Іменна так можна назваць выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча ў Нясвіжы. Канцэртная праграма была разнастайнай і цікавай, дынамічнай. Прыгожыя касцюмы артыстаў у трох колерах: зялёным, блакітным, цёмна-чырвоным, з беларускім арнаментам. Музыканты аркестра таксама адпавядалі вакалістам ва ўбранні. Пяшчотна гучалі скрыпкі, звінелі цымбалы, пад іх акампанемент ліліся цудоўныя песні. Прыемна было слухаць творы аб Радзіме, а таксама лірычныя і жартоўныя. Выконвалі сталічныя харысты і польскія, украінскія і рускія песні, шырока і раздольна плылі мелодыі, якія вызначаў высокі прафесіяналізм, здольнасць захапіць слухача. Апошнія ў знак падзякі бурнымі авацыямі сустракалі кожны твор, не адрываючыся глядзелі на сцэну і слухалі… Сапраўдным святам народнай творчасці стаў гэты цудоўны канцэрт, узровень якога выклікае пачуццё гонару за нашых выканаўцаў, за іх любоў і павагу да песні. А з якім запалам і зухаватасцю выступаў танцавальны калектыў хору! Беларускія, рускія, украінскія і цыганскія танцы проста ўзрушвалі гледачоў, выканаўцы вярталіся на сцэну, каб паўтарыць складаныя і віртуёзныя па. Выдатны вакал, зладжанасць, уменне і жаданне дарыць людзям радасць сваёй творчасцю пацвярджаюць пачэснае званне народнага, вядомага ў рэспубліцы калектыву. Вялікая заслуга ў тым і кіраўніка хору, народнага артыста Беларусі, прафесара Акадэміі музыкі Міхаіла Дрынеўскага. Ён прысутнічаў на канцэрце і прымаў захопленыя водгукі несвіжан.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.