У добрых гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_3414

— Люблю ўпрыгожваць зямлю, — гаворыць гаспадыня дома №16, што стаіць па вуліцы Камсамольскай у вёсцы Лань,  Людміла Іванаўна Жук. Разам з мужам Аляксандрам Георгіевічам яны сталі пераможцамі раённага конкурсу на лепшую сядзібу па Ланскім сельскім Савеце за 2016 год. Абое — людзі занятыя і актыўныя: Людміла Іванаўна працуе вядучым спецыялістам у Ланскім сельскім выканаўчым камітэце, а Аляксандр Георгіевіч апошнія некалькі гадоў узначальвае УП “Нясвіжская ЖКГ”. У любові да працы і прыгажосці выраслі і дзве іх дачкі — Алена і Марына, якія зараз жывуць у Нясвіжы і Мінску. Па магчымасці, прыязджаючы да бацькоў, дапамагаюць у падтрыманні парадку на сядзібе. А палюбавацца тут сапраўды ёсць на што: роўненькія газоны ўпрыгожваюць шматлікія кусты руж і дугі клематысаў, ранняй вясной ззяюць зорачкі крокусаў, затым надыходзіць чарга цюльпанаў, лілей, руж, гладыёлусаў, хрызантэм і многіх іншых кветак, якія радуюць вока прахожых і гасцей дома ад ранняй вясны да позняй восені, вабіць сваёй прахалодай у спякотны дзень невялікі, але вельмі прыгожа аформлены штучны вадаём, выглядваюць з зеляніны і кветак садовыя скульптуры і грыбочкі з камянёў, запрашае ў цень ажурная альтанка.

Усё гэта даглядаецца і песціцца любячымі, працавітымі рукамі, без якіх, як вядома, нічога немагчыма ні пабудаваць, ні пасеяць, ні вырасціць.

 

 

IMG_3322

Своеасаблівы юбілей — 20 год з дня засялення ў свой дом — адзначаюць сёлета Ігар Леанідавіч і Галіна Уладзіміраўна Герман з вёскі Лявонавічы, дом і ўчастак якіх заняў другое месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Ланскім сельскім Савеце.

Жывуць гэтыя добрыя гаспадары па вуліцы Садовай.

Ігар Леанідавіч зараз працуе трактарыстам у Нясвіжскім РЭС, Галіна Уладзіміраўна — брыгадзірам у ЗАТ “1 Мая”. Яны выгадавалі дзвюх дачок: старэйшая Анастасія вучыцца ў Мінскім мед-універсітэце, малодшая Ганна — у 10 Б класе СШ №3 г. Нясвіжа. Менавіта іх Галіна Уладзіміраўна назвала ў нашай гутарцы сваімі галоўнымі памочніцамі. Увогуле, як расказала мая суразмоўца, у іх сям’і ўсю работу стараюцца рабіць разам, толькі гаспадар, зразумела, больш бярэ на сябе тое, у чым патрабуюцца мужчынская сіла і навыкі: напрыклад, уладкаванне каменнага абрамлення вакол штучнага міні-азярца, дзе плаваюць карасікі, — справа яго рук, а стварэнне кветкавага ансамбля вакол яго берагоў — гаспадыні.

На пытанне, якія кветкі самыя любімыя, Галіна Уладзіміраўна адказала, што вельмі любіць усіх сваіх зялёных сябровак. Шмат месца займаюць разнастайныя лілеі, багата тут і руж, і касачоў, і розных дэкаратыўных кустарнікаў — асцільбы, лілейніка, дэльфініума, вейгелы, а на лета на вуліцу выносяцца пеларгоніі, петуніі, бягоніі — усіх і не пералічыць.

Зараз вясна, на дварэ становіцца ўсё цяплей, і, напэўна, у хуткім часе сядзіба Германаў ізноў парадуе і гаспадароў, і прахожых новымі яскравымі колерамі.

 

IMG_3393

Не так даўно — усяго 4 гады — жывуць у сваім доме, які дастаўся ў спадчыну ад бацькоў гаспадыні, Лілія Казіміраўна і Сяргей Міхайлавіч Плакса — уладальнікі трэцяга месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Ланскім сельскім Савеце, жыхары вуліцы 60 год Кастрычніка, што ў вёсцы Качановічы.

Лілія Казіміраўна працуе бухгалтарам на прыватным унітарным прадпрыемстве “Сладов”, а Сяргей Міхайлавіч — у службе аховы філіяла “Нясвіжскае УМГ” ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”. Да бацькоў з Мінска часта прыязджае сын з сям’ёй, усе разам прыкладаюць рукі да ўладкавання ўтульнага роднага кутка. А зроблена тут за такі даволі невялікі тэрмін было нямала — новыя гаспадары добраўпарадкавалі прысядзібны ўчастак, што не так проста на 25 сот-ках, насадзілі кветак, праклалі дарожкі, уладкавалі два вадаёмы. Ёсць тут і сад, і агарод, але галоўнае захапленне і любоў гаспадыні — кветкі.

— Гэта маё жыццё, маё задавальненне, — так гаворыць пра сваіх зялёных прыгажунь Лілія Казіміраўна. — Муж падтрымлівае ў парадку газоны, а я займаюся кветкамі.

На ўчастку ў прызёраў раённага конкурсу вельмі шмат руж, лілей і дэкаратыўных кустарнікаў — спірэі, вейгелы, гібіскусу. Вясной ружовым кіпенем квітнее нават экзатычная іва хакура-нішыкі, выпісаная з “Садовай калекцыі”, прыняліся і тры маладзенькія магноліі, адна з іх ужо збіраецца зацвісці.

Дасканаласці, як кажуць, няма межаў, і, напэўна, трэцяе месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу — гэта для сям’і Плакса з вёскі Качановічы толькі пачатак.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота прадастаўлена аддзелам

архітэктуры і будаўніцтва  райвыканкама.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.