“Песні нараджаюцца ў прасторах…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_2520

26 мая ў Юшавіцкім сельскім доме культуры было мнагалюдна: вучні і настаўнікі, бібліятэкары раёна, артысты юныя і сталыя, мясцовыя жыхары. Як і пяць гадоў таму, калі ўсіх разам сабрала падзея неардынарная. Справа ў тым, што  21 мая мы адзначылі 95-годдзе з дня нараджэння нашага славутага земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Яфімавіча Гурбана. Мы ведаем яго як таленавітага паэта, аўтара вершаў для дзяцей і дарослых, а яшчэ як добрага, шчырага чалавека, які не шукаў у жыцці  лёгкіх дарог. У гады вайны ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, грузіў бомбы на Баранавіцкім аэрадроме, кожную хвіліну рызыкуючы сваім жыццём дзеля новага мірнага дня. І калі гэты дзень настаў, наш зямляк вярнуўся ў родную вёску,  яго рукі не цураліся ніякай работы.

Фота 1

Фота 1

Сёння моладзь у большасці сваёй імкнецца ў вялікія гарады, пакараць сталіцу. Паэт Гурбан амаль усё сваё жыццё пражыў у Юшавічах, як кажуць, дзе нара-дзіўся, там і згадзіўся. А сталіцу ўсё ж такі пакарыў — сваімі творамі, сталым радком. Яго вершы друкаваліся ў многіх перыядычных выданнях рэспублікі, ён стаў аўтарам трох зборнікаў дзіцячых вершаў і аднаго дарослага, выдадзенага пасля смерці. Творчасць нашага земляка была высока ацэнена славутымі майстрамі слова. І нам двойчы прыемна, што менавіта тут, у Юшавічах, нарадзіліся яго творы, навеяныя мясцовымі края-відамі, натхнёныя мясцовымі людзьмі, такімі ж працавітымі і добрымі, як ён сам.

Паэт Гурбан ніколі не здраджваў  сабе. Яго сталасць прыйшлася на  няпросты час, калі рушыліся храмы, а разам з імі рушыліся люд-скія лёсы. Хтосьці трымаўся за пасады і званні, ён трымаўся за веру і кожную нядзелю ездзіў у Нясвіж, у царкву на Новым месцы.  У шасці-дзясятыя гады працаваў старшынёй Юшавіцкага сельсавета. А пасля быў загад аднаго з раённых кіраўнікоў залезці на страху Мікалаеўскай  царквы і зрэзаць крыж. Ён не выканаў распараджэння і развітаўся  з пасадай старшыні. На той час гэта быў подзвіг.

Магчыма, і за гэта Івана Яфімавіча так шануюць землякі. Яго імя носіць Юшавіцкая сельская бібліятэка, а памяць прыводзіць на месца вечнага спачыну паэта юных і сталых.

На магіле Івана Яфімавіча  ў той дзень адбыўся мітынг, дзе добрым словам успаміналі пра яго дачка Людміла Іванаўна (на фота 1 злева), бібліятэкар Юшавіцкай сельскай бібліятэкі Г.К. Халопіца, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце акцыянернага таварыства “Юшавічы” Г.Я. Жывень, а вучні Затур’янскага НПК д/с-СШ усклалі кветкі на месца вечнага спачыну паэта-земляка (фота 2).

Святочная імпрэза працягвалася ў доме культуры. І зноў гучалі вершы паэта з вуснаў  сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Уладзіміра Жылко, Раісы Хвір, Алены Жук і аўтара гэтых радкоў. Дзіцячая творчасць І. Гурбана была цудоўна прадстаўлена  вучнямі Затур’янскага НПК д/с-СШ (фота 3).  Паэтычнае слова перамяжоўвалася з народнымі песнямі, якія гучалі ў выкананні народнага ансамбля “Згода” (фота 4) Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці, а таксама з песняй паэта-барда Сяргея Пракоф’ева “Доля мая” ў выкананні Аляксандра Іванова.

IMG_2477

Фота 2

Фота 3

Фота 3

Фота 4

Фота 4

Паэт Іван Гурбан быў краўцом, паляводам, загадчыкам магазіна, рабочым у меліярацыйнай арганізацыі… Ён сеяў словам і зернем, будаваў, баяўся спазніцца і апярэджваў свой час. Самая вялікая мара Івана Яфімавіча спраўдзілася, калі яму было 72 гады: ён стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра гэты светлы момант успомніў сын  Анатоль Іванавіч Гурбан (на фота 1). Разам з дачкой Марынай яны пазнаёмілі гасцей з кнігай “Паэт”, якая выйшла пасля смерці аўтара.

Цудоўна красуе і сам сабе радуецца  месяц май. У маі Іван Гурбан прыйшоў у гэты свет. У маі скончыўся яго зямны шлях.  Але не скончылася памяць пра добрага чалавека, паэта, творцу, сябра малых і дарослых — Івана Гурбана, народжаная вершамі. Гэта памяць не знікне ніколі, бо яна занатавана ў кнігах, якія пакінуў паэт.

З надзеяй наш зямляк гля-дзеў на жыццё. Мы будзем браць з яго прыклад: будзем жыць, спадзявацца і рабіць дабро ўсім, нягледзячы на тое, хто перад намі — “малы чалавек ці вялікі…”, бо перад Богам мы ўсе роўныя.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”

Фота Святланы Польскай


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.