Нам засталася спадчына…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

скарына

Год культуры — 2016-ы — быў багаты на шматлікія мерапрыемствы. Але наша вірлівае, шматграннае жыццё напоўнена новымі падзеямі.

У 2017 годзе адзначаюцца значныя юбілеі і падзей, і слынных людзей Беларусі, асоб, якія зрабілі велізарны  ўнёсак у развіццё яе культуры, літаратуры, мовы, умацаванне нацыянальнай годнасці. Якія сустрэчы з гэтай нагоды чакаюць нас сёлета на Нясвіжчыне?

Каб адказаць на гэтае пытанне, мы звярнуліся да  дырэктара Нясвіжскай  цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людмілы ВІТКО.

— Людміла Іванаўна, 6 жніўня 1517 года беларускі і ўсходне-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу на роднай мове — “Псалтыр”.

Ураджэнец Полацка, Францыск Скарына стаў самай значнай фігурай беларускага  Адраджэння, заснавальнікам  беларускага кнігадрукавання. Як у Нясвіжы і ў нашых  аграгарадках плануецца адзначыць 500-годдзе беларускага  кнігадрукавання?

— Безумоўна,  гэтай падзеі нададзена вялікая ўвага.  Таму што кніга для беларусаў, як і для кожнага народа, мела і мае вя-лікае значэнне. І бібліятэкі, як цэнтры захавання кніжнай  спадчыны, лічу, годна падрыхтаваліся да гэтай эпахальнай у нашай гісторыі даты.

Так, акцыю да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання “Пазнай радасць чытання” правядзе Сноўская сельская бібліятэка. “Светлыя лікі спадчыны” — так называецца  віртуальная экскурсія Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэкі. Краязнаўчы дайджэст  “Прападобная Еўфрасіння Полацкая” і разгорнутую кніжную выставу  “Сусвет Францыска Скарыны” прапануе  Лявонавіцкая сельская бібліятэка. Гістарычную вандроўку “Францыск Скарына — першадрукар” і краязнаўчы экскурс “Тытан усходнеславянскага кнігадруку” арганізуе Юшавіцкая сельская бібліятэка імя Івана Гурбана. “Беларускія асветнікі- першадрукары” — такую назву мае гадзіна кнігі ў Гарадзейскай гарпасялковай дзіцячай бібліятэцы. У завочнае падарожжа “З крыніц адвечных” пакліча Лан-ская сельская бібліятэка… Гэта і многае іншае будуць прапаноў-ваць бібліятэкі раёна жыхарам Нясвіжчыны з нагоды юбілейнай падзеі.

Дарэчы, у цэнтральнай раённай бібліятэцы ўжо наладжана кніжная выстава, дзе размешчана 5 тамоў факсімільнага выдання  “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, якія былі перада-дзены нам у дар Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. А ў верасні ўсіх аматараў чытання будзе вітаць Свята Кнігі “Шлях да друкаванага слова” з удзелам су-працоўнікаў  Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

І гэта толькі малая частка тых спраў, якія запланаваны з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

— 135 гадоў таму, 7 ліпеня 1882 года, у фальварку Вязынка Маладзечанскага раёна  нарадзіўся Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) — беларускі паэт, драматург, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Класік беларускай літаратуры…

І яшчэ адзін такі ж юбілей — 135-годдзе  з дня нараджэння  другога класіка беларускай літаратуры — Якуба Коласа. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна…

— Янка Купала і Якуб Колас — гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Іх гістарычная заслуга заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.

Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею песняроў, будуць праводзіцца на працягу года ва ўсіх бібліятэчных установах раёна. Кніжныя выставы, бібліяграфічныя агляды літаратуры і творчасці юбіляраў, літаратурныя вечары, віктарыны, медыя-гадзіны, квэст-гульні, чытанні ўголас, вандроўкі і паэтычныя калейдаскопы — у розных формах бібліятэкары будуць прапагандаваць сярод падрастаючага пакалення творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Што тычыцца цэнтральнай раённай бібліятэкі, то ўжо ў сакавіку стартаваў раённы конкурс паэзіі “Не змоўкне голас песняроў”, вынікі якога будуць падве-дзены ў лістападзе на навукова-практычнай канферэнцыі.

У ліпені,  месяцы, калі нара-дзіўся Янка Купала,  у скверы ля фантана ў Нясвіжы адбудзецца літаратурная акцыя і бліц-апытанне сярод жыхароў горада “Ці ведаеце вы Купалу?”

Пераможцы ў гэтых мерапрыемствах будуць запрошаны да нас на бібліяноч, якая па традыцыі ладзіцца ў верасні, і ўзнагароджаны падарункамі.

Таксама з нагоды юбілею Купалы  і Коласа арганізаваны літаратурны конкурс  і сярод бібліятэкараў  раёна на лепшую работу нашых устаноў па папулярызацыі твораў знакамітых паэтаў.

— Сёлета грамадскасць краіны адзначае таксама юбілеі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Максіма Танка, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі…

— У 2017 годзе спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння выдатнага паэта і грамадскага дзеяча, класіка беларускай літаратуры, лаўрэата Ленінскай прэміі, дзяржаўных і літаратурных прэмій СССР і Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максіма Танка. Паэт-бунтар, патрыёт, сатырык, філосаф, наватар, а па жыцці — надзвычай сціплы чалавек, Танк не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў. У год святкавання яго юбілею ў бібліятэках раёна будуць арганізаваны кніжныя выставы “Паэзія змагання” (ЦБ),   “Я сэрцам пісаў кожны радок” (аддзел па рабоце з дзецьмі), “Вершы ў рытме сэрца” (Слаўкаўская і Ужанкаўская сельскія бібліятэкі), “Калі няма на свеце маёй мовы…” (Сноўская сель-ская бібліятэка), літаратурнае дасье і літаратурна-музычная імпрэза “Я сэрцам пісаў сваю кожную песню “ (аддзел абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі), літаратурна-музычная кампазіцыя “Паэзія, як хлеб надзённы” (Навасёлкаўская сельская бібліятэка).

Народнага паэта Беларусі Пімена Панчанку яшчэ пры жыцці часта называлі адважным (калі не сказаць — скандальным) паэтам. Ён быў выдатным паэтам-пейзажыстам, але праславіўся ў першую чаргу як паэт-філосаф. У сваіх вершах ён заўсёды шчыра выказваў свае пачуцці. У сувязі са святкаваннем 100-гадовага юбілею Пімена Панчанкі у бібліятэках раёна будуць арганізаваны кніжныя выставы, дасье юбіляра, літаратурныя чытанні: “Ён слова звонкага ўладар” (аддзел абслугоўвання і інфармацыі), “Пра набалелае, надзённае і вечнае” (Юшавіцкая сельская бібліятэка імя Івана Гурбана), “Паэтычная споведзь сумлення” (Слаўкаўская СБ),  “Філасофія жыцця Пімена Панчанкі” (Грыцкевіцкая СБ),  “Паэтычная споведзь сумлення” (Сноўская СБ) і іншыя.

Янка Брыль — апошні з народных пісьменнікаў Беларусі савецкай эпохі. Яго часта называюць лірыкам, апавядальнікам, паэтам, суразмоўцам, кніжнікам, мэтрам. Гэта мастак са своеасаблівым успрыманнем рэчаіснасці, свету, чалавека. Творчасць яго вызначаецца глыбінёй зместу, лірызмам, праўдзівасцю, завостранай публіцыстычнасцю, багаццем жанраў. Ён — аўтар вядомых чытачу апавяданняў, аповесцей, раманаў, лірычных запісаў, дарожных нататкаў, эсэ. Менавіта з яго творамі пазнаёміць шэраг дакументальна-ілюстратыўных выставаў, арганізаваных бібліятэкарамі раёна з нагоды 100-гадовага юбілею пісьменніка: “Янка Брыль. Нарыс жыцця і творчасці”, “Непаўторны і незабыўны Брыль”,  літаратурныя аўтографы, дыліжансы, падарожжы “Жыву для сапраўднай радасці”, “Жанр малы — уздзеянне вялікае”, “Майстар лірычнай прозы”.

— Ці прыцягнулі большую ўвагу  чытачоў творы гэтых аўтараў — з нагоды юбілейных дат? Якія іх кнігі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?

— Так, прыцягнулі. Асабліва гэта датычыць аматараў беларускай літаратуры, а іх на Нясвіж-чыне нямала.  З задавальненнем прыходзяць на мерапрыемствы, прысвечныя таму ці іншаму пісьменніку, паэту, і абавязкова з сабою дадому бяруць і кнігу гэтага аўтара. Падлеткі ж у асноўным цікавяцца творамі, якія вывучаюць у межах школьнай праграмы. Сярод  кніг, якія карыстаюцца попытам, можна назваць творы Якуба Коласа “На ростанях”, “Сымон-музыка” і “Новая зямля”, Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане”, Янкі Брыля «Цюцік», “Маці”, “Птушкі і гнёзды”, “Муштук і папка”. Цікавяцца  паэтычнай спадчынай  Максіма Танка і Пімена Панчанкі.

— У старажытным Нясвіжы сёлета яшчэ адно свята — 455-годдзе выдання Сымонам Будным “Катэхізіса” ў нашай друкарні. Гэта падзея таксама  бу-дзе адзначана ў рабоце бібліятэк?

— Тут перад намі асаблівая адказнасць, таму што звязаны гэты юбілей непасрэдна з нашым городам, з нашай гісторыяй.  Культурная акцыя “Слынная асоба эпохі Адраджэння” шчыра адчыніць дзверы ўсім жадаючым у кастрычніку гэтага года. У рамках акцыі адбудуцца навукова-практычная канферэнцыя “Сымон Будны: інтэлектуал і рэфарматар”, гарадскі фотакрос “Аб мінулым да будучага”, вынікі якога падвядзём ля помніка Сымону Буднаму. Там жа пройдзе гарадская акцыя “Слова застаецца ў стагоддзях”.

Дарэчы, трэба адзначыць, што сёлета спаўняецца 35 гадоў, як у Нясвіжы ўстанавілі помнік Сымону Буднаму.  З гэтай нагоды арганізуем сустрэчу з аўтарам помніка беларускаму першадрукару — скульптарам, членам ГА “Беларускі саюз мастакоў” Святланай Гарбуновай.

Спадзяёмся, што  ўсе  мерапрыемствы, прысвечаныя славутым юбілейным датам,  будуць насычанымі, цікавымі і пазнавальнымі.

— Дзякую, Людміла Іванаўна, за змястоўны аповед.

Інтэрв’ю правяла

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.