Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 11 °C

У добрых гаспадароў

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 16.06.2017

Рисунок2

Ужо шмат гадоў радуе вока прахожых дом №132 па вуліцы Школьнай у аграгарадку Ударны. Тут жывуць пераможцы раённага конкурсу на лепшую сядзібу па Гарадзейскім сельскім Савеце за 2016 год Юрый Антонавіч і Людміла Сяргееўна Мікалайчык. Гаспадар працуе галоўным механікам у ТАА “Вуддорс”, а гаспадыня — лабарантам цеплаэлектрацэнтралі на Гарадзейскім цукровым камбінаце.



У сваім доме яны жывуць больш за 20 гадоў і за гэты час зрабілі шмат, каб іх сямейнае гняздо стала як мага больш прывабным і ўтульным.

— Ідэі па ўпрыгажэнні ўчастка прыходзяць адусюль,— расказаў у нашай гутарцы Юрый Антонавіч. — Разам выбіраем, абмяркоўваем.

А Людміла Сяргееўна дадала, што без працавітых рук мужа дагледзець усё як след і стварыць нешта новае было б немагчыма. Ён дапамагае ў падтрыманні парадку на газоне, ва ўладкаванні клумбаў (сёлета, напрыклад, дапамог зрабіць новую, з камянёў), ва ўсіх іншых работах, дзе патрэбна мужчынская сіла. Летам на ўчастку Мікалайчыкаў з’яўляецца часовы басейн, заўсёды стаяць арэлі, дзе можна адпачыць сям’ёй пасля працы, а гасцей дома сустракаюць лялечныя дзядуля з бабуляй — прыветлівыя, нібы жывыя. І гэта не выпадковае ўражанне — фігуркі зроблены гаспадыняй ўласнаручна са старых панчох і сінцепона, на іх надзета сапраўднае адзенне і сапраўдны абутак.

На выхадных да агульнай справы далучаюцца сын і дачка, калі прыязджаюць з Мінска. Па магчымасці, дапамагаюць бацькам наводзіць прыгажосць у роднай мясцінцы.

Увогуле, у кожную з 15 сотак участка тут укладзена шмат фантазіі, шмат душы і, вядома ж, працы. Адных толькі любімых кветак гаспадыні — руж — тут 70 кустоў! А калі дадаць да іх яшчэ рознакаляровыя пера-лівы цюльпанаў, петуній, півонь, гваздзікоў, цыній і многіх іншых кветак, кожная з якіх цвіце ў свой час і стварае кветкавы дыван ад ранняй вясны да позняй восені, то становіцца зразумелым, чаму ад сядзібы Мікалайчыкаў так доўга не хочацца адводзіць позірк, радуючыся выніку працы добрых гаспадароў.

Рисунок3

Усё жыццё працуюць у СВК “Гарадзея” Віктар Цімафеевіч і Алена Вячаславаўна Жодзік, гаспадары дома №25 па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Новая Лысіца, які заняў другое месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Гарадзейскім сельскім Савеце за 2016 год.

Як расказала ў нашай гутарцы Алена Вячаславаўна, у сваім доме яны жывуць параўнальна нядаўна — 8 гадоў, але за гэты час пастара-ліся добраўпарадкаваць свой немаленькі участак (а гэта 40 сотак) найлепшым чынам, адну палову адвёўшы на кветкі, дрэвы і газон, а другую — на агарод. Да працы на зямлі прывучаны і іх дзеці — ужо дарослыя Андрэй і Марыя і маленькі Саша, якому зараз ідзе пяты гадок. У Андрэя ўжо ёсць свая сям’я, і Алена Вячаславаўна з задавальненнем дзеліцца сваімі кветкамі з нявесткай, якая таксама вельмі іх любіць. А Саша ўжо праяўляе сябе як выдатны мамін памочнік і будучы ландшафтны дызайнер: палівае кветкі і падкорм-лівае іх так, як скажа і пакажа мама, а самае галоўнае — падае ідэі, як што зрабіць, напрыклад, уладкаваць клумбу ў выглядзе сонейка, бо на ёй так будуць лепш глядзе-цца жоўтыя кветачкі.

— Мне так падабаецца, калі кветачка ўсміхаецца! А як пахне! — гаворыць маме маленькі садавод і яшчэ больш стараецца парадаваць сваіх зялёных сябровак, а яны адказваюць яму за клопат пышным цвіценнем і цудоўным водарам. Алена Вячаславаўна, дарэчы, вельмі любіць духмяныя кветкі, асабліва лілеі, і іх вельмі шмат на яе ўчастку.

— Кожная кветка прыгожая па-свойму, — гаворыць яна. — Клематысы, астры, флёксы, лаватэра — усяго і не пералічыш, што ў нас расце. І мы іх любім усе, усімі захапляемся.

Увогуле галоўны прынцып гэтай дружнай сям’і — адзінства і ўзаемадапамога. Віктар Цімафеевіч сваімі рукамі з фанеры і выкарыстаных шын робіць фігуркі, якія ўпрыгожваюць участак, Алена Вячаславаўна “загадвае” кветкамі, а полюць клумбы і агарод усе разам.

— Я вельмі люблю працаваць на зямлі, — сказала ў завяршэнне нашай гутаркі мая суразмоўца. — Люблю сваю гаспадарку, сваю вёску, свае кветкі. А як пяюць салаўі, калі а палове пятай едзеш на ферму! Гэту цішыню і прыгажосць нічым нельга замяніць. І так хочацца, каб родная зямля была самай цудоўнай, самай прыгожай!

Да гэтага жадання, напэўна, далучаецца кожны з нас. І кожны можа пачаць з сябе — са свайго дома, свайго ўчастка, які можа быць такім жа прыгожым, як і ў сям’і Жодзік з Новай Лысіцы.

Рисунок4

Яшчэ адзін яскравы прыклад вернасці роднаму кутку — сям’я Уладзіміра Вікенцьевіча і Валянціны Фёдараўны Абрамовіч, што жывуць у вёсцы Макашы па вуліцы Цэнтральнай, 13. Іх дому і ўчастку было прысуджана трэцяе месца ў раённым конкурсе на лепшую сядзібу па Гарадзейскім сельскім Савеце за 2016 год. Паважаныя гаспадары ўжо колькі гадоў знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Уладзімір Вікенцьевіч быў у мясцовай гаспадарцы вадзіцелем, а Валянціна Фёдараўна, прыехаўшы ў 1968 годзе на Янчыцкі ФАП маладым спецыялістам, так і адпрацавала там фельчарам. Сёлета 49 гадоў, як яны разам, і ўвесь гэты час так і жывуць у хаце, дзе нарадзіўся і вырас сам гаспадар, і якая стала роднай і для яго жонкі. Гэтыя сціплыя шчырыя людзі выгадавалі дзвюх дачок, якія падарылі ім чатырох унукаў, а тыя, у сваю чаргу, ужо і аднаго праўнучка.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Уладзімір Вікенцьевіч і Валянціна Фёдараўна даглядаюць свой дом і ўчастак найлепшым чынам: чысцюткі агарод, россыпы руж, лілей, касачоў, гваздзікоў, астраў і іншых шматгадовых і аднагадовых кветак пастаянна ўпрыгожваюць іх падворак. А з зеляніны выглядваюць садовыя скульптуры — і куплёныя, і створаныя рукамі гаспадара: лебедзі з пластыкавых бутэлек, карзіны з лазы пад кветкі.

Усё цудоўна атрымліваецца ў гэтых добрых людзей, нават экзатычныя кавуны растуць у адкрытым грунце і вырастаюць да 8 — 10 кілаграмаў на радасць і гаспадарам, і іх гасцям.

— Люблю, каб на агародзе не было лішняй зялінкі, — гаворыць з усмешкай Валянціна Фёдараўна. — Вось так паціху і корпаюся — то там прыбрала, то там падчысціла, дзе трэба, гаспадар дапаможа, глядзіш, усё і зладзілася. А сіл, як кажуць, родныя сцены дадаюць.

І з гэтым не паспрачаешся — сіл паважаным прызёрам раённага конкурсу яшчэ трэба шмат: наперадзе — 50-годдзе сумеснага жыцця і 80-гадовы юбілей Уладзіміра Вікенцьевіча. Дай Бог, як кажуць, за год прычакаць!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!