Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Выйсце — не ў шэсці па вуліцах

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Сапраўднае багацце для людзей — уменне працаваць.

Эзоп.

 

Беларускі народ заўсёды быў адным з самых працалюбівых у свеце. І мяне як грамадзяніна Беларусі вельмі абурае, што сёння гультаі і прайдзісветы розных гатункаў на плошчах і вуліцах гарадоў, прыкрываючыся народам, нават сітуацыяй беспрацоўных, імкнуцца вырашаць свае палітычныя заказы. Я перакананы: на плошчах няма тых, хто сапраўды аказаўся беспрацоўным. Тыя, хто жадае атрымаць працу, шукаюць яе самі на прадпрыемствах ці ідуць па дапамогу да дзяржавы, рэгіструючыся ў цэнтрах занятасці.  Так, эканамічная сітуацыя сёння нялёгкая, аднак гэта не значыць, што з  транспарантамі і выкрыкамі  на вуліцах нашых гарадоў можна знайсці выйсце.



Нярэдка праблем з працаўладкаваннем  работнікаў зусім  няма — праблема ў галовах тых, хто шукае працу. У яе пошуку неабходна рабіць упор на сваёй кваліфікацыі, навыках, ведах у прафесійнай вобласці. Трэба разумець, што працу можна атрымаць толькі дзякуючы сваёй кампетэнтнасці.  Часам нават дыплом аб вышэйшай адукацыі не надта каціруецца на рынку. Больш каштоўнымі для працадаўцы з’яўляюцца канкрэтныя ўменні, якія трэба паказваць на практыцы.

Лічу, што сёння сама працоўная галіна патрабуе новых падыходаў, больш спрыяльных магчымасцей занятасці для  мужчын і жанчын, стварэння новых працоўных месцаў і нават прафесій. Многія прафесіі ўжо замянілі робаты, механізмы. Анахранізмамі на вачах становяцца яшчэ ўчора папулярныя спецыяльнасці. Неабходны эканамічныя пераўтварэнні, новыя веды і навыкі, якія могуць дапамагчы пераадолець няпростую сітуацыю.

На сённяшні дзень ужо акрэслены многія катэгорыі грамадзян, якім не трэба плаціць падатак па Дэкрэце №3. Аднак, мне думаецца,  нельга забываць пра катэгорыю “хворыя грамадзяне”, якім атрымаць сёння працу зусім не проста. Гэтым людзям, згодна з медыцынскімі паказаннямі, патрэбна лёгкая праца. І яны спрабуюць шукаць…  Многія суайчыннікі заняты  творчай, валанцёрскай працай або толькі яшчэ  рыхтуюцца стаць працаўнікамі. Не магу не сказаць пра хатніх гаспадынь, якія  штодзённа заняты фактычна “амаль на дзве стаўкі”.  Іншая справа, што іх працу часта не шануюць, не заўважаюць, і правы жанчын  тут  амаль што не  абароненыя. А яны ж гатуюць, прыбіраюць, ствараюць утульнасць для мужа, дзяцей.

У цэнтрах занятасці многім прапануюць набываць новыя прафесіі. Аднак у 50 — 55 год перавучвацца ўжо позна, дый часта здароўе ўжо не дазваляе гэта рабіць. Да таго ж, праблематычна харэо-графу, напрыклад, стаць цесляром, а гісторыку — тынкоўшчыкам. Сёння найперш запатрабаваныя прафесіі на рынку працы — урач, медыцынская сястра, ветэрынарны ўрач, прадавец, вадзіцель, бухгалтар. Яны, канешне, вельмі неабходныя, аднак на іх набыццё патрэбна шмат часу, схільнасці. Ды й, дарэчы,  гэтыя прафесіі не многім падыходзяць. Ведаю  людзей-гуманітарыяў, якія баяцца ўсялякай тэхнікі, нават не думаюць здаваць на правы вадзіцеля.

Існуе беспрацоўе сярод моладзі, у якой наогул няма яшчэ прафесійнага вопыту.  А міграцыя і імклівае старэнне насельніцтва прыводзяць да зніжэння яго колькасці і скарачэння працоўнай сілы.

Многія маладыя людзі не хочуць заставацца ў вёсках. І, дарэчы, не толькі з-за нізкіх заробкаў. Працаўнікоў вёскі абдзіраюць, як ліпку, тыя ж перапрацоўшчыкі, перакупшчыкі. Да таго ж, праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці даволі цяжкая. Многія бацькі вясковых хлопцаў і дзяўчат самі  выпраўляюць у горад сваіх дзяцей, кажучы: “Мы ўсё жыццё гарбелі на зямлі і нічога не нажылі, акрамя хваробаў, няхай хоць нашы дзеці пажывуць як людзі”.

З другога боку, у нас усе хочуць працаваць у Мінску ці ў абласных цэнтрах, здрадж-ваюць сваёй малой радзіме. Многія выпускнікі ВНУ  не маюць жадання пачынаць кар’еру па-за межамі сталіцы і не пага-джаюцца з’язджаць. Амбіцыі моладзі часам не адпавядаюць кампетэнцыі. Большасць хоча адразу ж стаць дырэктарамі, потым шукае менш прэстыжныя пасады, а напрыканцы хапаецца за любую магчымасць, абы толькі не ехаць у рэгіёны.

Мы не павінны забываць, што нашы працалюбівыя продкі перадалі нам у спадчыну шмат мудрасці пра працу і яе сэнс у жыцці: дзе пасееш густа, там не будзе пуста; гультая зямля не любіць; дзе гультай ходзіць, там зямля не родзіць; трэба рана ўставаці, калі хлеба дажыдаці; выходзь на поле з расою, дык будзеш з ядою; шчырая праца — мазалёвая; праца  і корміць, і поіць; вось на свеце як бывае: хто працуе, той і мае; без працы не есці пірагоў; хочаш есці калачы — дык не сядзі на пячы; хто працуе, таму і шанцуе;  хто працуе, той і святкуе; добра рабі, добра і будзе; да работы не пускаюць ляноты; ад ляноты чакай бядоты; гультаю ўсё цяжка.

Мая бабуля Таццяна, простая сялянка, любіла паўтараць: “Працаваць не любіш — чалавекам не будзеш”. Гэтыя яе словы я запомніў на ўсё жыццё.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!