Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 11 °C

Незвычайны ўрок з Уладзімірам Ліпскім

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 4
Фота 1

Фота 1

У Беларусі праходзіць сацыяльны адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom». Ён стартаваў у 2015 годзе і ахапіў ужо больш за 20 000 малодшых школьнікаў.

Галоўная мэта данага праекта — развіць цікавасць да беларускай мовы і культуры ў школь-нікаў малодшых класаў і папулярызаваць чытанне на беларускай мове. Ініцыіруе праект кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. На Міншчыне праект рэалізуецца пры падтрымцы упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.



Пра беларускую культурную спадчыну школьнікам распавядаюць незвычайныя настаўнікі — вядомыя дзеячы культуры, спорту, тэатральнага мастацтва Беларусі Аліна Талай, Зміцер Ліхтаровіч, Міхась Гарбачоў і іншыя. А Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Алёна Масла, Наталля Бучынская і Уладзімір Ліпскі з’яўляюцца сталымі настаўнікамі праекта. Уладзімір Сцяпанавіч, дарэчы, выступіў у ролі настаўніка для нясвіжскіх школьнікаў-пачаткоўцаў.

Сустрэча-ўрок вучняў 2-3 класаў гарадскіх школ і гімназіі з беларускім дзіцячым пісьменнікам, галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка» адбылася ў Нясвіж-скай ратушы 12 мая.

На працягу 45 хвілін Уладзімір Ліпскі знаёміў рабят са сваёй творчасцю, з першых хвілін акунуўшыся ў цудоўную краіну дзяцін-ства і павёўшы за сабой дзясяткі цікаўных тварыкаў. Ён апавядаў пра свае кніжкі, расказваў казку пра літары, гаварыў пра сваё жыццё, свае карані, абгрунтоўваючы кожны эпізод. Дзеці даведаліся, як Уладзімір Сцяпанавіч адшукаў карані сваіх продкаў  не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. І адну з кніг назваў «Усе мы — радня». Расказаў пра маленства ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як яго родную вёсачку на гомельскім Палессі спалілі карнікі. Сем чалавек, уцякаючы, не дабеглі да лесу — іх застрэлілі. Аднавяскоўцы пахавалі іх побач з гэтым лесам. І дзеці насілі кветкі да бугаркоў-магіл.

— Калі вярнуліся з лесу на папялішча, мама расказвала, што я вельмі плакаў, бо згарэлі ўсе мае цацкі. Затое зараз у мяне дома ёсць шмат цацак… Нягле-дзячы на тое, што дзя-цінства не было, я шчаслівы чалавек, бо ўсё жыццё працую для дзяцей, з дзецьмі, — дзеліцца пісьменнік.

Фота 2

Фота 2

Уладзімір Сцяпанавіч распавёў аб тым, як яго лёс быў звязаны з Нясвіжчынай. Тут, а менавіта на Гара-дзейскім цукровым заводзе, ён пачынаў пасля заканчэння тэхнікума свой працоўны шлях як слесар, тут атрымаў свой першы заробак. Затым некалькі гадоў працаваў карэспандэнтам у раённай газеце «Чырвоны сцяг». Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў першым сакратаром Нясвіжскага райкама камсамола.

На сваім незвычайным уроку Уладзімір Сцяпанавіч не толькі апавядаў, вёў цікавы дыялог, але і даваў так званыя дамашнія заданні дзецям. Напрыклад, радуючыся кожнай дробязі, ён вучыў рабят бачыць цікавае вакол сябе, цаніць яго і берагчы. Раіў скласці разам з бацькамі сваю сямейную арбіту, свой радавод, які затым можна перадаць нашчадкам, тым самым прывіваючы любоў да роднай спадчыны. Радуючыся, што ўславіў бацькоў (кнігі «Мама. Малітва сына», «Бацька. Пісьмы на неба»), якія далі яму жыццё, аўтар даў параду хлопчыкам і дзяўчынкам навучыцца цаніць сваіх, паважаць, любіць і дараваць бацькам. Параіў дзецям ужо зараз задумацца, хто яны такія, кім хочуць стаць? Чым раней чалавек гэта зразумее, тым больш зможа паспець.

Тых, хто не ўмее, пісьменнік вучыў складаць казкі (фота 2), а тым, хто іх піша, парэкамендаваў дасылаць свае творы ў «Вясёлку». А ў канцы ўрока зачытаў «рассыпанае апавяданне», дзе ўсе разам змаглі пасмяяцца з пераблытаных слоў і на добрай, вясёлай ноце развітацца з цудоўным дзіцячым аўтарам, аднагалосна паставіўшы яму за ўрок «дзясятку» і зрабіць фота на памяць (фота 1).

— Быць настаўнікам у такім праекце — адчуваць сябе патрэбным, адчуваць упэўненасць у тым, што твая справа прыносіць карысць — фарміруе духоўнасць у дзецях. Бо мова, літаратура і культура ў цэлым — тое, без чаго духоўнасць прадставіць нельга. На ўроках я не ацэньваю дзяцей, а прашу, каб тыя ацанілі мяне. Гэта іх вельмі падбадзёрвае і захапляе. У такім фармаце атрымліваецца сапраўды добры дыялог пра мову і літаратуру, — гаворыць Уладзімір Сцяпанавіч.

Сустрэча з беларускім пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім, шчырым і разважлівым, сагрэтая дабрынёй і любоўю, пашырыла кругагляд рабят і бліжэй пазнаёміла з яго творчасцю. Урок быў яркім і запамінальным не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Такія ўрокі прывіваюць любоў да роднай зямлі, вучаць паважаць старэйшых, выхоўваюць пачуццё нацыянальнай годнасці і патрыятызму.

На прыкладзе творчасці Ула-дзіміра Ліпскага можна прасачыць, наколькі змястоўная, узнёслая, мілагучная і сакавітая наша родная мова. І падобныя праекты выдатна гэтаму спрыяюць.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!