У добрых гаспадароў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_3755

Праязджаючы па вуліцы Паштовай  у вёсцы Пагарэльцы,  многія вадзіцелі прытарможваюць, каб палюбавацца на  дом №7 — пераможцу раённага конкурсу на лепшую ся-дзібу па Сноўскім сельскім Савеце за 2016 год.

А паглядзець сапраўды ёсць на што: кожнае лета гасцей і проста прахожых тут сустракае гарманічнае спалучэнне разнастайных кветак і зеляніны ў палісадніку і на арыгінальных клумбах, акуратна падстрыжаныя газоны і штогод — новая казачная кампазіцыя. Уздоўж дарожкі, што вядзе да дома, пасаджаны пушыстыя кусты, якія дакладна акрэсліваюць накірунак для любога госця, які заходзіць у двор, а яркія петуніі сустракаюць усіх ужо з брамкі, каляровай рэчкай перацякаючы на падаконнікі дома.

І нават плот тут з’яўляецца своеасаблівым “палатном” — на кожным яго баку намалявана карціна, суаднесеная з тым, што знахо-дзіцца на ўчастку.

Гаспадыня дома Людміла Іванаўна — вельмі працалюбівы, добры і спагадлівы чалавек. Яе любімая справа — гэта вырошчванне кветак: петуній, руж, лілей, вяргінь і многіх іншых.  Яна размяшчае сваіх каляровых прыгажунь так, каб цвет адных змяняў другіх, і яны цвілі ад ранняй вясны да позняй восені.

А інжынерныя задумкі гаспадара дома Віктара Іванавіча дапамагаюць сядзібе Лысенка ў начны час пералівацца рознакаляровымі агнямі, якія прымушаюць кожнага прахожага застыць і акунуцца ў чароўнае ззянне фантана, вадаспада і дрэва, якое свеціцца. Увесь перыметр участка ахоплены каляровымі хвалямі святла.

— Афармленне ўчастка пачалося са ссечанай у садзе яблыні, — расказвае малодшая дачка гаспадароў дома Ганна, што працуе зараз загадчыкам тэатральнага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў і кіраўніком студыі акцёрскага майстэрства гарадскога маладзёжнага цэнтра. — Яе пянькі нагадалі мне мядзведзя, і так з’явілася першая клумба. Да яе тата дадаў арэлі, зробленыя сваімі рукамі, і зараз на іх гушкаецца ўся наша сям’я — тата Віктар Іванавіч, мама Людміла Іванаўна, мая старэйшая сястра Алёна, калі прыязджае з Мінска, дзе ўзначальвае кандытарскі аддзел у гіпермаркеце “Гіпа”, і я.

Ёсць у гэтай сям’і традыцыя — пасля вячэры за круглым сталом садзіцца на арэлі і піць чай, абмяркоўваючы жыццё-быццё. У выніку гэтых сямейных вячорак участак сям’і Лысенка паступова стаў ператварацца ў сямейную казку, для ўвасаблення якой у жыццё аказаліся незаменнымі інжынерна-электратэхнічныя веды гаспадара, захапленне кветкамі гаспадыні, дызайнерскі талент Ганны і любоў да праполкі Алёны.

Кожны з іх укладвае ў сямейныя задумкі часцінку сваёй душы, і гэта служыць на радасць не толькі ім самім, але і ўсім, хто побач.

 

Дружная сям’я адразу пазнаецца па доме —  асабліва такая, дзе ў любові і згодзе суіснуюць  два, а то нават і тры пакаленні, як, напрыклад, у доме №48 па вуліцы Шолахава ў аграгарадку Друцкаўшчызна, дзе жывуць Ала Хрыстафораўна Тарасенка і яе дачка Людміла Уладзіміраўна Шарамета з мужам Андрэем Анатольевічам і дзецьмі Вікторыяй і Дзіянай. Іх дому і ўчастку было прысуджана другое месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Сноўскім сельскім Савеце за 2016 год. У доме, прадастаўленым гаспадаркай, яны жывуць ужо 12 гадоў, і чым далей, тым болей захапляюцца яго ўпрыгажэннем і добраўпарадкаваннем. Кожны, хто трапляе на іх падворак, адразу заўважае тут прысутнасць дбайнай гаспадарскай рукі, дагледжанасць і ўтульнасць — сярод рознакаляровых кветак гасцей сустракаюць фігуркі добрых казачных герояў, вабіць да сябе вельмі прыгожа аформленая штучная сажалачка, на якой, нібы жывыя, плаваюць белыя лебедзі, спякотным днём кліча ў свой прахалодны цень прыгожая тэраса з навесам.

Безымянный3

— Работу мы асабліва не дзелім, — расказала ў нашай гутарцы дачка гаспадыні Людміла Уладзіміраўна, якая зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. — Хто больш свабодны, той і робіць. Я, напрыклад, больш працую на агародзе, бо ён у нас дастаткова вялікі, тут ёсць усё — ад бульбы да кропу. Мама многа ўвагі ўдзяляе сваім кветкам, сярод якіх вельмі шмат руж — яе любімцаў, а муж дапамагае там, дзе патрэбна мужчынская сіла. Дарэчы, ідэі, як што зрабіць, — больш маміны і нам, як правіла, падабаюцца. Усім аднолькава хочацца жыць у чысціні і прыгажосці.

На дасягнутым дружная сям’я спыняцца не збіраецца. У планах насельнікаў дома — закончыць заліўку дарожак на падворку, пакласці плітку. Адным словам, удасканальвацца яшчэ ёсць куды, і не толькі для ўдзелу ў конкурсе, але, галоўнае, для сваёй радасці і душэўнага спакою.

 

У цэнтры аграгарадка Сноў, па вуліцы Нясвіжскай,  стаіць дом №14, у якім жывуць Аляксандр  Іванавіч і Людміла Уладзіміраўна Нячай. Яны занялі трэцяе месца ў раённым конкурсе на  лепшую сядзібу па Сноўскім сельскім Савеце за 2016 год.

Безымянный

Як расказала гаспадыня, дом свой яны будавалі ўласнымі сіламі і жывуць у ім ужо 10 гадоў. Тут падраслі і іх сыны Віталь і Сяргей, якія стварылі ўжо ўласныя сем’і.

— Добраўпарадкаваць наш участак мы пачалі яшчэ да засялення, — гаворыць Людміла Уладзіміраўна, — і кожны год у меру сіл стараемся нешта падрабіць і палепшыць. Сыны, напрыклад, самі выкапалі штучны вадаём, самі ўладкавалі яго, упрыгожылі каменнем. І хаця жывуць ужо асобна, радуе, што і цяпер можна разлічваць на іх дапамогу, і нявесткі ў баку не застаюцца — не грэбуюць работай на зямлі, і з кветкамі могуць дапамагчы, і з агародам.

Увогуле, цяжкую работу тут не прынята перакладаць на жаночыя рукі — для гэтага ёсць добры прыклад гаспадара. Хоць яму і прыходзіцца вельмі нялёгка, асабліва ў гарачую сельскагаспадарчую пару (Аляксандр Іванавіч працуе інжынерам машынна-трактарнага парка СВК “Агракамбінат Сноў”), аднак усё, што тычыцца пакасіць-заараць-пакапаць, — ён ведае і паспявае як належыць.

Сама ж Людміла Уладзіміраўна больш за ўсё захапляецца кветкамі.

— Вельмі люблю ружы і клематысы, — гаворыць яна. — Сама іх пасынкую і разводжу, увогуле люблю ўсе кветкі, а таксама вінаград — яго ў мяне расце  некалькі сартоў.

Цікавыя дызайнерскія знаходкі — таксама ў асноўным яе ідэі, гэта і афармленне вадаёма з белымі бусламі на беразе, і клумба ў форме матылька, і многае іншае. Наперадзе лета, і, напэўна, сядзіба гэтых дбайных гаспадароў яшчэ парадуе і сяброў сям’і, і проста прахожых новымі колерамі і формамі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.