Ода родным Хадатавічам

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 

 

Дзякуй табе, Божа, што я нарадзіўся ў вёсачцы-калысачцы, прыгожай і ўтульнай, пасярод поля і лесу, луга і балотца, могілак і дарог, на той самай зямельцы, дзе вякамі шчыравалі мае родныя, хадзілі сцежачкамі продкі, ліцвіны-беларусы…

Васіль ДРАГАВЕЦ.

“Запозненае прызнанне”.

Напэўна, няма больш  глыбокага пачуцця, чым тое, што выклікана  ўсведамленнем: у цябе ёсць Радзіма. Радзіма як цэлая краіна, наша сінявокая Беларусь, і малая радзіма — месца, дзе ты нарадзіўся, дзе прайшло басаногае дзяцінства, дзе за вёскай на пагосце ляжаць бацькі, дзяды, прадзеды. Куды хочацца прыехаць, каб удыхнуць глыбей свежае паветра, прайсці па сцежках, што пачынаюць пакрысе зарастаць травой, бо па іх ходзяць усё радзей і радзей. Акунешся думкамі і пачуццямі ў мінулае, і нешта такое  трапяткое і шчымлівае  ахіне душу…

Вось сваёй маленькай радзіме — вёсцы Хадатавічы — і пры-свяціў  кнігу “Запозненае прызнанне. Біяграфічны сповед” наш зямляк Васіль Мікалаевіч  Драгавец. Нават лішнім будзе казаць, які  гэта вялікі ўнёсак у літаратуру, у гісторыю Нясвіжчыны і ўсёй Беларусі. Бо гісторыя адной сям’і, аднаго роду — гэта маленькая часцінка агульнай гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

А для хадатаўцаў які гэта падарунак!

Назва кнігі — “Запозненае прызнанне” — сведчыць аб тым, што аўтар лічыць: позна  ўзяўся за гэту працу. А мне здаецца: кніга атрымалася тады, калі прабіў яе час, калі  аўтар вынасіў, выпесціў тое, што хацеў расказаць, калі  думкі, пачуцці, імкненні перапоўнілі, у рэшце рэшт, розум,  душу і сэрца. І выліліся на паперу. Выходзіць — усяму свой час. І добра, што зроблена такая важная  і важкая справа. Асабліва — калі ёсць што сказаць, калі маеш  талент да гэтага — дасканала  валодаеш літаратурным словам, умела спалучаеш яго з мясцовым  дыялектам, бо мова, на якой размаўлялі тата, мама, дзед, бабуля, памяць утрымлівае, як адну з ніцей, што назаўсёды звязала  з малой радзімай.

Маё знаёмства з кнігай “Запозненае прызнанне” праходзіла ў тры этапы. Спачатку перагартала, захапляючыся  прыгожым, дыхтоўным  афармленнем, багатай ілюстраванасцю, мілымі сэрцу вясковымі краявідамі ў розныя поры года.

Потым пачытала  выбарачна некаторыя месцы, як кажуць, “па дыяганалі”. Вочы выхоплівалі асобныя здымкі, асобныя факты.

Вось родны брат аўтара, Анатоль Мікалаевіч Драгавец, малодшы на шэсць гадоў. Інжынер па  адукацыі. Сёння ён — першы намеснік старшыні Нясвіж-скага райвыканкама, начальнік упраўлення  сельскай гаспадаркі і харчавання. Ён і перадаў мне  ад Васіля Мікалаевіча кнігу ў падарунак. Цудоўны падарунак, ды яшчэ напярэдадні 8 Сакавіка. А прычынай гэтага дзейства стала  маё невялічкае дачыненне да іх  сям’і: па ўспамінах Анатоля Драгаўца я пісала замалёўку пра іх бацьку Мікалая Васільевіча “Пайшоў на Берлін. Па Перамогу”. Яна была надрукавана ў “раёнцы” 2 ліпеня 2013 года.  Фрагмент газетнай паласы з гэтай публікацыяй змешчаны і ў кнізе “Запозненае прызнанне”. Факты з франтавога  жыцця бацькі мой суразмоўца  прыводзіў уражвальныя: у 1944-м, а было гэта пад Варшавай, на перадавую да салдата-гаспадара прыляцеў з Хадатавіч яго белы паштовы голуб. Мікалай Васільевіч пакарміў свайго госця, даў адпачыць, а потым напісаў родным у Хадатавічы пісьмо, прывязаў яго ніткай да лапкі птушкі… Толькі галубок  не змог вярнуцца дахаты, недзе згінуў у цяжкай дарозе.  Мікалай Драгавец успрыняў прылёт птахі на фронт як Божы знак.  І ўжо падчас фарсіравання Одэра гэты абярэг “спрацаваў”. Літаральна  ў апошні момант камандзір  даручыў выконваць баявое заданне другому салдату замест названага раней Драгаўца. Трое сувязістаў, перабраўшыся на нямецкі бераг  ракі і наладзіўшы сувязь, загінулі там пад фашысцкімі бомбамі…

Мікалай Васільевіч вярнуўся з вайны жывым і здаровым.

Толькі ў кнізе — больш падрабязна пра ваенныя будні бацькі-тэлефаніста, якому даводзілася пад бесперапынным агнём ворага ў студзеньскі мароз голымі пальцамі некалькі гадзін трымаць правады, уціснуўшыся ў каляіну, або ў балотную гразь… Баі на Вісле, за Варшаву, на Одэры, за Берлін — гэта было самае пекла.

Вось аўтар апавядае пра свайго стрыечнага брата  па бацькавай лініі Васіля Мікалаевіча Гадуна. На адной старонцы кнігі — яго вясельная  фатаграфія, 1975 года. Маладыя — Вася і Іра — прыгожыя, шчаслівыя. А праз аркуш — здымак помніка на магіле Васіля. Ён памёр у 2012-м, на 60-м годзе жыцця.

З Васем мы калісьці вучыліся разам, у адной групе (агра-СШ) у Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Быў юнак добразычлівым, уважлівым, сціплым. І хоць мы пасля школы  мелі па 17-18 гадоў, стараста групы  Уладзімір Хартановіч, чалавек значна  старэйшы, называў Гадуна Васілём Мікалаевічам — іменна за Васевы сур’ёзнасць, немнагаслоўнасць, разважлівасць.

Пазней, працуючы ў рэдакцыі “раёнкі”, я часта бывала ў калгасе “Новае жыццё”, дзе Васіль працаваў брыгадзірам, пазнаёмілася з яго жонкай — Ірынай. Яна была касірам у сельгас-прадпрыемстве. Светлавалосая, з адкрытай усмешкай, прыветлівая. Таксама хадатаўская. Добрай  парай яны з Васілём былі. Як яна там, Ірына? Моцна перажывала, калі раптам, вельмі рана, пайшоў з жыцця муж. Здаецца, гэты боль  не па-кідае яе і цяпер…

Тужліва стала на душы. Якая хуткая плынь  у нашага жыцця! Нешта ўсё мітусімся-мітусімся, вырашаем нейкія праблемы, зрэдку чаму-небудзь радуемся. Трацім родных, сяброў, знаёмых. І ў саміх за плячыма нямала гадоў.

Востра захацелася пазваніць у Аношкі Ірыне Гадун. Неяк вечарам так і зрабіла. Закідвала жынчыну пытаннямі, а яна гаварыла, гаварыла. Як гадавалі дзяцей, колькі работы трэба было перарабіць у калгасе і дома. Да драбніц памятае апошні дзень жыцця мужа… Цяпер у маёй суразмоўцы няма ўжо таго здароўя, што было. Адзіная радасць: добрымі, разумнымі выраслі дзеці, радуюць унукі.

Напэўна, вось такія кнігі і павінны быць напісаны. Каб чытач лішні раз кагосьці ўспомніў. І проста патэлефанаваў… Пагаварыў…

Калі, нарэшце, уляглася хваля пачуццяў, узнятая першым знаёмствам з кнігай, я ўзялася чытаць яе грунтоўна.

василий драговец

Пра аўтара. Васіль Мікалаевіч Драгавец нарадзіўся ў вёсцы Хадатавічы ў 1952 го-дзе. Падчас канікулаў працаваў у Нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”.  На “выдат-на” скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прадстаўляў студэнцкую моладзь Беларусі на Х Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Берліне. Працаваў першым сакратаром Мінскага гарадскога камітэта камсамола, сакратаром ЦК камсамола Беларусі. Узначальваў партыйны камі-тэт Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай  рэвалюцыі. Закончыў аспірантуру ў Акадэміі пры ЦК КПСС у Маскве, абараніў дысертацыю па сацыялогіі. Быў прызначаны галоўным  рэдактарам усесаюзнага часопіса для моладзі “Парус”. З 1991 па 1994 гг.  — у Савеце Міністраў Беларусі. Стварыў і ўзначаліў Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей. У 94-м прызначаны Дзяржсакратаром урада.

Цяпер — на заслужаным адпачынку.

Жонка Галіна Усеваладаўна — выпускніца Беларускай кансерваторыі, піяністка. Цяпер — дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дачка Марыя скончыла Дармштацкі тэхнічны ўніверсітэт у Германіі, інфарматык. Малодшая, Надзея, — Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Унуку Мірасладзіку хутка споўніцца годзік. І верыць дзядуля: хлопчык “вырасце, возьме ў рукі гэтую кніжку, даведаецца пра род свой, пра зямлю нашу беларускую, асалодзіцца матчынай мовай. Значыць, жыць яна будзе, мова наша, не памрэ…”

василий драговец 1_книга

Свой уступ да кнігі Васіль  Драгавец назваў “Думкі  ў калядную ноч”. Бо іменна ў калядную ноч, з шостага на сёмага студзеня 2010 года, яму зарупілася  сістэматызаваць свае запісы і пачаць напісанне кнігі, пра  якую думаў даўно. Аўтар упэўнены: “…Чым больш чалавечых сведчанняў захаваецца аб сваім часе, тым больш жывым і непаўторным з’явіцца ён перад прыхільнікамі мінулага”. І ён пастараўся за-сведчыць хоць невялікі кавалак гэтага  часу: праз дзіцячыя вясковыя гульні і захапленні, праз  клопат дарослых, праз змрочныя гадзіны ваеннага ліхалецця. Пастараўся захаваць унікальны каларыт адносін, “які ўжо ніколі не паўторыцца, як не паўторацца тыя словы, тыя размовы, тыя падзеі…”

А думак у тую ноч было шмат. І ў тым ліку — пра самага роднага чалавека — маці. Думаў з цеплынёй, з заклапочанасцю: “… Мо холадна табе, мама, у калядную ноч?! Хутка выстывае старая, зробленая пасля вайны з дзедавага гумна наша хата. І бацькі няма разам з табою, мама. Спіць ён на вясковым пагосце, не прыходзіць дадому ўжо трэці год. Як ты там адна, у гэтай неабсяжнай начной прасторы?”

“Вёска”  — наступны раздзел кнігі. Аўтар любуецца ёю: “Вёсачка, нібы ў калысцы, затаілася пасярод пагоркаў ды нізінак… З поў-дня прыкрыта шчыльнаю і працяглаю, канца не відаць, паласою леса, з поўначы — разложыстым узвышшам…” Добрае месца вы-бралі некалі пад жытло людзі.  Вакол Хадатавіч  віднеюцца вёскі Гусакі, Міцькавічы, Казлы, Аношкі, Малаеды, Коханавічы, клецкія Даматканавічы. Былі яшчэ Якубавічы, куды хлопчыкам Васіль Драгавец  хадзіў некалі ў пачатковую школу, што адкрылі ў колішняй сядзібе пана  Смоліча. Цяпер там ніякіх пабудоў не захавалася. Толькі 300-гадовы дуб Якуб, помнік прыроды рэспубліканскага  значэння, шырока раскінуў сваю крону. “Неяк я паказваў дуб Якуб сябрам, дык увасьмярых мы льдзьве  абхапілі яго шурпаты магутны ствол”, — піша аўтар. І амаль ля кожнай вёскі  маўклівымі сведкамі  мінуўшчыны высіліся некалі курганы, могільнікі дрыгавічоў, ад якіх цягнецца гісторыя продкаў.  Хадатавічы вядомыя з ХVI стагоддзя, з’яўляліся ўладаннем каралевы Боны. Аб гэтым сведчыць архіўная даведка.

У раздзеле “Блуканні па дрэву” апавядаецца пра вывучэнне аўтарам сваёй генеалогіі, пошукі сваіх каранёў, паходжання  прозвішча. Архіўныя сведчанні  перамяжоўваюцца з успамінамі пра гамонку на гэту тэму бацькоў, суседзяў, іншых вяскоўцаў.

“Падводзячы вынікі гэтага экскурса ў гісторыю  сямейнай генеалогіі, можна засведчыць, што на зямлі  беларускай  пачынальнікі нашага роду  па бацькоўскай і па мацярынскай  лініях з’яўляюцца карэннымі  жыхарамі. Яны спазналі ўсе  гістарычныя ператрусы,  выпаўшыя  на долю роднага краю з часоў Вялікага Княства Літоўскага, перажылі  напады і разбурэнні, выжылі, выстаялі, былі гаспадарамі, захавалі сваю непаўторную мову, заўжды  людзьмі зваліся”… — такую выснову робіць аўтар.

Зінаіда Антонаўна  і Мікалай Васільевіч Драгавец.  2004 г.

Зінаіда Антонаўна
і Мікалай Васільевіч Драгавец. 2004 г.

Хутары… Маладое пакаленне не ведае, што гэта такое. А ў памяці аўтара засталіся цікавыя драбніцы з таго часу, калі ён з бацькамі жыў на хадатаўскім хутары, з бабуляй Наташай па бацькавай лініі і яе другім мужам Петрыкам. Першага яе мужа — свайго дзеда Васіля, удзельніка Першай сусветнай вайны, які памёр маладым, ведаў толькі  па фотакартках ды бацькавых расказах. Другі хутар, малаедаўскі, — вотчына бабы Волькі  і дзеда Антося — бацькоў маці. Сюды і ў маленстве, і ў сталыя гады любіў наведвацца Васіль Драгавец. Вабіла дабрыня, шчырасць, прыветнасць родных людзей.

З замілаваннем, з лёгкім сумам  апісвае аўтар жыццё на гэтых хутарах, узаемаадносіны яго насельнікаў, перабірае, бы пацеркі на шоўкавай нітцы, лёсы сваякоў.

Гараджанін, дзіця ўрбанізацыі, можа фыркнуць з’едліва: “Падумаеш, знайшлі што “апяваць” — жыццё пры лямпе, на земляной падлозе…” Быў у мяне некалі калега, які нарадзіўся ў райцэнтры. Хоць сабой нічога асаблівага не ўяўляў, але нас, выхадцаў з вёскі, не прамінаў укалоць: “Деревня”. А тое, што гэта “деревня” горад корміць, яму ў галаву не прыхо-      дзіла. Нашы дзяды і бацькі  літаральна гнулі спіны на цяжкай працы, кланяліся кожнаму каласку, кожнай ільняной галоўцы. Проста гэта трэба берагчы ў памяці, каб параўнаць — кім мы былі і кім сталі, і якім цяжкім быў гэты шлях. А што тычыцца  хутар-скога жыцця… Напрыклад, для мяне самымі салодкімі так і засталіся  вішні, сарваныя з высокіх дрэў, што раслі  каля дарогі, якая вяла ад будынкаў нашага хутара ў роднай Затур’і да поплава, а пасля — далей, у вёску. А смала, якую мы адкалупвалі з вішнёвых  ствалоў, была смачней за сённяшнія жуйкі.

Хутарская сістэма — частка гісторыі беларускага народа. Нашага жыцця. Таму і выліліся яго малюнкі ў цэлы раздзел кнігі.

Наступныя раздзелы — “Адмеціны”, “Радавод”, “Сям’я”, “Вайна”, “Паміж тутэйшых” — раскрываюць сутнасць вясковага жыцця, узаемаадносіны ў сям’і, паміж  сваякамі, сябрамі і чужымі людзьмі. Гэта нейкія каноны, па якіх жылі і жывуць нашы людзі на зямлі, гэта крынічка, з якой чэрпалі веды, фарміравалі свае светапогляды аўтар, яго брат, іншыя дзеці вяскоўцаў.

Хочацца зараз выдзеліць хаця б самае-самае, але ж яно ўсё — галоўнае. І аповед пра цяжкае будаўніцтва бацькамі сваёй хаты ў Хадатавічах, і як рэзалі на балоце торф на зіму. І малюнкі паўгалоднага пасляваеннага жыцця: “…Памятаю, як аднойчы на Дзяды маці наліла мне і бацьку ў міскі халоднай вады, накрышыла цыбулі, дабавіла солі, размяшала, адрэзала па тонкай лусце хлеба і сказала: “Сёння нічога больш няма, пасёрбайце гэту яду…” І пачуццё вялікага дзіцячага  шчасця, што ёсць бацька, што ён жывым вярнуўся з фронту, а некаторыя ж дзеці засталіся сіротамі. І вялікі гонар за бацьку,  чалавека разумнага, умелага, працавітага, пра-вільнага. У 1957 годзе Мікалай Ва-сільевіч Драгавец быў прызнаны адным з лепшых механізатараў Мінскай вобласці, стаў пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва, на Выстаўцы дасягненняў народнай  гаспадаркі ў Маскве быў  узнагароджаны залатым медалём. У 1981 г. яму прысвоілі званне “Ударнік камуністычнай працы”. Гэтыя ўзнагароды далучыліся да баявых — ордэна Чырвонай Зоркі, медалёў “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І.В. Сталіна. Або якой цеплынёй вее ад малюнкаў-успамінаў пра маці Зінаіду Антонаўну —  увішную, працавітую, якая паспявала спраўляцца з безліччу абавязкаў (сям’я, хата, хлеў, агарод, калгасныя дзялкі), умела добра шыць,  не ведала ні стомы, ні спачынку. Пры гэтым “матчын твар ніколі не быў сумны. Голас яе звінеў срэбрам, гаворка лілася, як светлая крынічка з вытокі. Слова, вобразы з яе вуснаў складаліся ў цудоўныя малюнкі, поўныя фарбаў і адценняў”, як згадвае аўтар. Маці была добрай і чуллівай. Яе мудрасць, яе навука — “не крыўдзіце лю-дзей, калі можаце — дапамагайце…”

василий драговец2

Узаемаадносіны бацькоў былі той  асновай, на якой сталявалася моц іх сям’і. Юнак адчуваў, бачыў узаемаразуменне, еднасць, павагу, праўдзівасць у гэтых адносінах, калі пахвала, добрыя словы натхнялі рабіць яшчэ болей і лепей.  Адсюль і ідуць прыцягненне да роднай зямлі, цеплыня пачуццяў да родных людзей. І хоць няма ўжо на гэтым свеце ні бацькі, ні маці, памяць прыводзіць сюды, у бацькоўскі куточак.

Падрабязна Васіль Мікалаевіч апавядае і пра першы ў жыцці школьны ранак, і пра вірлівыя школьныя будні і святы. Пра сваіх настаўнікаў: Яўгенію Уладзіміраўну Ліпскую, дырэктара Казлоўскай школы Мар’яна Францавіча Гутаровіча, яго жонку Ніну Аркадзьеўну, якая  выкладала рускую мову і літаратуру, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Марыю Якаўлеўну Пракарыну, настаўніка спеваў Уладзіміра Канстан-цінавіча Камлача, які навучыў хлопца іграць на баяне… Яны і іх калегі прывялі сваіх вучняў да самастойнага жыцця, дапамаглі зарыентавацца, выбраць далейшы накірунак.

Раздзел кнігі  “Спіс, якога няма” ўтрымлівае прозвішчы жыхароў Хадатавіч у найлепшы для іх час (1961—1963 гады), калі вёска поўнілася людзьмі. 321 чалавек. У 1940-м у ёй пражывалі 324 чалавекі. У 2001-м — 161. Цяпер пералічыш па пальцах.

Вельмі розныя яны, хадатаўцы. Але большасць — носьбіты найлепшых рысаў славян-беларусаў: чуллівасці, таленавітасці, прыстойнасці, такту, далікатнасці (калі стары чалавек звяртаўся на “вы” да сямігадовага хлапчука). Таму і варты яны такой вось увагі, раскладання па палічках на кніжных аркушах іх спраў, размоў і ўчынкаў. Душэўнае багацце апрыёры азначае здатнасць у працы, а гэта — гаспадарлівасць і паважанасць.

Такі вось атрымаўся гісторыка-філасофскі падручнік вясковага жыцця. Напісаны праз малюнкі хадатаўскага побыту жывой гутарковай мовай. Шчыры аповед з цікавейшымі падрабязнасцямі, канва якога пранізваецца то іскрынкамі радасці ці гумару, то стрэмкамі горычы ці болю.

Добрая, патрэбная кніга.

“Прачытаў на адным дыханні — і ажылі ў памяці і сэрцы аналагічныя праявы свайго маленства”, — пачула ўзрушаную ацэнку знаёмага. Добра, што яно жыве ў нас — пачуццё малой радзімы…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.