас поўнасцю разлічыўся з дзяржавай па хлебаздачы”.

Вырас у гэтым калгасе і добры ўраджай ільну, паведамляе “Чырвоны сцяг” за 24 жніўня.

І вельмі прыемную навіну  даведваюся з нумара “раёнкі” за 4 верасня. Калгас імя Сталіна, у ліку трох гаспадарак Нясвіжскага раёна, занесены  на абласную Дошку Гонару. Па стане на 16 жніўня калгас поўнасцю  выканаў план збожжапаставак і разлічыўся па натуральнай  аплаце за работы машына-трактарнай станцыі.

У 1948 годзе першую вестку з калгаса імя Сталіна “раёнка” апуб-лікавала 1 лютага. У гаспадарцы адбыўся справаздачны сход. Старшынёй выбралі перадавога калгасніка Антона Падамацьку. Сяляне былі нацэлены атрымаць багаты ўраджай і паспяхова рыхтаваліся да веснавой  сяўбы: рамантавалі сельгасінвентар, вывозілі на палі гной. Аляксандр  Раліс, Антон Гурбан, Алена Янцэвіч на ачыстцы насення  і вывазцы ўгнаенняў пастаянна  перавыконвалі свае нормы выпрацоўкі ў 1,5—2 разы.

А вось паведамленне ад 18 красавіка. Апрацоўваць палі пад сяўбу яравых калгасу імя Сталіна дапамагалі трактарысты Нясвіжскай МТС Васіль Калоша і Анатоль Высоцкі. Коньмі аралі глебу калгаснікі  Іосіф Гурбан і Мікалай Гурбан.

І праз колькі дзён — 1 мая — зноў інфармацыя.  Калгас паспяхова закончыў сяўбу збожжавых. Перадавыя члены арцелі Антон Падамацька, Мікалай Бялоў, Язэп Кавалеўскі пастаянна перавыконвалі нормы выпрацоўкі…

У суседніх з Юшавічамі вёсках (Цагельня, Пасекі) калгас быў  арга-нізаваны ў 1948 годзе. Яго  назвалі імем Георгія Дзімітрава. Старшынёй стаў Уладзімір Хвіцько. У 1949 годзе стварылі  калгас у Ракавічах. Назвалі  “Герой працы”. Узначаліў гаспадарку Іосіф Лепяціла.

Восенню 1951 года ўсе тры калектыўныя гаспадаркі аб’ядналі ў адну — імя Сталіна. Кіраўніком  выбралі Аляксандра Герасянкова. Пазней  старшынямі працавалі Іосіф Цвірко (з 1953 па 1959 гг.), Фёдар Кандратовіч  (з 1959 па 1976 гг.), Анатоль Захарэвіч (з 1976 па 1978 гг.).

У 1960 г. калгасу  далі новую наз-ву — “Зара”.

У 1978 г. “Зару” аб’ядналі з суседняй “Славай” (цэнтр — вёска Затур’я, уваходзілі  в. Бузуны і Бучныя, арганізацыя калгасаў у іх адбывалася ў 1949 і 1950 гадах). За ўзбуйненай гаспадаркай захавалася назва “Слава”, і да 1992 г. кіраваў ёю Міхаіл Макаўчык, які з 1967 года старшынёўстваваў у Затур’і. Затым, з 1992 па 2002 гг. — Іван Кендыш. З 2002 па 2012 гг. — Віктар Азарка. У 2010 г. калгас стаў адкрытым акцыянерным таварыствам “Юшавічы”.

Яго дырэктарам пяць гадоў працуе Алег Вінаград. Але гэта  ўжо — наша навейшая гісторыя. Пра сённяшнія справы ў сельгаспрадпрыемстве  мы нядаўна расказвалі ў артыкуле аб справаздачным сходзе. А зараз успомнілі пра тых, хто стаяў ля вытокаў калектыўнага гаспадарання 70 гадоў таму.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.