Пра пашпарты і не толькі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

oblozhka-na-russkij-pasport-s-imperskim-gerbom-2-jpg

Слова «пашпарт» запазычана з французскай мовы. Першапачаткова яно азначала дазвол на праезд праз порт. Пазней слова стала азначаць дакумент, які сведчыць асобу прад’яўніка. Увогуле, нейкае падабенства цяперашняга пашпарта з’явілася ў часы Пятра I — у 1724 г. выйшаў імператарскі ўказ «Плакат о зборе подушном и протчем», згодна з якім селяніну дазвалялася наймацца на працу ў сваім павеце. З 1803 года для купцоў, мяшчан і сялян былі ўведзены друкаваныя пашпарты, сапраўдныя толькі ў Расіі. З 30-х гадоў і да канца XIX стагоддзя дзейнічаў «Статут аб пашпартных і збеглых». У ім гаварылася, што ніхто не мае права адлучацца ад месца пастаяннага жыхарства, усе грамадзяне Расійскай імперыі абавязваліся прад’яўляць пашпарты пры пераездзе з адной губерні ў іншую на заставах, а па прыбыцці на месца — паліцыі.

У Нясвіжскім гісторыка-края-знаўчым музеі ў калекцыі «Дакументы» захоўваецца каля 70 адзінак розных відаў дакументаў асобы перыяду другой паловы — канца  ХІХ стагоддзя перыяду Расійскай імперыі. Гэта заявы на атрыманне пашпарта, лісты-аб’явы, білеты і пашпарты Нясвіжскай гарадской Думы ці Нясвіжскага спрошчанага гарадскога ўпраўлення, выдадзеныя, у асноўным, жыхарам яўрэйскай нацыянальнасці. Гэта тлумачыцца тым, што Нясвіж з канца 18 ст. уваходзіў у склад Расійскай імперыі і ўключаўся ў мяжу аселасці яўрэяў. Склад жыхароў-яўрэяў у ім, напрыклад, у 1904 годзе складаў 55,1 % ад усяго насельніцтва.

Даволі цікава чытаць такія дакументы. Напрыклад, заяву ў Нясвіжскую гарадскую Думу ад  нясвіжскага мешчаніна  яўрэя Калмана Лейба-віча Каўфмана аб выдачы гадавога пашпарта: «Несвижскаго мъщанина еврея Калмана Гиршовича Лейбовича Кауфмана Объявленіе. Представляю при семъ на обаротъ сего свидетельство сборщика еврейскаго общества равно  серебромъ 1р. 45 коп. для полученіе себя годового паспорта. За тъемъ честь имею покорнейше прошу выдать мнъ токаваго Калману Лейбовичу Кауфману». І рэзалюцыю  з боку гарадской Думы:

«Мненіе Іюля дня 1868 г.  Какъ упомянутому Кауфману  по выдачу паспорта со стороны Думы препятствия нъть то представленные деньги записать приходомъ и просимый паспортъ по принадлежности выдать».

На адваротным баку пашпарта — асабовыя прыкметы Каўфмана: «Лъта 27, ростъ 2 арш. 6 верш., волосы, брови т. русые,  глаза серые,  носъ,  ротъ умереныя, подбородокъ обросъ русыми волосами, лице чистое. Особые приметы не имъетъ».

Акрамя гарадской Думы, свой дазвол давалі зборшчык яўрэйскага таварыства і паліцэйскі назіральнік: «Свидетельство. Дано Сіе отъ и:д:Сборщика Несвижскаго Еврейскаго общества несвижскому мъщанину еврею Калману Лейбовича Кауфману  записанному по 10-ой народной переписи подъ № 179 А, на выдачу ему Гадоваго паспорта состороны общества препятствія не имъется, въ чемъ за подлежащимъ подписомъ съ приложеніемъ печати Удостовъряю Г: Несвижъ Іюля 5 дня 1868 года  и:д: сборщика депутатъ Я: Лейтманъ».

«На выдачу Несвижскому мъщанину Калману Лейбовичу Кауфману годоваго паспорта со стороны Моей Препятствія неимъется Іюля 5. дня 1868 года. Полицейский Надзиратель г. Несвижа» (подпіс неразборлівы).

З 1 студзеня 1895 г. у Расійскай імперыі ў адпаведнасці з Палажэннем аб відах на жыхарства пачалася выдача новых па форме дакументаў. Усе пашпарты, за выключэннем замежных, насілі назву «відаў на жыхарства».

Згодна з Палажэннем,  для дваран, чыноўнікаў, адстаўных афіцэраў, гільдый купцоў, ганаровых грамадзян існавалі бестэр-міновыя пашпарты. Для сялян, рамеснікаў і мяшчан усталёўваліся тэрміновыя пашпарты, якія дзяліліся на пашпартныя кніжкі (тэрмінам на 5 гадоў) і аднагадовыя пашпарты. Кніжкі выдаваліся тым, каго рэкамендаваў цэх, арцель, грамада як моцнага гаспадара і спраўнага падаткаплацельшчыка. Аднагадовы пашпарт прызначаўся для тых, хто не быў на  добрым рахунку ў паліцыі і грамадстве. Сялянам і рабочым выдаваліся віды і на яшчэ больш малы тэрмін — на 3 і 6 месяцаў, што ўзмацняла іх залежнасць, прымушала часта наведвацца ў паліцыю для аднаўлення відаў на жыхарства.

«По Указу Его Величества, Государя Императора АЛЕКСАНДРА АЛЕКСАНДРОВИЧА, Самодержца Всероссійскаго, и прочая, и прочая, и прочая. Объявительница сего Минской Губернии Слуцкаго уъзда Несвижская мъщанка Анна Иванова Чигиръ  уволена въ разные города и селенія Россійской Имперіи для собственных надобностей отъ нижеписаннаго числа впредь на одинъ годъ, то-есть: тысяча восемьсотъ восемьдесятъ девятаго по двадцатаго Апреля, а по прошествіи срока явиться ей обратно; въ противномъ же случаъ поступлено съ ней будетъ по законамъ. Данъ изъ Несвижской Город-ской Думы съ приложеніемъ печати онаго. Апреля 20 дня 1888  года». Асабовыя прыкметы Ганны Чыгір: «Лъта 20 Ростъ 2 арш. 3 верш., волосы, брови св. русые, глаза сърые, носъ, ротъ умеренные, подбородокъ обыкновенный, лице чистое. Особыя примъты: На правой рукъ большой палецъ изувеченъ».

У выпадку затрымання асобы з пратэрмінаваным пашпартам паліцыя  арыштоўвала грамадзяніна на двое-трое сутак, потым  высылала яго да месца прапіскі. Калі затрыманы не меў узаконенага віду на жыхарства і яму не ўдавалася засведчыць сваю асобу, то з ім паступалі як з бадзягам. У Расіі бадзяжніцтва кваліфікавалася як крымінальнае злачынства і каралася ссылкай ў Сібір «на водворение».

А вось пашпарт нясвіжскага мешчаніна М.Г. Магіленскага: «Предъявитель сего Минской губ., Слуцкаго уъезда Несвижский мъщанин Мордухъ Гемелевичъ Могиленскій уволенъ въ разные города и селенія Россійской Имперіи отъ нижеписаннаго числа на три мъесяца, т.е по 14 Апреля 1897 г. Этотъ паспорть имъет силу там гдъ евреем жить дозволено».

Рыса аселасці для яўрэеў была ўведзена ў 1791 годзе і была звязана з тым, што, па выніках некалькіх падзелаў Польшчы, у складзе Расіі апынулася значная частка польскіх земляў. А Польшча да таго моманту была краінай з найбольшай колькасцю яўрэйскага насельніцтва. Кацярына II вырашыла, што шматлікае яўрэйскае насельніцтва, якое дасталося ад Польшчы, варта абмежаваць спецыяльнай рысай пражывання. Згодна з указам імператрыцы, яўрэі павінны былі жыць там жа, дзе яны жылі да ўключэння іх зямель у склад Расіі. Прасцей кажучы, ім было забаронена перабірацца ў рускія гарады, за рэдкім выключэннем.

Самым простым выхадам з гэтага становішча была змена веры. Аднак у тыя часы да пытанняў веры ставіліся сур’ёзна, і далёка не кожны мог сабе дазволіць змяніць веру продкаў.

Другі спосаб — атрымаць вышэйшую адукацыю. Аднак універсітэтаў у краіне было не так ужо шмат, і, акрамя таго, ва ўніверсітэтах была ўведзена працэнтная квота на лік навучэнцаў-яўрэяў.

Трэці спосаб — атрымаць патрэбную прафесію, напрыклад, аптэкара, фельчара, павітухі, лекара, стаматолага. Акрамя таго, дазвалялася жыць па-за рысы аселасці тым, хто адслужыў у арміі, і рамеснікам, але з абавязковай умовай быць запісанымі ў рамесны цэх. Разам з гэтымі людзьмі дазвалялася жыць і іх сем’ям.

Чацвёрты спосаб (самы складаны) — стаць купцом першай гільдыі. Усяго было тры купецкія гільдыі, і ў першую ўваходзілі самыя багатыя і буйныя купцы, зараз іх назвалі б мільянерамі.

Пяты спосаб (прыдатны толькі для жанчын) — запісацца ў прастытуткі. Тады замест пашпарта жанчыне выдаваўся т.зв. замяняльны білет, больш вядомы як «жоўты білет», які дазваляў ёй займацца прастытуцыяй пры ўмове пастаноўкі на ўлік у паліцыі.

Шосты спосаб — эміграваць у іншую краіну.

Усім астатнім рысу аселасці дазвалялася пакідаць толькі часова. Тэрмін, на які жыхар пакідаў рысу аселасці, не павінен быў перавышаць шасці тыдняў. Акрамя таго, ён абавязкова павінен быў мець пашпарт, выдадзены губернатарам. Атрымаць такі пашпарт можна было, толькі выразна патлумачыўшы сваю мэту падарожжа за межы рысы.

Рыса аселасці была скасавана ў гады Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе, калі габрэям ва ўмовах пагрозы наступу нямецкіх войскаў было дазволена сяліцца дзе заўгодна, за выключэннем Пецярбурга і яго прыгарада. Афіцыйна яна была адменена Часовым урадам вясной 1917 года.

Але вернемся да пашпартоў. У пашпартныя кніжкі на 5 гадоў, якія ўжо набылі ў той час выгляд знаёмай нам кніжачкі, уключаліся наступныя звесткі аб уладальніку: 1. Імя, імя па бацьку, прозвішча; 2. Званне; 3. Час нараджэння ці ўзрост; 4. Веравызнанне; 5. Месца пастаяннага жыхарства; 6. Знаходзіцца ці не ў шлюбе; 7. Адбыванне вайсковай павіннасці; 8. Дакументы, на падставе якіх выдадзена пашпартная кніжка; 9. Подпіс уладальніка кніжкі. Калі ўладальнік кніжкі непісьменны, то ўказваліся яго прыкметы (рост, колер валасоў, асобныя прыкметы).

У фондах музея захоўваецца адзін такі дакумент на імя Івана Антонавіча Цвіркі, які быў выдадзены Нясвіжскім спрошчаным гарадскім упраўленнем 16 лістапада 1895 г. На першых старонках утрымліваюцца асабовыя звесткі аб уладальніку: Іван Антонавіч Цвірка, 21 год, рымска-каталіцкага веравызнання, занятак — прыватная служба, халасты, адбываў воінскую павіннасць у 1895 г., залічаны ў ратнікі апалчэння І разраду, ёсць уласны подпіс Цвіркі, рост — сярэдні, валасы — русыя. У графе «Звесткі аб пераменах, якія адбыліся ў сямейным стане» запісана, што І.А. Цвірка быў забіты цягніком 26.09.1899 г. і пахаваны на Пскоўскіх могілках.

Цікава, што мужчыны да 17 гадоў і дзяўчаты да 21 года маглі атрымліваць від на жыхарства толькі па просьбе бацькоў або апекуноў, замужнія жанчыны — са згоды мужа. У асобных выпадках пашпарт мог выдавацца жонкам асоб, якія знаходзяцца «в безвестной отлучке или страдавших умопомешательством». Жанчыны наогул не мелі пашпартоў, іх прозвішчы ўпісваліся ў дакумент мужа ці бацькі.  Выезд з краіны (па замежным пашпарце) дазваляўся дваранам і купцам на шэсць месяцаў. Калі яны парушалі гэты тэрмін, то маглі быць пазбаўлены Расійскага падданства.

Вольга ШКРАБІНА,

старшы навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.