Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 12 °C

Запрашаюць “Вандровачкі”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 12.04.2017

Фота 1

Фота 1

У салоне-галерэі “Скарбніца” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Вандровачкі”, якое правяла сама аўтар выстаўленых работ, вядомая нясвіжская мастачка-педагог Марына Канавалава (фота 1).



Выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая таксама вывучала графічны дызайн і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Марына Пятроўна дапамагае асвоіцца ў дзівосным свеце цудоўнага і юным творцам — навучэнцам мастацкага ад-дзялення Нясвіжскай школы мастацтваў і Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа. Выхаванцы гэтых навучальных устаноў і сталі асноўнымі ўдзельнікамі адкрыцця выставы (фота 2).

Выстава “Вандровачкі” — гэта архітэктурныя замалёўкі, серыя графічных лістоў, якія пісаліся з натуры, непасрэдна пад жывым уражаннем ад архітэктурных помнікаў гістарычных мясцін. У сваім аповедзе пра стварэнне гэтых работ мастачка падзялілася тым, што некаторы час не надта любіла пастэль, якой выкананы выстаўленыя работы, і нават думала, што ніколі за яе не возьмецца, аднак аднойчы так склаліся абставіны, што прыйшлося паспрабаваць. На радасць прыхільнікам творчасці Марыны Пятроўны, гэта спроба аказалася вельмі ўдалай, таму што пастэль — гэта той матэрыял, які дазваляе выканаць работу за адзін сеанс і захаваць лёгкасць уражання, паказаць вытанчанасць ліній і мяккасць колераў і фактуры, хутка і дакладна выбудаваць кампазіцыю.

Фота 2

Фота 2

Мастачка вельмі цікава расказала аб тым, як ствараліся яе карціны ў Польшчы і Літве, Чарнагорыі і Італіі, якая асаблівая атмасфера адчуваецца ў кожнай мясціне, як ставяцца да мастакоў мясцовыя жыхары. Асобнае слова, вядома, было прысвечана нашаму Нясвіжу — гораду, у якім праз архі-тэктуру можна адчуць дух даўніны, сваю сувязь з пакаленнямі продкаў, з культурай, якая назапашвалася стагоддзямі.

У работах Марыны Канавалавай можна знайсці роздум і зварот да гісторыі мастацтва (“Вулачка ў стылі Утрыло”), ярка выражанае любаванне экзатычнымі архітэктурнымі лініямі (“Вільнюс, завулак Святога Духа”), “Нясвіжскае барока”), імкненне перадаць рытмічную гульню сонечных плям (“Фарны касцёл у Нясвіжы XVI ст.”) і многае іншае.

Сёння, у век лёгкай даступнасці фатаграфіі, работы вандроўнага мастака, магчыма, не адыгрываюць такой вялікай ролі, як у часы Напалеона Орды, дзякуючы якому мы зараз маем геаграфічны і гістарычны летапіс роднага краю ў малюнках, але яны адпавядаюць ранейшаму нязменнаму прызначэнню выяўленчага мастацтва — увайсці ў рэзананс з прыгажосцю і ў вы-ніку падарыць яе гледачу.

Застаецца дадаць, што тыя, хто не змог прысутнічаць на адкрыцці выставы Марыны Канавалавай “Вандровачкі”, могуць наведаць яе ў салоне-галерэі “Скарбніца” да канца красавіка.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.  

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!