Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Сямейная памяць

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 1

Пост опубликован: 03.05.2017

088

І вось перада мною трэцяя кніга трылогіі “Гісторыя сямейнага роду” — “Родам з Асмолава”. Пра дзве папярэднія я расказвала  раней, падчас выхаду  іх у свет. Апошняя выдадзена  напрыканцы мінулага года. Нагадаю: яе  аўтары — ураджэнец вёскі  Асмолава, жыхар украінскага  Харкава Міхаіл Плакса і яго сябар, паплечнік, калега Віктар  Клімянкоў.



Кніга ўключае ў сабе біяграфічныя нарысы пра бацькоў Міхаіла Васільевіча — Васіля  Іосіфавіча і Соф’ю Ігнатаўну Плакса, успаміны іх дзяцей Галіны, Васіля, Марыі і Міхаіла. Кніга багата  на фота-здымкі з сямейных альбомаў, а таксама на фотакартачкі іх сяброў і сябровак дзяцінства і юнацтва.

Матэрыял сабраны багаты,  работа праведзена велізарная. Кніга прысвечана  сапраўднай вясковай сям’і і прызначана для захавання добрай памяці аб продках для наступных пакаленняў.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Васіль Іосіфавіч Плакса — чалавек майстравы, працаваў у Асмолаве брыгадзірам  калгаснай будаўнічай брыгады. Узводзілі пасля вайны не толькі канюшню,  кароўнік, гумно для калгаса. Але і будынкі  сацыяльнага прызначэння. Так, у другой  палове 1958 года пачалі будаваць у цэнтры вёскі школу. Узводзілі яе  дыхтоўна, з любоўю. І сустрэць Новы, 1960-ы, год дарослыя жыхары Асмолава прыйшлі  разам з дзецьмі на ёлку ў новую школу. Якая гэта была радасць! Пасля школы “вырас” сельскі клуб з бібліятэкай. Будавалі аднавяскоўцам дамы — было рашэнне перасяляць усіх з хутароў у вёску.

Значны след на зямлі пакінуў Васіль Іосіфавіч Плакса.

Такой жа працавітай была яго жонка Соф’я Ігнатаўна. Вяла хатнюю гаспадарку, хадзіла на палявыя работы ў калгас, да-глядала калгасных цялят, гадавала дзяцей.

Яны былі добрым прыкладам для сваіх сыноў і дачок. Прыкладам не толькі працавітасці, а і згоды, павагі, узаемаразумення, клопатаў пра сям’ю. Таму нічога дзіўнага, што сыны і дочкі смела ўступалі ў самастойнае жыццё. Набылі вышэйшую адукацыю, добрую работу. І ўжо іх дзеці і ўнукі радавалі сваімі  першымі крокамі — у прамым і пераносным сэнсе.

“Нашу сям’ю я называю скарбам! Я шчаслівейшы чалавек ва ўсім свеце. Лічу, што сям’я, дзе пануюць мір, згода, узаемаразуменне, любоў да сваіх дзяцей, а дзяцей — да сваіх бацькоў — гэта неацэннае багацце. Я ганаруся сваімі бацькамі, сваімі  сёстрамі і братам”, — піша ва ўступе да кнігі Міхаіл Плакса. Напісанае ахавае род ад забыцця.  Сабраўшыся калі-небудзь за сямейным сталом, разам успамінаючы  даты і падзеі, дарослыя і дзеці атрымаюць вялікую асалоду ад вандроўкі па часе.

У кожнай сям’і захоўваюцца нейкія ўспаміны. Нешта можна  пачуць ад дзядуль і бабуль. А вось аб прабабках і пра-дзедах звестак, бывае, зусім мала.  Хто ж былі нашы продкі ў чацвёртым-пятым пакаленні — каб даведацца пра гэта, трэба звяртацца ўжо ў архівы.

“Я пачынаў гэтую кнігу як апісанне асобных эпізодаў з жыцця нашай сям’і, хацеў толькі некалькі слоў сказаць пра ўдзель-нікаў Вялікай Айчыннай  вайны. Але аказалася, што гэтага недастаткова — трэба яе  рабіць шырэй і глыбей, — апавядае М.В. Плакса ў заключэнні кнігі. Калі ён рыхтаваў тэкст,  меў шмат зносін з самымі рознымі  людзьмі. Яны расказвалі  гісторыі свайго жыцця. І аўтар яскрава  ўбачыў сувязь гісторыі сваёй сям’і з гісторыяй нашага  краю, з гісторыяй краіны. І ўсвядоміў:  сямейная памяць — частка нашай агульнай культурнай  спадчыны.

Аўтары  цэняць дзіцячую і юнацкую дружбу.  Таму і сабраны ў кнізе  фота-здымкі сяброў  Галіны, Марыі, Васіля, Міхаіла.

Гартаючы старонкі, я ўбачыла  шмат знаёмых прозвішчаў і твараў, хоць да Асмолава не маю ніякага дачынення. А гэта значыць, што людзі былі ці ёсць навідавоку, нечага дабіліся ў жыцці, пра іх ведалі ці ведаюць многія ў раёне: Алена Адамаўна  Кулеш, Людміла Іванаўна Пятроўская, Марыя Мікалаеўна Худая, Пётр Васільевіч Базылька, Фёдар Фёдаравіч Дашко, Пётр Гаўрылавіч Саланевіч, Галіна Пятроўна Ланская, Міхаіл Іванавіч Глебаў, Генадзь Уласавіч Еўтух, Аляксей Пятровіч Плакса, Віктар Міхайлавіч Плакса, Леанід Фёдаравіч Плакса, Леанід Канстанцінавіч Саланевіч… І неабавязкова быць з адной вёскі, каб шчыра сябраваць, марыць пра будучыню, дапамагаць, дзяліць хвіліны радасці і смутку.

Міхаіл Васільевіч Плакса выказаў спа-дзяванне на прыхільнасць чытачоў і веру, што кнігі выклічуць у іх душах і сэрцах цікавасць і жаданне звярнуцца да гісторыі сваёй сям’і, свайго роду. Час няўмольна  імкнецца наперад. Тое, чым мы  жывём і заклапочаны  сёння, заўтра-паслязаўтра ўжо адыдзе  ў нябыт. І можа быць страчана назаўсёды, калі не занатуем, не адвя-дзём пэўнага месцейка ў сваіх запісах, не зберажом для ўнукаў, праўнукаў духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці. Сямейная памяць захоўвае ўрокі жыцця, утрымлівае асновы маральнасці, дапамагае кожнаму вызначыць сваё месца і сваю мэту ў жыцці.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ. 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!