Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Слова душу кранае

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

2

З усіх вынаходстваў і адкрыццяў у навуцы  і  мастацтве, з усіх вялікіх вынікаў дзіўнага развіцця тэхнікі на першым плане стаіць кнігадрукаванне.

Чарльз Дзікенс, англійскі пісьменнік.

Сусветна вядомы класік меў рацыю, у чым пераканалася не адно пакаленне людзей. Асаблівае значэнне гэта набывае сёлета, калі культурная грамадскасць адзначае 500-годдзе  першай беларускай кнігі “Псалтыр”, выдадзенай у Празе сынам полацкай зямлі Францыскам Скарынам. Шостага жніўня 1517 года стала днём усяго жыцця яго, днём здзяйснення вялікай мары. “Выпушчана кніга дзеля навучання, настаўлення ўчынкаў добрых, богу і чалавеку годных, як і дзеля адмаўлення памкненняў непамысных”, — гэта Скарына напісаў у сваёй першай прадмове да “Псалтыра”, а яшчэ растлумачыў, чаму назва такая. Аказваецца, гэта музычны інструмент, падобны да полацкіх гусляў. Толькі ў апошніх было больш струн. Тварэнне чалавечых рук і светлага розуму ў майстэрні Паўла Севярына ў далёкай Празе стала вядома і ў родным Полацку, і па ўсёй зямлі пайшла пагалоска аб тым.



А праз 45 гадоў справу Скарыны прадоўжыў Сымон Будны, які выдаў у Нясвіжскай друкарні “Катэхізіс”на беларускай мове. Гэта сёння мы прывыклі да шматлікіх тамоў літаратуры на розных мовах свету і нават не здагадваемся, як абагаціліся  духоўным святлом кнігі. Кожная з іх нясе ў сабе глыбокі сэнс, мае маральную падаплёку, трэба толькі ўмець чытаць і думаць.

Як вядома, напісанае застаецца, а прачытанае ў дзяцінстве накладвае адбітак на душу і жыве з намі шмат гадоў. Калі дзіця суперажывае непрыемнасцям герояў, значыць, яго душа ачышчаецца. Калі абураецца нейкім непамысным учынкам, значыць, ёсць надзея, што не зробіць так сам. І што самае характэрнае, ёсць кнігі, якія пакідаюць след  у жыцці надоўга, калі не назаўсёды. Вось яна, сіла друкаванага слова, яго магічнае ўздзеянне на чалавека. Я, між іншым, адчула гэта на сабе, калі ў дзяцінстве прачытала казку “Шэрая шыйка” і  да слёз шкадавала бедную качку. Якімі цікавымі былі казкі, апавяданне “Чук і Гек” Аркадзя Гайдара, вершы і байкі Кандрата Крапівы, лірыка Петруся Броўкі! Чым старэйшымі мы становімся, тым большым становіцца дыяпазон літаратурных шэдэўраў.

Гадоў сорак таму мне падарылі маленькую кніжачку Вольгі Іпатавай “Вецер над стромай”, якая, памятаю, разыгрывалася ў латарэю на аўтастанцыі ў Нясвіжы. А які вялікі сэнс у ёй аказаўся, бо першае апавяданне “Прадыслава” было прысвечана беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай. Як прыгожа і рамантычна яно напісана, закрануты біяграфічныя старонкі, калі юная манахіня перапісвала ў манастыры кнігі, вучыла мясцовых дзяцей любові да іх, як ствараў каштоўны крыж асветніцы Лазар Богша. Ёсць у кнізе і рамантычны вымысел аб першым каханні Прадыславы, апісанне жыцця люду полацкага ў ХІІІ стагоддзі. Гэтую кнігу  перачытваю часта, бо яна кранула мяне да глыбіні душы. Раю ўсім пачытаць яе, і вы не пашкадуеце.

Памятаю, дзесьці знайшла кнігу Аляксея Карпюка “Данута” — гісторыю кахання маладых людзей, беларускага хлопца Янкі і дачкі польскага генерала Дануты. З якой любоўю і цеплынёй піша аўтар пра іх адносіны, цікава расказвае пра даваенную і пасляваенную Вільню, пра стварэнне і дзейнасць партызанскіх атрадаў у час вайны і складаныя перыпетыі жыцця галоўных герояў. І гэты твор я беражліва захоўваю, не раз вяртаюся, каб зноў перажыць  хвіліны дакранання да лёсаў людзей. А ў душы жыве мара: паехаць у Вільнюс і пахадзіць па тых мясцінах, дзе маладыя людзі ўпершыню пазналі светлае пачуццё, пагля-дзець на гару Гедыміна…

Калі мы вывучалі “Новую зямлю” Якуба Коласа, я чытала з яе ўрыўкі сваёй маме і суседцы. Трэба было бачыць,  з якой увагай і цікавасцю яны слухалі, а потым з адабрэннем выказвалі ўражанні. Нераўнадушнымі яны былі і да Купалаўскай  “Паўлінкі”, да іншых твораў беларускіх аўтараў.

Мае дзеці, калі  навучыліся чытаць, то не адрываліся ад кнігі. Спачатку асвойвалі дзіцячую літаратуру, з узростам — іншыя  розныя творы.

Чытанне пашырае не толькі веды, але і лексікон, дае магчымасць свабодна мець зносіны з людзьмі, развівае ўменне аналізаваць.

Старэйшы сын захапляўся фантастыкай і прыгодамі, малодшы — натуразнаўчымі творамі. Дарэчы,  начытанасць дапамагала ім у напісанні школьных сачыненняў, ва ўдзеле ў розных інтэлектуальных мерапрыемствах. Цікавы факт: калі старэйшы сын паступаў на журфак БДУ, ён, па маёй прапанове, папярэдне “накідаў” тэзісы сачынення на вольную тэму, пра беларускую мову. Так і атрымалася: іменна такой была адна з тэм на пісьмовым экзамене. Гэта я да таго, што начытаны чалавек здольны справіцца з любым заданнем. Аналагічна было і ў час маёй вучобы ў БДУ, калі многія схіляліся да думкі, што інтэлект дапаможа “выехаць” у складанай сітуацыі.

Малодшы сын закончыў школу з сярэбраным медалём  і паступіў без экзаменаў на біялагічны факультэт БДУ. Цяпер ён — кандыдат навук, дацэнт кафедры заалогіі. Летась разам з калегай выпусцілі падручнік для студэнтаў.

Кніга ніколі не будзе забыта, ня-гледзячы на масавае пашырэнне сацыяльных сетак. Камп’ютарных старонак не пагартаеш, не пачуеш паху  друкарскай фарбы, не паставіш на паліцу і не падорыш сябру, не адчуеш цяпла вялікай душы аўтараў, якія імкнуліся навучыць нас добраму і незабыўнаму, як подых ветру і шум лістоты, як гарачае сэрца Данка.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!