Пралятаючы над Нясвіжам…

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

12

Беларусі

Я радзіцца інакшым не мог,

Беларусь — мая маці і песня!

Я спяшаўся з далёкіх дарог

Да цябе, як жаўрук напрадвесні.

Падрастаў я у мачыхі Польшчы,

Яна сынам не звала мяне —

Хамам-пасынкам —

самым горшым.

Адплаціць за абразку панам

Не хапала у хлопчыка сілы,

Я зайздросціў асілкам-зубрам,

Жаўруковым свабодным крылам.

Абнавіўся мой край і я сам:

Я з братамі-народамі ладжу…

 

Зямля бацькоў

Любіць цябе святое маю права,

Зямля бацькоў і прадзедаў маіх!

Іх каранёў глыбокіх я — атава,

Што сок жывы бярэ з крыніц тваіх.

Сцяжыны ў полі, як жывыя вены

Майго сялянскага жыцця-быцця.

Без іх не жыў бы я,  завыў бы пэўна,

Бездапаможным стаў бы,

як дзіця.

я хлебароб ахвочы і заўзяты,

Кармлю другіх

па правілах вясны…

І на радню я плённы і багаты:

Калоссе ніў — то рук маіх сыны!

Чым болей дзён

ад даты нараджэння,

Тым больш палям,

лугам патрэбен я.

Расце тым больш

і ў працы захапленне,

Мацнее да зямлі любоў мая.

 

Малы чалавек

і вялікі…

Кастусю Жуку

Мы любім правы

і прасторы свае…

Дазвольце зрабіць падлікі,

Хто болей радзіме карысці дае:

Малы чалавек ці вялікі?

Канкрэтна ва ўсім спланаваны.

Хоць цяжка, ды план

перавыканаць рад

Наш хвацкі рабочы старанны.

Дае генерал суровы загад —

Салдаты ў стыхіі атакі.

Бярогчы Радзіму

са скруткам гранат

Паўзуць пад варожыя танкі…

Роль меншых і большых

ўзрастае, відаць,

Радзіма сынам сваім верыць.

Той дораг, хто хоча ёй сілы аддаць

У самай найвышшай меры!

 

Паэт

Задума спее…

Час за працу брацца.

У тайнах ён знаходзіць

адкрыццё.

І сам умее шчыра спадзявацца,

І споведзь слухае тваю, жыццё!

Паэт мінулага аблічча помніць

І будучае туліць да грудзей.

Радкі яго, як сонечныя промні,

Вітаюць, абнадзейваюць

людзей.

 

Лічбы на сцяне…

Так, як скулы асыпаюць цела,

Край мой асыпалі хутары.

Бацька зазначаў тады няўмела

Сцен вянкі карандашом

старым…

Ведаю цану кавалку хлеба,

Шнур-загончык чахнуў

між  кустоў…

Пэўна, я не вырас так, як трэба,

З-за сухіх нішчымніц і пастоў.

Бацькава заява першай  зоркай

Узышла, заззяла на стале…

І не ведаюць нядолі горкай

З той часіны у  маім сяле.

Песні нараджаюцца

ў прасторах…

Ўспамінаем бацьку мы, сыны.

А ў музейным доміку гісторыя

Лічбамі гаворыць са сцяны.

* * *

А колькі ёсць прыемных,

добрых слоў,

Што чысціні, ўзаемнасці аснова!

Ды хтосьці так стараецца ізноў,

Каб не ўваскрэсла

матчынае слова.

Як цяжка нам даецца

кожны крок

Насустрач выйсцю

з бездухоўнай смагі!

Далярамі набіты кашалёк

Асновай стаў для шчасця і павагі.

Ашукваюць нас, ганьбяць —

мы ж маўчым,

Увагі не звяртаючы на тое,

Што вучаць жыць,

забыўшы аб сваім,

Прызнаючы замежнае, чужое…

 

Гадзіннік

Нашу гадзіннік свой не для красы,

З яго карысць высокую я маю —

З ім не пазнюся

росны луг касіць…

Работаю гадзіннік абганяю…

Хоць і прыгожа зроблен

цыферблат,

Мяне не цешыць золата нямое.

Па-новаму я мысліць рад

Пра нешта большае і дарагое.

У звонкім рытме

стрэлачнай хады,

Што рухае гадзіннік новы,

Чуваць, як мерным

крокам маладым

Жыццё ідзе, а дзе яго аснова?

 

Ганарар

Выбіўся ў паэты,

Думаў, дар ад неба.

Ганарар прыслалі —

На буханку хлеба.

А калісьці я,

Вясковы пастушок,

Зарабляў на сала

І мукі мяшок.

Давядзе да торбы

Мой занятак гэты —

Думаў, дар ад неба,

Выбіўся ў паэты.

 

Малітваю

дзень пачынаю

Гляджу я,

У хаце світае —

Малітваю дзень пачынаю.

На голаў тры пальцы

кладу і малюся,

Каб злы чалавек не стаяў над душой,

Каб розум аспрэчваў

зямныя спакусы,

І я не зайздросціў удачы чужой.

На сэрца тры пальцы кладу і малюся,

Каб здзейсніць усё,

што задумана, мог.

Каб дома, на полі калгасным і ў лузе

Спрыялі мне добрыя людзі і Бог.

Малітваю дзень пачынаю —

І буду шчаслівы,

Я знаю.

Іван ГУРБАН.

 

* * *

Як навучыцца не чакаць

Ад нецярплівага — трывання,

Ад баязлівага — прызнання,

Ад бессардэчнага — дабра?

Як навучыцца не шукаць

У раўнадушнага — кахання,

У бездакорных — спачування,

У бессардэчнага — дабра?

Ды трэба проста перастаць

І спадзявацца, і чакаць.

Тады лягчэй вам будзе жыць.

Па немагчымаму тужыць

Патрэба знікне. І тады

Жыцця прайшоўшыя гады

У новым вобліку паўстануць

І сэрца мучыць перастануць.

Тады ты свет наноў убачыш,

І не другіх — сябе прабачыш,

Што доўга так дарма шукаў

У раўнадушнага — кахання,

У бездакорных — спачування,

У бессардэчнага — дабра.

Шукаў — і марна спадзяваўся,

Пакуль урэшт не разабраўся,

Што ад людзей не варт чакаць

Больш, чым яны у сілах даць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

Нясвіж

Ты разлёгся прывольна, шырока,

Старажытны і юны Нясвіж,

І празрыстымі зрэнкамі вокан

У блакітнае неба глядзіш.

 

Разбягаешся стрэламі вуліц,

Узнімаеш да сонца муры.

За стагоддзі цябе не сагнулі

Непагодлівыя вятры.

 

Чуў з Усходу свабоды ты голас,

І не хмарыў надзей тваіх сон.

Гадаваў сваю песню тут Колас,

Сеяў праўду тут Будны Сымон…

 

* * *

Настала такая часіна!

Спаткаў бы сваіх землякоў —

І Буднага, і Скарыну —

Спазніўся на многа вякоў.

 

Стаю і сустрэчы чакаю.

Чаму ж цішыня, ты маўчыш?

Скарына пра Полацк спытае,

А Будны — пра Клецк і Нясвіж.

 

Мы чуем прарочы ваш голас,

Да нас вы прыйшлі праз вякі

У сэрцы, у душы, у школы —

Сучаснікі і землякі.

Паўлюк ПРАНУЗА.

 

* * *

Бы човен, месяц у нябёсах

Гайдаюць хмары на плячах,

Скрыпяць у возе сумна восі,

Пыліць пясочкам доўгі шлях.

Перабірае сіўка ногі,

Кароціць вёрсты да двара,

Паўзуць кусты уздоўж дарогі,

Нудзіць над вухам машкара.

Хто едзе позняю парою?

Куды трымаеш шлях, бядак?

Бяжыць за колам думак мроя

I ў воз не ўсядзецца ніяк.

То лёс няўдалы з фэсту едзе,

Сваё адтанчыў, адспяваў.

Ў шынку пакінуў грошы недзе,

Набытак ў карты прагуляў.

Цяпер уніз, з гары дарога,

На белых скронях пот блішчыць,

А воз пусты. 3 сабой нічога,

I конік ўсё хутчэй бяжыць.

Каня ўжо ён не затрымае,

Згубіўся дзесь жаданняў рог.

I роспач у вачах нямая —

Відаць здалёк ужо парог.

 

Малітва

Не дай мне, Госпадзі, прапасці,

Не адымі жыцця спакой.

Не дай мне, Госпадзі, упасці

Ў гардыню, п’янства і разбой.

Не мець к сваім сябрам павагу,

Ад зайдрасці начэй не спаць,

Згубіць і годнасць, і развагу —

Не дай мне, Бог, такое знаць.

Забыць імёны сваіх родных

І страціць веру ў любы край,

Глядзець камусьці ў вочы ўгодна

Не дай мне, Госпадзі, не дай.

Не дай ты мне паддацца зману,

Мінуць прыстойнасці мяжу.

Бо як прад вечнасцю прадстану,

То што тады табе скажу?

 

* * *

Заманілі косы светла-русыя

Цёмнай ночкай у вішнёвы сад,

Ўсцешылі спакуслівымі вуснамі,

Разлілі ў душы кахання яд.

Абманулі вочы цёмна-карыя,

Аднялі развагу і спакой,

Аплялі нязведанымі чарамі,

Напаілі ведзьмінай вадой.

Раніцай прачнуўся ў адзіноце,

Толькі птушкі сталі на крыло,

Мучуся ў думах і самоце,

Гэта сон ці наяву было?

Як успомню — кроў пахаладзее.

Ведама, прароч тут не прароч,

Ўсё ж у сэрцы цепліцца надзея:

Раптам паўтарыцца гэта ноч?

* * *

Там, дзе жар выспявае малінавы,

Дзе туман па нізінах плыве

I хвалюецца ўзлесак асінавы,

Там матуля мая жыве.

Пахне ў хаце аерам і хлебам,

Жоўтым дошкі падлогі блішчаць

I спалохана бабка з дзедам

3 фотаздымка старога глядзяць.

Толькі маці ніяк не сядзіцца,

3-пад рукі ўсё глядзіць у акно:

Можа, йдзе ўжо. Павінен явіцца!

Дзе ж ён дзеўся, басяк,

не відно…

Як заўсёды, яна чакае,

Калі сын пераступіць парог,

Кот умыўся. Усё супадае,

А не змог жа! Не змог, не змог…

Шкадавання плывуць адгалоскі,

I не чуць іх — вялікі грэх…

Я такі ж, я малеча з той вёскі,

Толькі скроні засыпаў снег.

 

* * *

Настане час — вярнуся я дадому

Ужо другім. Змянілася й сяло.

Здалёк здаецца:

ўсё там па-старому,

Але ж не будзе гэтак, як было.

Прайду па вуліцы, а лаўкі ўсе пустыя,

Чамусьці не сядзяць на іх бабулі,

І журавы над студнямі застылі,

I пеўні не спяваюць — бы паснулі.

Сабачы брэх не чуецца вясёлы,

Гайдае вецер сумныя арэлі,

Вісіць замок ў дзвярах

вясковай школы,

Як быццам дзеці раптам састарэлі.

А вось буслы не кінулі радзіму:

Стаяць у гнёздах,

стукаюць насамі,

Гавораць: “Вось мы

вернемся праз зіму

І зазвіняць падворкі галасамі”.

Прашу вас, родны дом

не забывайце,

Там нас заўжды чакаюць,

я не хлушу.

3 любых шляхоў

да хаты прыязджайце,

Каб сцішыць боль

і супакоіць душу.

 

* * *

Спрадвеку час ідзе

заветным кругам,

Зрабіў віток — адновяцца вытокі,

Было б каму падняць

зямельку плугам,

А сэнс у гэтым бачыцца глыбокі.

Аляксандр РАМАНЧУК.

 

 

* * *

Прабегла гарэзлівай

казкаю лета,

Прапела

птушыным цяплом,

У колер багацця

апранута жыта,

У фарбах

блакітных акно.

Глядзіць яно моўчкі

на жоўклае лісце,

На кветкі

адцвіўшай вясны,

А ў сэрцы жыве успамін

ранкаў летніх

І восеньскі

водар ў душы.

Няма ні жыцця,

ні жывога настрою —

Галінка я голая ўжо.

Хістаюся толькі

пад ветрам нястройным,

Чакаю спакою даўно.

Дажджы, навальніцы

цяпер мне сястрыцы —

Халодныя твары у іх.

Ўжо “бабіна лета” прыйшло

да крыніцы —

Яго не гарачы уздых.

Самотнае неба кранула

маланка

І выліла дождж у прастор…

Азёрныя хвалі стагналі і рвалі

Паветра бясконцы падол…

Бывай, маё лета,

за ўсё ты даруй мне —

Вяртайся праз год у сяло,

Бяры з сабой фарбы,

вясёлкі і песні —

Гучы да світанку майго!

Валянціна ТАРАТУТА.

 

 

* * *

Шкада… Шкада,

што мае вершы

засталіся для цябе

тым сном апошнім,

сном не першым;

сном не явы —

сном у сне.

* * *

Нават там,

дзе я мог прыпыніцца,

я ўсё роўна пакрочу з табой

бязмоўнай ліхой вераніцай

чароўна-дзівосных мрой.

 

* * *

Нам так лёгка было памыліцца,

і так цяжка знаходзіць шляхі,

дзе б каханай абдымкаў напіцца —

у вачах паплылі каб кругі.

 

Скрухай проста напоўніць хвіліны

да сп’янелых пярэймаў тугі,

пах згубіўшы часова маліны,

што да вуснаў яе так маніў.

 

Прад паглядам каханай скарыцца,

слухаць шэпт, які крыку мацней:

з ім на ўсё можна ў свеце забыцца,

патануўшы ў глыбінях вачэй.

 

* * *

Прабач, я не змагу застацца,

у вір нырнуць, намацаць дно.

З сабою больш мне не змагацца,

сябе падманваць — не маё.

 

А ты ідзі, не азірайся,

так будзе ўсё ж прасцей для ўсіх,

маёй душы больш не кранайся

ані на хвілю, ні на міг.

 

Не падмануць сябе самога,

я лепш пакіну — успамін.

Было ў кагосьці іх так многа,

як для мяне — ён быў адзін.

 

Што мне сказаць табе?

Маўчанне —

яно адкажа за мяне:

пустое слоў маіх гучанне,

на жаль, цябе больш не кране.

 

Што ж, разам быць не выпадае,

нам застаецца — проста быць.

А побач — сонца дагарае,

і гарызонт — гарыць,

гарыць…

Андрэй КОЗЕЛ.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.